Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уладальнік барбэршопу аддаў ключы на тры дні». Як валянтэры дапамагаюць вызваленым палітвязьням


Сустрэча вывезеных зь Беларусі праз Украіну ў Польшчу палітзьняволеных. Варшава, 18 снежня 2025 году
Сустрэча вывезеных зь Беларусі праз Украіну ў Польшчу палітзьняволеных. Варшава, 18 снежня 2025 году

Валянтэры з Украіны і Польшчы расказалі, як і чаму дапамагаюць вызваленым і вывезеным палітвязьням.

Летась 13 сьнежня ў Беларусі вызвалілі больш за сто палітвязьняў і вывезьлі іх ва Ўкраіну. Праз некалькі дзён большасьць іх перавезьлі ў Польшчу, частку — у Літву, некаторых у Нямеччыну і Чэхію. Празь месяц пасьля вызваленьня яны жывуць у гатэлях або прытулках, некаторыя — у родных, якія раней выехалі за мяжу. Вызваленым дапамагаюць шэраг праваабарончых арганізацыяў і ініцыятываў, а таксама мноства валянтэраў. Побытавыя рэчы, адзеньне, абутак дагэтуль патрэбныя былым вязьням.

«Ім проста трэба было абдымацца»

Алена Жаркевіч з ініцыятывы «Сустрэча» расказала Свабодзе, што ў Чарнігаве беларускіх валянтэраў пусьцілі да палітвязьняў зь Беларусі ўвечары 14 сьнежня, то бок назаўтра пасьля таго, як групу з больш як ста чалавек вызвалілі і вывезьлі зь Беларусі ва Ўкраіну. Валянтэраў было чацьвёра, сярод іх былыя палітвязьняволеныя, якіх вызвалілі раней, і добраахвотнік, які ваяваў за Ўкраіну. На думку суразмоўцы, патрэбна было каля 20 валянтэраў, каб больш эфэктыўна дапамагаць такой вялікай групе.

Алена Жаркевіч
Алена Жаркевіч

Паводле Алены, валянтэры ініцыятывы «Сустрэча» дамаўляліся з гатэлем у Чарнігаве, каб вызваленых палітвязьняў засялілі туды. Яны жылі па некалькі чалавек у адным пакоі.

«Два паверхі нам далі, бо ў Чарнігаве ўсё перапоўнена ўкраінскімі валянтэрамі і вайскоўцамі, там амаль няма дзе жыць», — расказвае яна.

Раней мы расказвалі, што чацьвёра ўкраінцаў з кавярні «Праект» усю ноч гатавалі абеды ў дарогу для беларускіх палітвязьняў. Алена Жаркевіч расказала, што ў гатэлі таксама сабралі ежу ў дарогу для людзей, якія пераяжджалі ў Эўразьвяз. Яна адзначыла, што ніякая ежа не была лішняй, бо дарога доўгая.

Валянтэрка зазначае, што яны не маглі публічна сказаць, дзе знаходзяцца, калі дапамагалі палітвязьням.

«Мы нават тэлефоны ўсе здавалі. Адзінае, што я не магла ня зьняць, — як мы віншавалі з днём народзінаў адну дзяўчыну. Бо іх выпісалі з шпіталя, а назаўтра быў яе дзень народзінаў, і мы не маглі яе не павіншаваць. Гэта адзінае, што мы змаглі зьняць. Мы для іх падрыхтавалі пірожныя, торцік. Кажам: „Давайце павіншуем“. Яны ўсе сьпявалі», — успамінае яна.

Алена расказвае, што яна ведала адну палітзьняволеную, якая жыла ў ейным доме ва Ўкраіне, потым у Польшчы, а пасьля вярнулася ў Беларусь, паверыўшы праграме сілавікоў «Дарога дамоў». Суразмоўца кажа, што не пазнала яе, бо жанчына моцна зьмянілася ў зьняволеньні.

«Я была вельмі злая на яе, што яна паехала дадому. Але калі яе ўбачыла, то не змагла злавацца. Усё, што я магла зрабіць, гэта пайсьці купляць ім рэчы», — расказвае Алена.

Яна дадае, што людзі прыехалі амаль бяз рэчаў, без адзеньня, з тым, з чым іх выпусьцілі з турмаў. Хтосьці быў зусім лёгка апрануты, не пад надвор’е, у сланцах. Валянтэры купілі для іх пяцьдзясят куртак, шкарпэткі, камусьці спартовыя гарнітуры. Жаркевіч узгавае тлумачэньне адной з вызваленых: тая плянавала выходзіць на волю ўлетку, таму ў яе не было пры сабе цёплай курткі.

Суразмоўца адзначае, што за некалькі дзён ня ўсім пасьпелі купіць патрэбнае адзеньне — у тым ліку таму, што ва Ўкраіне ў крамах не працавалі банкаўскія карткі. Паводле Алены, большасьць вызваленых палітвязьняў спачатку ўвогуле не называлі, што ім патрэбна. Але ўжо на другі дзень сталі прасіць лекі, лінзы для вачэй, акуляры. Паўлу Севярынцу яна прывезла малітоўнік.

«Яны мне далі больш любові, цяпла, чым я ім. У першы ж дзень, калі мы прыехалі да іх у шпіталь, яны такія: „Можна мы будзем з вамі абдымацца?“ Ім проста трэба было абдымацца. Больш нічога», — успамінае Алена.

Былы добраахвотнік Віталь «Вітаўт» Лакотка, які таксама валянтэрыў у Чарнігаве, падкрэсьлівае, як вызваленыя людзі хацелі пагаварыць, расказаць пра сябе, пра тое, што яны перажылі.

Віталь Лакотка
Віталь Лакотка

«Хацелася даць ім трошкі цеплыні. Хацелася не зрабіць перакос у арганізацыйныя пытаньні і не забываць, дзеля чаго мы там былі — каб падтрымаць людзей і зрабіць іхны час там як мага лепшым», — кажа Віталь.

Валянтэры кажуць, што ўсе вызваленыя шмат дзякавалі за ўсё, ня скардзіліся, нягледзячы на тое, што перажылі. Яны гатавалі каву для валянтэраў, частавалі іх, чым мелі. Многім было складана наноў навучыцца карыстацца мабільнымі тэлефонамі, якія для іх прывезьлі.

«Калі яны заходзілі ў рэстарацыю паесьці, першае, што пыталіся: колькі часу нам адведзена на яду? Казалі, што першы раз (за доўгі час. — РС) убачылі відэлец, бо ў зьняволеньні ёсьць толькі лыжкі. Калі мы заходзілі да іх у нумар, шампуні прынесьці, гелі, яны адразу падрываліся, рукі за сьпіну. У гатэлі на першым паверсе ляжаў дыван. Калі іх аўтобусам прывезьлі, яны заходзяць і адзін за адным абыходзяць гэты дыван, каб толькі на яго не наступіць», — расказвае Алена.

Валянтэрка гаворыць, што калі група вызваленых палітвязьняў знаходзілася ў Чарнігаве, побач з гатэлем адбыўся прылёт «шахеда». Паветраныя трывогі гучалі часта. Трэба было спускацца ў бамбасховішча. Аднак Алена пачула ад некаторых былых вязьняў, што лепш перажываць ракетныя абстрэлы, чым быць ў беларускай турме.

«Яны шмат распытвалі, як жывуць украінцы. Былі зьдзіўленыя, што мы дапамагаем. Кажуць: „Алена, можа нам ня трэба пакуначкі, вы ж у дзіцячыя дамы езьдзіце, аддайце гэта ўкраінскім дзеткам“. Хтосьці прынёс гель для душу з турмы яшчэ, вільготныя сурвэткі, папрыносілі свае пакуначкі, кажуць: „Там бананчыкі ў нас ёсьць, аддайце дзеткам“. У іх нічога не было два, тры, пяць гадоў. І яны ўсё роўна думаюць пра іншых, а не пра сябе», — расказвае Алена.

«Уладальнік барбэршопу проста аддаў ключы на тры дні»

Праваабаронца і фэмактывістка Наста Базар далучылася як валянтэрка да ініцыятывы «Вольныя», каб стаць мэнтаркай для палітзьняволеных у Польшчы.

«У кожнага з палітзьняволеных ёсьць чалавек, да якога можна зьвярнуцца, нешта спытаць», — кажа Наста.

Наста Базар
Наста Базар

Яна расказвае, што ў першыя дні шмат валянтэраў вазілі вызваленых людзей, каб тыя падалі дакумэнты на міжнародную абарону, на мэдычныя абсьледаваньні, у крамы, дапамагалі выбіраць рэчы.

«Спачатку ў гатэль штодня прыходзілі юрысты і юрысткі. Валянтэркі былі ў гатэлі, дзе жылі палітвязьні, цэлымі днямі. Заўсёды нешта трэба было дапамагчы зрабіць. Друкавалі дакумэнты, запаўнялі анкеты на падачу. Зь імі ўвесь час былі людзі», — апавядае суразмоўца.

Наста ўспамінае, што калі сама паехала ў гатэль дапамагчы, адна з вызваленых жанчын спытала яе, дзе знайсьці альбом для маляваньня. Так валянтэрка зразумела, што пра нешта людзі не напішуць у анкетах, але могуць сказаць у асабістай размове.

«І так пачалося: некаму патрэбны паўэрбанк, некаму торба. Некаму важная цікавая запальнічка. Вельмі хочацца праз простыя рэчы вяртаць людзям адчуваньне радасьці, нармальнасьці», — тлумачыць яна.

Цэнтралізавана купілі дзесяць таномэтраў. Аднак потым выявілася, што дваім вызваленым вельмі патрэбныя гэтыя прылады, але яны не пасьпелі даведацца, што іх купілі.

«Людзей шмат, таму ня ўся інфармацыя да ўсіх даходзіць», — расказвае пра складанасьці дапамогі суразмоўца.

Каляжанка Насты, былая палітзьняволеная Марыя Бабовіч прапанавала арганізаваць для жанчын працэдуры догляду, расказвае актывістка. Яны сталі зьвяртацца да майстроў у сфэры прыгажосьці, каб тыя прынялі палітзьняволеных бясплатна або са зьніжкай. Да ініцыятывы таксама далучыліся былыя палітзьняволеныя Алана Гебрэмарыям, Вольга Рытус, вядоўца Марына Ментусава. Адна з майстроў манікюру напісала ў закрытыя прафэсійныя чаты, каб там знайсьці ахвотных дапамагчы.

Паводле Насты Базар, адгукнуліся ня менш за трыццаць майстрых і майстроў, ня толькі зь Беларусі, але і з Украіны. Усе вызваленыя жанчыны трапілі хаця б на адну працэдуру, а часам і на некалькі: манікюр, пэдыкюр, масаж твару, масаж цела, фрызура. І наведваюць працэдуры дагэтуль.

«Нехта прапаноўваў шэсьць месцаў на масаж твару, нехта — 12 месцаў на масаж цела, нехта прыняў пяць чалавек у цырульні, нехта дзесяць. Было шмат запытаў да касмэталягіняў і шмат запытаў мужчын і жанчын да падолягаў з праблемамі пазногцяў на нагах», — адзначае суразмоўца.

Яна дадае, што касмэтычныя салёны знайшлі час і прынялі шмат чалавек перад Новым годам, калі там найбольшая загрузка. Адзін масажыст прыехаў з сваім сталом проста ў гатэль і там прымаў ахвотных. Валянтэрка адзначае барбэра-беларуса, які працуе ў польскім барбэршопе і пастрыг за апошні месяц ужо каля 30 вызваленых мужчын.

«Ён хацеў стрыгчы ня там, а прыехаць некуды. Але калі ўладальнік гэтага барбэршопу даведаўся, каго той будзе стрыгчы, то проста аддаў ключы на Каляды на тры дні, сказаў: „Я тут прывёз шмат розных слодычаў“. І гэта мы яшчэ не выходзілі на польскі бок. Я ўпэўненая, што калі мы зьвернемся да палякаў і полек, то яны адгукнуцца. Проста да гэтага не дайшлі рукі», — расказвае актывістка.

«Дробязь накшталт губкі і сродку мыць посуд — пра знак увагі»

Яшчэ адзін кірунак дапамогі, у якім удзельнічае Наста Базар, — збор рэчаў і адзеньня для вызваленых людзей. Цяпер ува ўсіх палітзьняволеных ёсьць мэнтары ад ініцыятывы «Вольныя». Яны дапамагаюць людзям шукаць новае жытло, куды ім трэба будзе пераехаць з гатэлю ці прытулкаў. У здымныя кватэры звычайна трэба купляць посуд, пасьцельную бялізну, коўдры, падушкі, швабры. Таму абвесьцілі збор гэтых рэчаў, а таксама адзеньня і абутку, у сетках. Месца збору — Цэнтар беларускай салідарнасьці ў Варшаве.

Суразмоўца адзначае, што рэчаў прывезьлі вельмі шмат, але патрэба ў іх яшчэ застаецца. У ЦБС ужо прыяжджаюць вызваленыя людзі і выбіраюць сабе неабходныя рэчы, адзеньне. Наста кажа, што асабліва патрэбны зімовы цёплы абутак, бо многія яго ня маюць, а таксама мужчынскае адзеньне вялікіх памераў. Ёсьць запыт на вялікія дарожныя торбы і валізкі. Адна з вызваленых жанчын любіць пячы торты, і ёй бы прыдаліся качалка і формы для выпяканьня. Валянтэрка кажа, што людзі ўжо пытаюцца, як пераслаць рэчы ў Варшаву зь іншых польскіх гарадоў, і знаходзяць выйсьце — праз сыстэму паштаматаў.

«Гэта не пра тое, што „давайце цяпер аддаваць апошняе“. Гэта пра тое, што нават у эміграцыі мы абжываемся рэчамі, які з часам могуць быць непатрэбнымі. Калі маеце чым падзяліцца, гэта будзе супэр. Бо часам дробязь накшталт губкі і сродку мыць посуду — гэта не пра тое, што людзі ня могуць сабе самі купіць, а пра знак увагі і падтрымкі», — разважае яна.

Вызваленыя людзі маюць запыт на кнігі: на беларускай мове, на расейскай, на ангельскай — «Гары Потэра», на падручнікі польскай мовы.

Наста Базар падзялілася думкай, чаму варта ладзіць дадатковыя зборы грошай і рэчаў для вызваленых, калі для іх ужо сабралі больш за 260 тысяч эўра ў фондзе BySol. Яна адзначае, што на кожнага чалавека выходзіць крыху больш за 2 тысячы эўра.

Суразмоўца мяркуе, што гэтыя грошы варта патраціць на арэнду кватэры і на далейшае жыхарства, харчаваньне. Бо людзі яшчэ нейкі час — магчыма, некалькі месяцаў або нават паўтара году — ня будуць мець права афіцыйна працаваць і зарабляць, пакуль чакаюць рашэньня аб міжнароднай абароне.

«Тут пытаньне толькі добрай волі. Можна сварыцца, дзе грошы, а можна ўзяць і дапамагчы тут і цяпер», — мяркуе суразмоўца.

Наста кажа, што яна дапамагала палітзьняволеным па 5–12 гадзін на дзень як валянтэрка і не атрымлівала за гэта заробку. І яе чапляе, калі ў сетках яе папракаюць, быццам яна зарабляе на палітвязьнях або нават крадзе іхныя грошы.

«Мне няпроста было ў эміграцыі. Хочацца зрабіць нешта, каб жыцьцё людзей стала лепшым. Тое, чым я займаюся ўсё сваё жыцьцё і чым я хачу займацца, — гэта зьмяняць жыцьцё людзей да лепшага», — адказвае яна на пытаньне, чаму надалей дапамагае людзям.

Дзесяць камплектаў пасьцеляў ад Латушкі

Частка вызваленых у сьнежні палітвязьняў пасялілася ў беларускім шэлтэру ў Варшаве, які дзейнічае ўжо чатыры гады. Яшчэ на год арэнду дому аплаціў Міжнародны гуманітарны фонд (МГФ), расказала Свабодзе заснавальніца прытулку і кіраўніца фонду «Прытуляй мяне» Ганна Федаронак.

Алеся Буневіч і Ганна Федаронак
Алеся Буневіч і Ганна Федаронак

Аднак грошай на ежу для палітвязьняў у іх не было. Таксама Ганна адзначыла, што за чатыры гады ў прытулку знасіліся падушкі і коўдры. Аднак у сьнежні ў іх яшчэ не было рахунку юрасобы, і МГФ ня мог вылучыць ім грошы на побытавыя рэчы. Таму Ганна напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што ім патрэбная дапамога. Сталі адгукацца і тыя беларусы, якія калісьці жылі ў шэлтэры.

«Прывозілі прадукты, коўдры, пасьцельную бялізну ў добрым стане. Прывозілі мандарыны, цукеркі, агародніну, побытавую хімію, сродкі гігіены. Гэта было так да сьлёз кранальна», — кажа Ганна.

Прадукты прывозіў і грамадзкі актывіст з пратэстанцкай царквы Сяргей Мельянец, які арганізаваў у Варшаве харчовую дапамогу food4bel, дадае суразмоўца. Зь яе словаў, Павал Латушка замовіў дзесяць камплектаў пасьцельнай бялізны ад сябе асабіста, а віцэ-прэзыдэнтка Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой Марына Гірын прывезла посуд і пыласмок. Музыка Піт Паўлаў прапанаваў зрабіць для вызваленых людзей невялікі канцэрт. Беларус Дзяніс пастанавіў арганізаваць для палітвязьняў лазьню зь венікамі.

«Казаў, я папару ўсіх вашых — прывязу і завязу», — адзначае Ганна.

Ганна тлумачыць, што грошы, якія сабраў BySol, спатрэбяцца палітвязьням пазьней, на арэнду жытла. Паводле правілаў, яны могуць жыць у шэлтэры толькі два месяцы.

Яна ўспамінае, што яны разам з былой палітзьяволенай Алесяй Буневіч, цяперашняй адміністратаркай прытулку, рыхтавалі дом да прыезду новых людзей тры дні «ад ночы да ночы». Усяго ў доме зьмяшчаюцца 18-20 чалавек, па некалькі чалавек у пакоі. Яшчэ жылі і папярэднія жыхары. У доме адна кухня і два санвузлы. З новай групы вызваленых людзей яны спачатку прынялі восем чалавек.

«Мы стараемся зрабіць, каб ім было добра», — кажа заснавальніца прытулку.

У іх ёсьць склад адзеньня ў добрым стане, якое прывозілі людзі. Ганна адзначае, што адзеньне і побытавыя рэчы да іх можна прывозіць яшчэ. Калі будуць лішнія камплекты, прыкладам, пасьцельнай бялізны, то яны могуць аддаць яе людзям, якія пераяжджаюць на здымныя кватэры.

Ганна кажа, што раней іхні прытулак супрацоўнічаў з ByHelp. Тады яна працавала адміністратаркай шэлтэру і мела заробак. Цяпер яна не атрымлівае грошай за тое, што займаецца шэлтэрам. Мае іншую асноўную працу — прыбірае офісы, кватэры. Дадае, што можа займацца прытулкам дзякуючы свайму мужу, які працуе «дальнабойнікам» і аплачвае арэнду іхняй кватэры. Паводле яе, графік працы ў шэлтэры ненармаваны. Бывае, што працы там амаль няма, а бывае, трэба прыехаць позна ўвечары або на выходных.

«У суботы, нядзелі я ніколі не пляную сабе выходны, бо яго можа ня быць. Толькі ўлетку заўсёды пляную сабе дзесяць дзён, каб зьезьдзіць з мужам і дачкой на мора», — кажа яна пра свой рэжым.

Ганна прызнаецца, што думала гэтую справу кінуць, і ня раз.

«Я вельмі многа плакала, бо крыўдна, калі ты так працуеш, а цябе паліваюць брудам людзі, якім здаецца, што тут гранты, мільёны. Я кажу заўсёды: калі ласка, хто хоча на маё месца, запрашаю. Муж усё казаў: нашто табе гэта трэба? Ты працуеш, прыносіш у дом свой такі настрой, галосіш, жалісься, твае нэрвовыя клеткі не аднаўляюцца», — успамінае Ганна.

Яна прызнаецца, што вырашыла браць прыклад зь Сьвятланы Ціханоўскай.

«Я паглядзела, як трымаецца Сьвятлана Ціханоўская, колькі на ёй усяго, што яна „паўсюль ва ўсім вінаватая“, а яна трымаецца і сваю працу робіць. Таксама я вырашыла: не заўважаць, не зьвяртаць увагі, рабіць сваю працу», — кажа заснавальніца прытулку.

Яна дадае, што шэлтэр для яе ўжо больш чым праца.

«У мяне была ня раз думка, што трэба ўсё кінуць. А потым я падумала, што гэта ўжо родны дом, гэта маё дзіця, якое я зрабіла. Усё тут зроблена сваімі рукамі. Думаю, людзі зь Беларусі са мною на сувязі, едуць да мяне, я ж ім паабяцала. Як я магу так проста кінуць людзей», — прызнаецца суразмоўца.

За некалькі дзён адкрылі яшчэ адзін шэлтэр

Яшчэ адзін прытулак для вызваленых палітвязьняў у Варшаве арганізаваў у сьнежні музыка Сяржук Доўгушаў. Ён ужо меў досьвед арганізацыі падобнай прасторы — Дому творцаў, які за чатыры гады прыняў больш за 500 творчых людзей зь Беларусі. Розьніца ў тым, што Дом творцаў існуе на грошы пастаяннага партнэра. Каб арандаваць дом пад прытулак, Доўгушаў адкрыў збор і заклікаў беларусаў ахвяраваць.

«Настолькі моцная салідарнасьць. Усім удзячны», — кажа суразмоўца.

Сяржук Доўгушаў
Сяржук Доўгушаў

Яны аплацілі ўжо два месяцы арэнды дому. У месяц патрэбна 2070 эўра, а таксама трэба было заплаціць 3320 эўра закладу. Каб здымаць дом далей, Сяржук зьбіраецца пісаць заяўкі на гранты.

Ён адзначае, што яшчэ ўсё ж патрэбная пасьцельная бялізна, посуд. Гэтыя рэчы ахвотныя могуць перадаць у дом. Яны з валянтэрамі купілі адзеньне для палітвязьняў, якія там жывуць.

Доўгушаў тлумачыць, што знайшоў у канцы году дом, які здавалі ў арэнду. Запусьціў збор, за некалькі дзён убачыў, што ахвяраваньняў хопіць на першы час, і заключыў дамову з гаспадаром. Ён адзначае, што дамы бываюць сямейныя, утульныя — на 4-5 пакояў, зь вялікай заляй і садам (яны такія здымаюць і пад Дом творцаў, і пад шэлтэр), а бываюць з большай колькасьцю пакояў, падобныя да гостэляў, не такія ўтульныя, звычайна іх здаюць рабочым.

Цяпер у доме жывуць восем чалавек, усе мужчыны. Паводле правілаў, у гэтым шэлтэры таксама можна жыць два месяцы. Доўгушаў кажа, што ён у кантакце з заснавальніцай перашага беларускага прытулку Ганнай Федаронак. Чаргі пажыць у шэлтэры ўжо чакаюць іншыя палітвязьні.

Цяпер асноўная патрэба гэтых людзей — знайсьці працу, адзначае Сяржук.

За тое, што ён займаецца шэлтэрам, музыка не атрымлівае грошай. Кажа, нават ня думаў пра гэта.

«Я зарабляю тым, што раблю вялікі калядны тур у ЗША», — тлумачыць ён.

На пытаньне, навошта яму гэта трэба, ён усьміхаецца, што тое ж пытаньне яму адразу задала і жонка.

«Я ўключыўся, бо хацелася дапамагчы. Я разумею, як гэта функцыянуе, што трэба, каб гэты дом запусьціўся. У нас былі мэбля, ложкі, пасьцельная бялізна. Праблема была толькі ў фінансах, якія трэба было хутка знайсьці», — тлумачыць Сяржук.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG