З амаль чатырох гадоў за кратамі палову тэрміну пэнсіянэрка Алена Гнаўк правяла ў ШЫЗА і ПКТ. Умовы ў баранавіцкім СІЗА № 6, дзе людзей трымаюць да суду, значна горшыя, чым у зарэцкай калёніі для жанчын-рэцыдывістак. Апавядаем гісторыю 68-гадовай актывісткі з Пружанаў.
Пружанская актывістка Алена Гнаўк, якой зараз 68 гадоў, правяла за кратамі 3 гады і 11 месяцаў — з 11 студзеня 2022 па 13 сьнежня 2025 году. У траўні 2021 году пэнсіянэрку асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» — паводле «народнага» 342-га артыкулу ў так званай «карагоднай справе» (кожныя выходныя пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Берасьці ладзілі «карагоды», за якія былі асуджаныя больш за 130 чалавек). Пасьля жанчыну судзілі яшчэ за «паклёп на прэзыдэнта» — сумарна атрымалася 3 гады абмежаваньня волі.
11 студзеня 2022 году Алену затрымалі і далі 15 содняў за парушэньне рэжыму «хатняй хіміі». Але на свабоду яна больш ня выйшла — завялі чарговую крыміналку паводле двух артыкулаў: 367 («паклёп на прэзыдэнта») і 369-1 («дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») — за ролікі, разьмешчаныя ў сацыяльных сетках.
17 чэрвеня 2022 году 65-гадовую пэнсіянэрку асудзілі на 3 гады і 6 месяцаў калёніі і штраф 3200 рублёў. Яна трапіла ў Гомельскую папраўчую калёнію № 4. Аднак увесну 2023 году з ініцыятывы адміністрацыі на спадарыню Гнаўк завялі трэцюю крымінальную справу — за «злоснае непадпарадкаваньне» адміністрацыі паводле артыкулу 411. І дадалі яшчэ год зьняволеньня. Такім чынам, агульны тэрмін, на які асудзілі Алену Гнаўк, — 4,5 года.
Памілаваньне за 2 месяцы да сканчэньня тэрміну
Апошнія два з паловай гады Алена Гнаўк правяла ў калёніі № 24 для жанчын-рэцыдывістак у пасёлку Зарэчча Рэчыцкага раёну. Толькі ў гэтай ўстанове яна 180 дзён адседзела ў ШЫЗА (штрафным ізалятары0 і 6 месяцаў у ПКТ (памяшканьні камэрнага тыпу). Больш за год Алену трымалі ў рэжыме інкамунікада, бяз сувязі з вонкавым сьветам.
На волю Алена Гнаўк павінна была выйсьці 21 лютага 2026 году, аднак яе памілавалі за 2 месяцы да поўнага адбыцьця тэрміну і выправадзілі ва Ўкраіну. Адтуль яна выехала ў Польшчу, апынулася ва Ўроцлаве і спрабуе наладзіць там новае жыцьцё.
Калі ўвосень 2025 году з дапамогай амэрыканскіх дыпляматаў вызвалілі вялікую групу палітвязьняў, астатнія таксама спадзяваліся на «вялікую ўгоду». Алена Гнаўк узгадвае, як яе запрасілі ў апэратыўны аддзел зарэцкай калёніі № 24 і задалі пытаньне, ці гатова яна ў разе вызваленьня выехаць за мяжу.
«Я зьдзівілася і перапытала: калі адкажу „не“, ці будзе гэты адказ уплываць, вызваляць мяне або не? Атрымала адказ, што, маўляў, не паўплывае. Натуральна, пацікавілася, колькі чалавек вызваляць і як доўга чакаць. Мне начальнік апэратыўнага аддзела адказаў, што наша вызваленьне будзе у дні прыезда Трампа у Эўропу для сустрэчы з Пуціным. І што плянуецца адпусціць на волю каля 50 чалавек. Але штосьці пайшло не так, і маё вызваленьне зацягнулася.
У канцы лістапада мяне чарговы раз пасадзілі ў ШЫЗА на 15 дзён. Падумала, што, магчыма, не даседжу: вызвалюся раней — з штрафнога ізалятару адразу на волю. Але адседзела да канца і прабыла яшчэ 3 дні ў атрадзе. У нас быў стары музычны цэнтар, у якім працавала толькі радыё. Увесь атрад быў на працы, заставаліся толькі так званыя „дамашнія“, што ня ходзяць на фабрыку — некалькі пэнсіянэраў, загадчык гаспадаркі. Чую я па радыё навіну, што Лукашэнка сустрэўся з спэцпасланьнікам Трампа Коўлам, і думаю: „Мой час прыйшоў“. Адразу некаторыя свае рэчы пакінула іншым асуджаным. А 22-й адбой, лягла спаць. Падыходзіць дзяжурны, кажа: „Ціха ўстаем, зьбіраемся і на выхад“», — узгадвае спадарыня Алена.
«Забралі ўсе паперы, лісты, копіі прысудаў»
З 24-й калёніі памілавалі двух чалавек — Алену Гнаўк і Вікторыю Кульшу, якой да асноўнага двухгадовага тэрміну 4 разы дадавалі па адным годзе паводле 411-м артыкулу — за «злоснае непадпарадкаваньне». Але на той момант Вікторыю вывезьлі ў СІЗА ў Гомлі для дачы нейкіх паказаньняў. Так што ўласна з Зарэчча Гнаўк вывозілі адну.
«Мяне вывелі з камэры, абшманалі, зрабілі ператрус рэчаў. Я надзела турэмную ружовую сукенку — хацела вынесьці яе для музэю. Але мне загадалі пераадзецца ў сваю вопратку. Так што сукенку мне не аддалі. І іншыя турэмныя сукенкі, строі, турэмны абутак, за які я заплаціла з уласнай пэнсіі, таксама не далі забраць. Я крыху паспрачалася: маўляў, напішу скаргу. Думала, мяне ўначы і выпусьцяць», — узгадвае падзеі месячнай даўніны спадарыня Алена.
Ёй выдалі пасьцель, але было не да сну, прызнаецца суразмоўца. А 7-й раніцы прынесьлі сьняданак, настрой быў узьнёслы, аднак і наастачу спрабавалі яго сапсаваць.
«Я ветліва папрасіла вывесьці мяне ў прыбіральню. А мне маладая кантралёрка кажа: прасіце „па дакладу, з поўным пералікам артыкулаў, экстрэмісцкага статусу“. Я адмовілася: маўляў, я ўжо вольны чалавек! Супрацоўніца калёніі ашалела, пачала патрабаваць, каб я дакладала „па форме“, камусьці тэлефанавала — нарэшце ўсё ж вывела. А палове на 11-ю па мяне прыйшлі, аддалі рэчы. Я пытаюся: „А дзе мае лісты, архівы, запісы, копіі прысудаў?“ „Паперы выносіць нельга!“ Я пачала тлумачыць, што гэта парушэньне закону. Але было зразумела, што яны выконваюць загад. Так што папераў мне наагул не аддалі. З калёніі я вынесла толькі маленькую кніжачку Новага запавету, якую мне падаравала адна з асуджаных, і я яе таксама захавала», — кажа суразмоўца.
Тры чалавекі з закрытымі тварамі пасадзілі жанчыну ў легкавік, надзеўшы кайданкі на рукі і закрыўшы вочы нейкім пакетам. Краем вока яна бачыла шматпавярховыя дамы, зразумела, што гэта Гомель.
«Я пачала гэтых ахоўнікаў прысаромліваць: маўляў, „я пэнсіянэрка, а вы закрываеце мне твар — чаго баіцеся?“ Прывезьлі ў нейкае поле, побач ускраек лесу. На паляне два вялікія аўтобусы, мяне пасадзілі першай, кайданкі зьнялі толькі ў аўтобусе. Пазьней прывезьлі іншых дзяўчат з гомельскай калёніі. Падвезьлі мужчын з закрытымі тварамі (у каго шапка на вочы насунутая, у каго балаклава — усе былі са зьвязанымі рукамі). Мне таксама надзелі нейкія плястыкавыя кайданкі. Але маску я з твару сарвала. Куды нас вязуць, мы ня мелі паняцьця. Думалі спачатку, што ў Вільню. Калі ўбачылі, што ва Ўкраіну, вельмі зьдзівіліся. Ужо на мяжы сустрэлася з Машай Калесьнікавай, зь якой мы ўвесну 2023 году сядзелі ў гомельскім ШЫЗА і на шпацыры маглі перакінуцца словамі», — узгадвае спадарыня Алена.
Цёплае стаўленьне ўкраінцаў
Вызваленых беларусаў ва Ўкраіне вельмі ўразілі разьбітыя дарогі, барыкады, павалены лес — роўненька ляжалі паваленыя ў адзін бок дрэвы. Алена Гнаўк расказвае, што калі ўжо ехалі ў Польшчу, жанчына запыталася ў супрацоўніка СБУ, які суправаджаў беларусаў, чаму дрэвы так роўна ляжаць. Той адказаў, што гэта пасьля ракетных удараў.
«Ва Ўкраіне да беларусаў паставіліся вельмі цёпла, прыязна, многіх прынялі наагул без пашпартоў. Адразу прыйшлі лекары, запыталіся, хто на што скардзіцца. Супрацоўнікі СБУ таксама запыталіся, што найперш патрэбна. Мы сказалі, што сувязь — тэлефоны, каб набраць родных. Прыйшлі валянтэры „Вясны“, дапамаглі знайсьці кантакты маіх дзяцей. Бо год я правяла ў рэжыме інкамунікада, у мяне не было кантактаў. Нам прывезьлі тэлефоны, адзеньне — вялікі ім дзякуй! Я вельмі кранутая такім цёплым стаўленьнем украінцаў, проста да сьлёз!» — прызнаецца Алена.
Зь беларусамі працавалі валянтэры, пыталіся, куды яны далей хочуць ехаць. Людзі не маглі вызначыцца, спачатку размова ішла пра Вільню.
«Прадстаўнік СБУ агітаваў за Літву, казаў, што Трамп нам аплаціў перабываньне ў Вільні, нас там чакаюць. Валянтэрка Алена раіла ехаць у Польшчу — маўляў, там лепш ставяцца да эмігрантаў. Я ня ведаю, як праходзілі перамовы. Але бальшыня — каля 90 чалавек — нарэшце паехала ў Польшчу, у Літву менш за 20 чалавек. Нас цёпла сустрэлі ў Варшаве, разьмясьцілі ў гатэлі. І праз дні чатыры многіх разьвезьлі па гарадах. Я паехала ва Ўроцлаў, дзе жыве мая малодшая дачка Аляксандра. І цяпер за кожным чалавекам замацаваны валянтэр, які дапамагае ва ўсім. Дакумэнты на міжнародную абарону мы ўжо падалі.
Амаль чатыры гады ў калёніі ў мяне не балелі зубы — я загадала свайму арганізму не хварэць. А ў першы дзень на волі забалеў зуб. Са мной ужо зьвязаліся стаматолягі…» — кажа Алена.
Баранавіцкі СІЗА
Прайшоўшы некалькі ізалятараў часовага ўтрыманьня і СІЗА (у тым ліку баранавіцкае, гомельскае, менскую Валадарку), экспэртызу ў РНПЦ псыхічнага здароўя ў Навінках, дзьве жаночыя калёніі, Алена як самы страшны сон узгадвае знаходжаньне ў баранавіцкім СІЗА № 6.
«Такіх скоцкіх адносінаў, як у Баранавічах, я нідзе не сустракала. Там быў менавіта псыхалягічны зьдзек. Мы знаходзімся ў СІЗА яшчэ ў статусе падазраваных, а нас ужо лічаць экстрэмістамі! Жоўтых бірак на грудзях няма, але на нарах такія біркі ўжо павесілі. Кожны дзень абыход: „жоўтабірачнікі“ павінны стаяць тварам да кантралёраў. Даклад: „я такая і такая, зьяўляюся падазраванай у справе, артыкул такі, на прафіляктычным уліку не стаю“. Але, напрыклад, была ў нас маладая жанчына Марына, ёй каля трыццаці. Яна гадоў у 15 рэзала сабе вены, у калёніі ўбачылі шнары на руках і загадалі ёй казаць, што яна схільная да суіцыду. А калі да „кармушкі“ падыходзіць, прабачце, „саплівая“ кантралёрка і па 10 разоў у дзень патрабуе ад Марыны паўтараць, што яна „схільная да суіцыду і наўмыснага калецтва“, тая пачынае вар’яцець», — кажа спадарыня Алена.
Гнаўк расказвае, што свой першы карцар (памяшканьне для пакараньня вязьняў СІЗА. — РС) яна атрымала на трэці дзень. «Палітычных» заўсёды «сялілі» на другі паверх нараў, не зважаючы на ўзрост. Адтуль 64-гадовая жанчына спусьцілася не імгненна, а на пару хвілін пазьней — пачакала, пакуль дзяўчына зь першага паверху засьцеле ложак. Кажа, што ніколі не забудзе гэты карцар.
«Да карцару з камэры 20 сэкундаў хады, але цябе вядуць па лябірынце пад зямлёй з рэчамі, у тапках па костачку ў вадзе. Я „адмярала“ час малітвай — малітва мая доўжыцца прыкладна 1 хвіліну, пасьпявала 6-7 разоў яе прачытаць па дарозе.
Карцар — „стакан“, нары прыкручаныя да сьцяны, а прыбіральня — на пастамэнце на мэтровай вышыні, вузкая, як тумбачка, туды залезьці амаль немагчыма. Я разумею, што ня здолею. Выйсьце адно — не хадзіць у прыбіральню, то бок ня есьці. І я адмовілася ад ежы. За гэта на мяне складаюць рапарт, дадаюць да „экстрэмісцкай“ яшчэ адну катэгорыю: „схільная да суідыцу і наўмыснага калецтва“. Ні адно знаходжаньне ў ШЫЗА ці ПКТ так доўга не цягнулася, як карцар у Баранавічах», — расказвае Гнаўк.
Як перакананая верніца, Алена адмовілася вымаўляць фразу «схільная да суіцыду» і атрымала зноў карцар. Сам СІЗА месьціцца ў вельмі старым будынку, кажуць, некалі там была стайня. Прыбіраць у маленькім карцары трэба было роўна 1 гадзіну і ні хвілінай менш.
«Ні анучы, ні шчоткі „не паложана“, была толькі туалетная папера. Прашу выдаць яршок, каб страшны ўнітаз памыць. Супрацоўнікі рагочуць: „Ага, зараз прынясём яршок“. Потым усё ж далі шчотку бяз ручкі. Падмяла сьмецьце, а яго няма куды падзець, кажуць кідаць ва ўнітаз і прапануюць унітаз мыць гэтай жа шчоткай. „Чаму сьцены не памылі?“ А чым іх мыць? Марудна мусолю падлогу, сьцены… Зноў атрымліваю карцар — за тое, што не прыбірала яго як сьлед, і так бясконца.
А пазьней мяне зьмясьцілі ў іншы карцар — з „эўрарамонтам“: выкладзены пліткай, з вакенцам, з прыгожым унітазам. Давалі на ноч пасьцельную бялізну. Днём я сядзела на ўнітазе і магла нават цягам адной гадзіны кніжку пачытаць», — узгадвае жанчына.
100 дзён у ШЫЗА, 3 месяцы ў ПКТ
Усяго Алена Гнаўк правяла ў карцары Баранавіцкага СІЗА 80 дзён. Потым быў суд у Пружанах паводле двух артыкулаў: «паклёп на прэзыдэнта» і «дыскрэдытацыя ўлады». Яна атрымала 3,5 года зьняволеньня і апынулася ў жаночай калёніі № 4 у Гомлі. Там правяла ўсяго 8 месяцаў, а зь іх 3 месяцы ў ПКТ і 100 дзён у ШЫЗА. Потым — новая крымінальная справа справа за «злоснае непадпарадкаваньне», яшчэ адзін суд, дзе пэнсіянэрцы дадалі год зьняволеньня. І перавод ў калёнію для рэцыдывістаў у Зарэчча.
Спадарыня Алена кажа, што розныя людзі працуюць у калёніях, Ёсьць больш-менш нармальныя, ёсьць такія, якія хочуць выслужыцца перад уладай і зьдзекуюцца з асуджаных.
«Выжывалі мы дзякуючы тым людзям, у якіх усё ж ёсьць чалавечыя якасьці, годнасьць, якія могуць часам заплюшчыць вочы на пэўныя моманты, каб не прычынць людзям лішні боль. Дык вось калі мяне праводзілі з ПК-4 у ПК-24, то казалі, што там рэжым лягчэйшы. Хоць гомельская калёнія для для „першаходаў“, а зарэцкая — для „рэцыдывістаў“, куды некаторыя па восьмым разе траплялі, па 30 гадоў турэмнага стажу мелі. Дарэчы, у ПК-24 я заўсёды спала на ніжніх нарах», — кажа пэнсіянэрка.
Яна дадае, што ў гомельскай калёніі № 4 былі ня дзьве праверкі ў дзень, а чатыры. «Жоўтабірачнікі» мусілі выходзіць на вуліцу і дакладаць па поўнай праграме.
«Мы чакалі ў холад да паўгадзіны, пакуль начальства прыйдзе і заслухае гэтыя нашыя доўгія даклады. А ў 24-й калёніі былі толькі дзьве праверкі ў дзень. Мы не выходзілі на вуліцу, а зьбіраліся каля „тумбачкі“ дзяжурнага», — называе перавагі больш жорсткай калёніі была палітзьняволеная.
І падсумоўвае: начальнік ПК-24 Дзьмітры Мікалаевіч Курловіч — больш адэкватны чалавек.
«Такіх зьдзекаў, як ў Гомлі, у Зарэччы не было. Нават калі да нас прыяжджала начальства, а я сядзела ў ШЫЗА ці ПКТ і ў мяне пыталіся пра скаргі, я казала: „Хачу выказаць падзяку начальніку ПК-24 Курловічу, бо была і ў „чацьвёрцы“, і тут. І калі мы прыйдзем да ўлады, начальства з 4-й калёніі будзем судзіць. Што да 24-й, магчыма, кагосьці здымем з працы, але да крымінальнай адказнасьці начальства прыцягваць ня будзем». Пытаюцца: «А чаму?» Адказваю: «Найперш за іх стаўленьне да хлеба. З сталоўкі гомельскай калёніі ні крошачкі хлеба нельга вынесьці. А наш беларускі народ да хлеба ставіцца як да сьвятыні. Калі я толькі трапіла ў карантын у 4-ю калёнію, была зьдзіўленая, што недаедзены хлеб трэба было выкідваць у сьметніцу. Нельга было ўзяць ні кавалачка (сабе на бутэрброд ці коцікам, якіх шмат на тэрыторыі). А з дазволу начальніка 24-й калёніі хлеб можна было браць з сабой — і гэта вялікая палёгка для тых, хто не атрымлівае перадачы», — кажа Алена Гнаўк.
Тым ня менш за два з паловай гады, праведзеныя ў папраўчай калёніі № 24 — зь ліпеня 2023 па 13 сьнежня 2025 году) — 180 дзён пэнсіянэрка правяла ў ШЫЗА і 6 месяцаў (нават крыху больш, чым у ШЫЗА) — у ПКТ. Да таго ж цэлы год яна знаходзілася ў рэжыме імкамунікада і нават ня ведала, што яе малодшай дачцэ Аляксандры ў 2024 годзе давялося празь перасьлед з трыма дзецьмі зьехаць зь Беларусі ў Польшчу.
Калі падсумаваць усе пакараньні, атрымліваецца, што з 3 гадоў і 11 месяцаў «адседкі» амаль палову тэрміну Алена Гнаўк правяла ў ШЫЗА і ПКТ.
Дапамога для беларусаў
Па адукацыі Алена Гнаўк юрыстка, скончыла Ўсесаюзны юрыдычны завочны інстытут (цяпер гэта Маскоўскі юрыдычны
ўнівэрсытэт імя Кутафіна), пазьней атрымала другую вышэйшую адукацыю — вучылася на факультэце міжнароднай эканомікі Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносінаў. З часоў перабудовы займалася праваабарончай дзейнасьцю. Разам з заснавальнікам праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім удзельнічала ў канфэрэнцыі расейскага «Мэмарыялу», была знаёмая з акадэмікам Андрэем Сахаравым.
Перад затрыманьнем Алена Гнаўк жыла ў Пружанскім раёне. У 2020-м езьдзіла на ўсе акцыі пратэсту ў Берасьце і Менск. У калёніях пісала шматлікія скаргі на ўмовы ўтрыманьня на імя генэральнага пракурора ды ў іншыя інстанцыі.
Апынуўшыся на свабодзе, Алена зьбіраецца змагацца за вызваленьне астатніх палітзьняволеных, рыхтаваць дакумэнты ў міжнародныя структуры. Яна таксама заклікае ўсіх ахвотных дапамагаць вызваленым, ахвяраваўшы на іх жыцьцё пасьля выдварэньня зь Беларусі.
«Усе мы чакаем вызваленьня ўсіх астатніх палітвязьняў — а іх у калёніях застаецца яшчэ больш за 1 тысячу. Людзей, хутчэй за ўсё, зноў будуць дэпартаваць. Іх неабходна будзе разьмяшчаць, дамагаць матэрыяльна. Я вельмі ўдзячная ўсім валянтэрам, добрым людзям за дапамогу. Асабліва беларускай суполцы Ўроцлава, а таксама гаспадарам шэлтэру, дзе прытулілі былых зьняволеных. Але спатрэбяцца новыя прытулкі, калі выйдзе новая група вызваленых, неабходна фінансаваньне», — перакананая Алена Гнаўк.
Форум