Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская вайна дапамагла Лукашэнку ўмацаваць пазыцыі ў Беларусі, — Карбалевіч


Аляксандар Лукашэнка на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Астане, Казахстан, 4 ліпеня 2024 году
Аляксандар Лукашэнка на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Астане, Казахстан, 4 ліпеня 2024 году

Сьцісла

  • Для Беларусі ад пачатку гэта «чужая вайна». Прычым, для ўсіх: грамадзтва, улады, апазыцыі.
  • Лукашэнка не ганарыцца статусам пасьлядоўнага саюзьніка Расеі, яму больш падабаецца роля міратворца.
  • Лукашэнка ўмацаваў свае пазыцыі ў краіне, дзякуючы вайне, прэзэнтуе сябе як гаранта міру.
  • Пагроза ўцягваньня Беларусі ў ваенны канфлікт ня зьнікла.

У гісторыю Расеі цяперашняя вайна супраць Украіны наўрад ці ўвойдзе як выбітная, гераічная старонка. Расейскія прапагандысты даводзяць, што гэтая вайна народная, айчынная.

Аднак у рэальнасьці яе вядзе фактычна наёмнае войска, бо вайскоўцы за ўдзел у вайне атрымоўваюць вялікія грошы. Прычым, чым далей ідзе вайна, тым больш губляецца яе сэнс.

Працяглая вайна без пэрспэктываў і сэнсу

Вайна Расеі супраць Украіны дасягнула новага рубяжа. Яна ідзе ўжо 1419-ы дзень. Гэта больш, чым вайна СССР з фашыстоўскай Нямеччынай, якая ў афіцыйнай беларускай і расейскай гістарыяграфіі атрымала назву Вялікай Айчыннай вайны і скончылася хутчэй — за 1418 дзён.

І тут цалкам лягічныя параўнаньні. Пагатоў што цяперашняя Расея прэтэндуе на статус нашчадка СССР. Тая даўняя вайна закончылася поўнай перамогай над ворагам. СССР меў моцных саюзьнікаў. Вынікам яе стаў рост міжнароднага ўплыву Савецкага Саюзу, ператварэньне яго ў звышдзяржаву.

Калі ацэньваць цяперашнюю вайну Расеі, то ёй супрацьстаіць ня толькі Ўкраіна, а фактычна ўся Эўропа. Афіцыйнымі саюзьнікамі Расеі зьяўляюцца толькі Беларусь і КНДР. Сьвет не падтрымаў РФ. Ідзе вайна на зьнясіленьне, канца якой ня бачна.

Відавочны парадокс паміж прапагандай, якую навязвае расейская ўлада, і рэачаіснасьцю

У гісторыю Расеі гэтая вайна наўрад ці ўвойдзе як выбітная, гераічная старонка. Можна параўнаць яе з савецка-фінскай вайной (1939–1940 гг.), якая ў народным уяўленьні ўспрымалася як ганебная («на той войне незнаменитой», — пісаў вядомы савецкі паэт Аляксандр Твардоўскі).

Існуе відавочны парадокс паміж прапагандай, якую навязвае расейская ўлада, і рэачаіснасьцю. Прапагандысты даводзяць, што гэтая барацьба носіць народны характар, яна, экзістэнцыяльная, на коне пытаньне выжываньня Расеі. Падчас тэлевізійных ток-шоу («Расія-1», «Першы канал») пастаянна гучаць тэзісы: «народ устаў», «гэта вайна ўсяго народа, а ня толькі арміі». У праграмах Уладзімера Салаўёва рэгулярна гучыць формула: «Гэта ўжо не СВА, гэта Айчынная вайна супраць Захаду».

Аднак афіцыйна гэта не называецца вайной, а толькі «спэцыяльнай вайсковай апэрацыяй», якую вядзе ў пэўнай ступені наёмнае войска (вайскоўцы за ўдзел у вайне атрымоўваюць вялікія грошы). Прычым, чым далей ідзе вайна, тым больш губляецца яе сэнс.

Чужая вайна

Для Беларусі ад пачатку гэта «чужая вайна». Прычым, для ўсіх: грамадзтва, улады, апазыцыі. Нават тая частка насельніцтва, якая падтрымлівае Расею, супраць удзелу Беларусі непасрэдна ў ваенных дзеяньнях. Краіна была ўцягнутая ў гэтую расейскую авантуру прымусам, насуперак сваёй волі. Паўгода зь беларускай тэрыторыі адбываліся атакі на Ўкраіну.

За іроніяй Лукашэнкі, хутчэй за ўсё, хаваецца горыч

Даволі паказальная пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі. Ён вымушана ўцягнуўся ў гэтую вайну, стаў пасьлядоўным саюзьнікам Расеі. Але зусім не ганарыцца сваім статусам. Кажа з іроніяй, што вось, маўляў, Беларусь называюць суагрэсарам. Але за гэтай іроніяй, хутчэй за ўсё, хаваецца горыч. Ён апраўдваецца. Маўляў, Расея выкарыстала тэрыторыю Беларусі бязь ведама і згоды кіраўніцтва Беларусі.

Прынцыпова тое, што Беларусь не даслала свае войскі ва Ўкраіну. Відаць, Лукашэнку неяк удалося пераканаць Пуціна гэтага не рабіць. Шмат казалі, што, маўляў, Расеі асабліва і ня трэба былі беларускія вайскоўцы, сваіх хапае. Але вось жа высьветлілася, што не хапае, давялося завозіць вайскоўцаў з далёкай Паўночнай Карэі, ігнаруючы цяжкасьці з камунікацыяй, мовай і інш.

Лукашэнку больш падабаецца роля міратворца. Ён увесь час прапануе Беларусь як месца перамоваў, прэтэндуе на месца мадэратара. Але разумее сваю ролю міратворца даволі спэцыфічна. Ён увесь час заклікае Уладзімера Зяленскага спыніць вайну на ўмовах капітуляцыі.

Лукашэнка — сумнеўны гарант міру

Аднак Лукашэнка ўмацаваў свае пазыцыі ў краіне, дзякуючы вайне. Сацыёлягі даводзяць, што ягоная грамадзкая падтрымка апошнімі гадамі вырасла. Ён успрымаецца часткова як палітык, які імкнецца пазьбегнуць непасрэднага ўцягваньня Беларусі ў актыўныя ваенныя дзеяньні — гэта адзін з элементаў ягонага іміджу ў грамадзкай думцы.

І гэта можна патлумачыць. З аднаго боку, працягвалася масавая эміграцыя зь Беларусі ў асноўным праціўнікаў існага рэжыму.

Лукашэнка прэзэнтуе сябе як гаранта міру на тле мілітарызацыі краіны

А зь іншага боку, калі ў рэгіёне востры крызіс бясьпекі, то насельніцтва інстынктыўна імкнецца знайсьці кропку апоры. І такой кропкай зьяўляецца ўлада, якая ні ёсьць. Бо другой няма. Страх уцягваньня ў вайну штурхае людзей да прымірэньня з уладай. Бо іншых рэальных варыянтаў проста няма. Тым больш, што сам Лукашэнка з дапамогай дзяржаўнай прапаганды прэзэнтуе сябе як гаранта міру, «мірнага неба над галавой», маўляў, пакуль я ва ўладзе, то краіна ня будзе ўцягнутая ў вайну. І ўсё гэта адбываецца на тле мілітарызацыі краіны, што асабліва заўважна ў сыстэме адукацыі.

Тым часам вайна ня толькі працягваецца, але адбываецца яе эскаляцыя. Буйныя гарады Ўкраіны часткова застаюцца без электрычнасьці. У любы момант да вайны могуць далучыцца іншыя краіны, пашырыцца яе маштаб. Пагроза ўцягваньня Беларусі ў ваенны канфлікт ня зьнікла. Калі з беларускай тэрыторыі нешта паляціць, ці, наадварот, сюды заляціць, то краіна можа апынуцца ў стане вайны, нават калі гэтага ніхто сьвядома не хацеў. Такая лёгіка вайны.

Вядома, што вайну лягчэй пачаць і цяжэй закончыць. Скрыня Пандоры адчыненая, і зачыніць яе будзе вельмі няпроста.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG