Белавеская пушча — вялізны лес на мяжы Беларусі і Польшчы плошчай 140 тысяч гектараў. З 1992 году ён уваходзіць у сьпіс Сусьветнай спадчыны UNESCO. Пушчу насяляюць зубры, рысі, алені, многія іншыя дзікія жывёлы.
Аднак сёньня Белавеская пушча апынулася ў цэнтры геапалітычнага супрацьстаяньня і міграцыйнага крызісу, піша DW.
У ліпені 2022 году Польшча завяршыла будаўніцтва 186-кілямэтровага плоту ўздоўж мяжы зь Беларусьсю. Мэталічная спаруда вышынёй пяць з паловай мэтраў з калючым дротам і камэрамі назіраньня праходзіць акурат празь Белавескую пушчу. Яе збудавалі, каб перадухіліць пранікненьне мігрантаў з краін Блізкага Ўсходу і Афрыкі ў Польшчу і Эўрапейскі Зьвяз.
Прэс-сакратар польскай памежнай службы Катажына Здановіч у камэнтары DW расказала, што на мяжы зь Беларусьсю дзяжураць да трох тысяч памежнікаў і салдатаў. Паводле яе, у 2024 годзе ўлады Польшчы зафіксавалі каля 30 тысяч спробаў незаконнага перасячэньня мяжы. Мігрантаў выкарыстоўваюць як зброю ў гібрыднай вайне, ініцыяванай Аляксандрам Лукашэнкам у адказ на санкцыі ЭЗ супраць Беларусі.
Узвядзеньне фізычнай мяжы праз Белавескую пушчу, дзе раней амаль не было чалавечай прысутнасьці, — гэта вельмі сур’ёзная траўма, — кажа дасьледніца Катажына Новак з Інстытуту дасьледаваньняў сысуноў Польскай акадэміі навук.
Праз год пасьля будаўніцтва плоту Новак і каманда польскіх і іншаземных вучоных пачала незалежнае 18-месячнае дасьледаваньне, каб ацаніць яго ўплыў на жывёлаў і расьліны. Выкарыстоўваючы фотапасткі, акустычныя сэнсары, вымяральнікі тэмпэратуры і сьвятла, а таксама адсочваючы сьляды на сьнезе, яны высьветлілі, што ўмацаваньне мяжы прывяло да многіх выпадкаў сьмерці жывёлаў, уключаючы рэптыліяў, птушак і зуброў, якія гінуць на дарогах.
У апублікаванай у сакавіку 2025 году справаздачы гаворыцца, што агароджа і калючы дрот траўмуюць жывёлаў і перашкаджаюць такім відам, як алені, ласі і ваўкі, перамяшчацца паміж дзьвюма краінамі. Паводле Новак, эўразійскія рысі на польскім баку, пазбаўленыя магчымасьці паляваць, харчавацца і размнажацца на больш прасторнай беларускай тэрыторыі, апынуліся пад пагрозай лякальнага зьнікненьня. Хоць у канструкцыі плоту прадугледжаныя вароты для праходу жывёлаў, іх ані разу не адчынялі, асьцерагаючыся, што імі скарыстаюцца мігранты.
Навукоўцы таксама адзначылі скарачэньне колькасьці жывёлаў паблізу мяжы і нэгатыўны ўплыў гукаў, такіх, як шум аўтамабіляў і стрэлы, на птушак уздоўж плоту.
Дасьледаваньне выявіла зьмены ў старажытнай экасыстэме Белавескай пушчы з прычыны актыўнасьці вакол плоту — прыкладам, там зьявілася 13 новых відаў расьлін з «патэнцыялам інвазіі». З словаў Новак, некаторыя зь іх, імаверна, занесьлі пры будаўніцтве, калі адбываўся інтэнсіўны рух тэхнікі.
У кастрычніку 2025 году Міжнародны зьвяз аховы прыроды (IUCN) прызнаў статус захаванасьці Белавескай пушчы «крытычным». Арганізацыя заявіла, што мяжа і зьвязаныя з ёй меры бясьпекі значна ўзмацняюць фрагмэнтацыю асяродзьдзя жыхарства і ціск на дзікую прыроду.
Навукоўцы прызнаюць, што пакуль недастаткова ведаюць пра магчымыя наступствы пабудовы агароджы на мяжы Польшчы і Беларусі. Часткова гэта зьвязана з тым, што польскі ўрад санкцыянаваў будаўніцтва без ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе.
У пісьмовым адказе DW адміністрацыя польскага Белавескага нацыянальнага парку, якая летась пачала маніторынг гібелі жывёлаў, заявіла, што «колькасьць сысуноў, якія пацярпелі ад плоту, вельмі малая, сьмяротныя выпадкі адбываюцца вельмі рэдка».
Форум