Прайшло дзевяць месяцаў з таго часу, як 23-гадовая гвінэйская жанчына Мар’ям Сума апошні раз бачыла сваю дзяўчынку Сабіну. Маці ў Гвінэі, а дачка — у дзіцячым доме ў Беларусі, піша AFP.
Некалькі месяцаў таму ўлады Беларусі дэпартавалі маладую маці-мігрантку на яе радзіму ў Заходняй Афрыцы безь дзіцяці, з словаў самой Мар’ям і праваабарончых групаў, якія заняліся яе справай.
Пасьля гэтых паведамленьняў сытуацыю асудзілі экспэрты ААН, праваабарончыя групы і гвінэйскія дыпляматы.
«Я прасіла іх не рабіць гэтага», — сказала Сума ў інтэрвію AFP у трушчобах сталіцы Гвінэі Канакры, праглядаючы ў сваім тэлефоне нядаўнія фатаздымкі Сабіны, якой у лістападзе споўніўся адзін год.
У спробе ўцячы ад галечы Сума праехала праз Афрыку, каб дабрацца да Беларусі, спадзеючыся адтуль трапіць у Эўразьвяз. Гэты міграцыйны маршрут стаў папулярным апошнімі гадамі, ЭЗ абвінавачвае рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў заахвочваньні мігрантаў спрабаваць трапіць у блёк празь Беларусь.
Як і многія іншыя, Сума трапіла ў аўтарытарную Беларусь па студэнцкай візе, атрыманай праз інтэрнэт.
«Я не хацела ехаць (у Эўропу) морам. Я паглядзела на мапу і ўбачыла, што Беларусь аточаная краінамі Шэнгенскай зоны».
Дачка пры нараджэньні мела 600 грамаў вагі
Выпрабаваньні Мар’ям пачаліся ў Беларусі, калі яна спрабавала падоўжыць візу. Зацяжараўшы ад гвінэйца, які зьехаў, каб паспрабаваць трапіць у ЭЗ, Сума нарадзіла больш чым на два месяцы раней за меркаваную дату родаў.
Калі Сабіна нарадзілася ў лістападзе 2024 году, яна важыла ўсяго 600 грамаў.
Яе тэрмінова даставілі ў рэанімацыю, дзе беларускім лекарам удалося яе выратаваць. Але неўзабаве пасьля гэтага, з словах Сума, ёй забаранілі бачыцца зь дзіцем, пакуль яна не аплаціць вялікія мэдычныя рахункі.
Пазьней яе пасадзілі ў турму за парушэньне міграцыйных правілаў і прымусілі сесьці ў самалёт без дачкі.
«Я сказала, што вярнуся толькі з сваім дзіцем. Я прасіла іх: калі ласка, проста дайце майму дзіцяці акрыяць, і я паеду зь ім дадому», — сказала Сума агенцтву AFP.
Пасьля дэпартацыі ў жніўні, з словаў Сума, ёй дазволілі два кароткія відэазванкі, каб пабачыцца з Сабінай, якая знаходзіцца ў менскім дзіцячым доме.
Што кажуць дыпляматы і праваабаронцы
Экспэрты ААН назвалі паведамленьні аб прымусовым разлучэньні «надзвычай трывожнымі». Пасольства Гвінэі ў Маскве, якое адказвае і за кантакты зь Беларусьсю, паведаміла AFP, што сочыць за гэтай справай зь «вялікай гуманітарнай заклапочанасьцю» і патрабуе «тлумачэньняў».
Амбасада заявіла, што Дзіцячы фонд ААН (UNICEF) у Беларусі , які паведаміў агенцтву AFP, што ня можа камэнтаваць асобных выпадкаў, ведае пра сытуацыю і можа дапамагчы арганізаваць «гуманітарную падтрымку» для дзіцяці.
Улады Беларусі не адказалі на запыт AFP аб камэнтары.
10 дзён хадзіла па Менску, шукаючы дачку
Спробы абмежаваць доступ Мар’ям да Сабіны пачаліся, калі яна аднаўлялася пасьля тэрміновага кесарава сячэньня.
«Ужо ў лякарні я спытала: „Як маё дзіця?“, і мне сказалі, што яно хворае і стамілася», — успамінае Сума.
Яна ведала толькі, што Сабіну перавялі ў іншую лякарню. Дзесяць дзён яна хадзіла па Менску, «шукаючы з раніцы да вечара», перш чым знайшла лякарню, у якой ляжала яе дачка, і стала штодня наведваць яе.
Пасьля таго, як Сабіну выпісалі з рэанімацыі і перавялі ў іншую лякарню, Сума выставілі рахунак за лячэньне на суму каля 33 000 даляраў.
Убачыўшы рахунак, «я ўзьняла рукі», — сказала яна. Потым ёй забаранілі сустракацца з Сабінай, пакуль яна не заплаціць.
Паводле Сума, мінулым летам жанчына ў лякарні паведаміла ёй, што Сабіну адпраўляюць у дзіцячы дом. Адначасова ўзмацнялі ціск іміграцыйныя службы. У ліпені яе пасадзілі ў турму за парушэньне іміграцыйных правілаў.
Група абароны правоў выгнаньнікаў Human Constanta, якая сочыць за правамі мігрантаў у Беларусі, раскрытыкавала жорсткую рэакцыю ўладаў, назваўшы правапарушэньне адміністрацыйным, а не крымінальным.
«Ім проста было ўсё роўна, і яны разлучылі маці і дзіця», — сказала Эніра Браніцкая з Human Constanta, назваўшы гэты працэс «маніпуляцыйным».
«Пагражаць маці тым, што ёй не аддадуць дзіця, вядома, незаконна», — сказала Браніцкая, бо афіцыйнага рашэньня аб пазбаўленьні Мар’ям бацькоўскіх правоў не было.
У турме, з словаў Сума, супрацоўнікі іміграцыйных службаў спрабавалі знайсьці яе родзіча, які мог бы аплаціць ёй квіток дадому.
Ніхто ня мог, і «ў кожным разе я б не паехала без свайго дзіцяці», — сказала Мар’ям.
Урэшце аднойчы, зь яе словаў, на яе надзелі кайданкі, адвезьлі ў аэрапорт, пасадзілі на рэйс у Стамбул і сказалі не вяртацца.
Мігранцкі крызіс 2021-2025. Асноўнае
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
- Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
- Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
- У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
- Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
- Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
- 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
- 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
- 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
- У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
- 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
- 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
- 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
- Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
- 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
- Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
- 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
- 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
- На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
- На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
- За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
- Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.
Форум