Летась у кастрычніку група беларускіх экспэртаў — палітоляг Арцём Шрайбман, эканаміст Зьміцер Крук, былы дыплямат Андрэй Бушыла і юрыстка-праваабаронца Кацярына Дзяйкала — прэзэнтавалі эўрапейскім дыпляматам дэталёвы аналітычны дакумэнт «Дарожную мапу ўзаемных крокаў для абмежаванай дээскаляцыі паміж Беларусьсю і ЭЗ». Дакумэнт прапануе мэханізм узаемных крокаў, дзе ў адказ на гуманітарныя і палітычныя саступкі з боку Менску Брусэль паступова прыпыняе санкцыі.
Што да рэакцыі беларускіх уладаў, аналітык сказаў, што ня ведае яе. Ён падкрэсьліў, што мае статус уцекача, які забараняе яму кантакты з уладамі Беларусі. Аднак ён лічыць, што ў Менску дакумэнт наўрад ці спадабаўся б — прадугледжаныя ў ім саступкі з боку Беларусі прадстаўнікі ўлады ўспрынялі б як зьневажальныя. Аднак Шрайбман адзначае, што ў беларускай уладзе ёсьць розныя людзі, таму рэакцыя магла быць неаднастайнай.
Паводле яго, рэакцыя розных плыняў дэмакратычных сілаў Беларусі была даволі прадказальнай.
«Ястрабінае» крыло (тыя, хто выступае за максымальны ціск і санкцыі) успрынялі дакумэнт адмоўна. Павал Латушка публічна крытыкаваў «дарожную мапу» чатырох беларускіх аналітыкаў. Шрайбман лічыць такую рэакцыю натуральнай, бо падыходы аўтараў дакумэнту адрозьніваюцца ад даміноўных у дэмсілах. Пры гэтым ён падкрэсьлівае, што аўтары не прапаноўваюць здавацца, забываць рэпрэсіі ці «перагортваць старонку» — іх патрабаваньні да афіцыйнага Менску даволі высокія.
Тыя прадстаўнікі дэмсілаў, якія прыхільна ставяцца да перамоваў і дыялёгу з афіцыйным Менскам, хутчэй падтрымалі прапановы чатырох аналітыкаў. Шрайбман паведаміў, што «дарожную мапу», распрацаваную ім з калегамі, перадалі Віктару Бабарыку, які зараз актыўна «наганяе» усё, што прапусьціў за час зьняволеньня.
У некаторых краінах ЭЗ прапановы беларускіх аналітыкаў былі ўспрынятыя станоўча. Шрайбман ня стаў называць гэтыя краіны, але паясьніў, што гэта не Вугоршчына. Пры гэтых ён дадаў, што прадстаўнікі балтыйскіх краінаў паставіліся да «дарожнай мапы» Шрайбмана-Дзяйкалы-Бушылы-Крука са скепсісам і крытыкавалі іх падыходы на прэзентацыях. Аднак Шрайбман не выключае, што стаўленьне можа зьмяніцца з улікам той гнуткасьці ў пытаньні транзыту беларускіх калійных угнаеньняў, якую апошнім часам дэманструе кіраўніцтва Літвы.
Форум