Уладзімір Пуцін выпусьціў указ аб частковай мабілізацыі ў Расеі на поўнамаштабную вайну, якую Расея пачала 24 лютага 2022 году і назвала гэта «спэцапэрацыяй».
«Мабілізацыйныя мерапрыемствы пачнуцца ўжо сёньня. Даручаю кіраўнікам рэгіёнаў аказаць усё неабходнае садзейнічаньне кіраўнікам камісарыятаў», — заявіў Пуцін.
Акрамя прыцягненьня рэзэрвістаў, дакумэнт уключае асобны пункт — дзейныя кантракты аб праходжаньні вайсковай службы нельга будзе разарваць да заканчэньня частковай мабілізацыі, напісана ва ўказе. Такім чынам расейскія ўлады фактычна пазбавілі кантрактнікаў магчымасьці пакінуць зону баявых дзеяньняў і абавязваюць іх ваяваць далей.
20 верасьня Дзярждума РФ у другім чытаньні прыняла папраўкі да Крымінальнага кодэксу, у якіх уводзяцца паняцьці «мабілізацыя», «ваеннае становішча» і «ваенны час». Плянуецца караць за добраахвотную здачу ў палон і самавольнае пакіданьне часьці ў пэрыяд баявых дзеяньняў. Гэтыя «правіны» будуць карацца пазбаўленьнем волі на тэрмін да 15 гадоў.
Пуцін назваў частковую мабілізацыю «неабходным неадкладным крокам па абароне сувэрэнітэту, бясьпекі і тэрытарыяльнай цэласнасьці» Расеі. У сваім звароце ён таксама заявіў, што «мэта Захаду — аслабіць, разьяднаць і зьнішчыць» Расею.
«Яны ўжо наўпрост гавораць аб тым, што ў 1991 годзе змаглі раскалоць Савецкі Саюз, а цяпер прыйшоў час і самой Расеі, што яна павінна распасьціся на мноства рэгіёнаў і абласьцей, якія сьмяротна варагуюць паміж сабой», — адзначыў ён.
З заявы Пуціна таксама вынікае, што прызываць на вайсковую службу належыць толькі тых грамадзян, якія знаходзяцца ў запасе, і найперш тых, хто праходзіў службу ў шэрагах Узброеных сіл, мае пэўныя вайсковыя спэцыяльнасьці і адпаведны досьвед.
Ураду, Мінабароны дадзены даручэньні «ў поўным аб’ёме і ў найкарацейшы тэрмін» вызначыць прававы статус добраахвотнікаў і байцоў «ЛНР» і «ДНР». Ён павінен быць такі самы, як у кадравых вайскоўцаў, у тым ліку што да мэдычнага забесьпячэньня, сацыяльных гарантый.
У сваім выступе Пуцін прыгразіў выкарыстаньнем ядзернай зброі.
«Хачу нагадаць, што наша краіна таксама валодае рознымі сродкамі паражэньня, а па асобных кампанэнтах і больш сучаснымі, чым у краін NATO. Пры пагрозе тэрытарыяльнай цэласнасьці нашай краіны, для абароны нашай зямлі і нашага народу мы безумоўна выкарыстаем усе неабходныя сродкі для іх абароны. Гэта ня блеф. А тыя, хто будуць шантажаваць нас ядзернай зброяй, павінны ведаць, што ружа вятроў можа разьвярнуцца і ў іншы бок», — заявіў Пуцін.
Таксама Пуцін паабяцаў, што Расея прыкладзе ўсе намаганьні, каб правесьці рэфэрэндумы на захопленых украінскіх тэрыторыях.
Указ аб мабілізацыі абмяжоўвае выезд з Расеі для тых, хто стаіць на вайсковым уліку
Пра гэта гаворыцца ў артыкуле 21 расейскага закону «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі».
«Грамадзянам, якія стаяць на вайсковым уліку, з моманту абвяшчэньня мабілізацыі забараняецца выезд зь месца жыхарства без дазволу вайсковых камісарыятаў, фэдэральных органаў выканаўчай улады, якія маюць запас».
Заявы Пуціна і міністра абароны Сяргея Шайгу чакалі ўвечары 20 верасьня, але тады яна не адбылася. Зь невядомай прычыны звароты перанесьлі.
Шайгу: у Расеі мабілізуюць на вайну 300 тысяч рэзэрвістаў
21 верасьня Шайгу адзначыў пазыцыю Расеі: «Мы ваюем ужо ня столькі з Украінай, колькі з калектыўным Захадам».
Ён заявіў, што страты расейскага войска ў вайне ва Ўкраіне складаюць 5937 чалавек. Пры гэтым страты ўкраінцаў Шайгу ацаніў у 100 тысяч чалавек: 61 207 загінулых і 49 368 параненых. Украінскі бок сьвярдждае, што страты Расеі ў вайне склалі больш за 55 тысяч чалавек.
Паводле Шайгу, людзей, якія падпадаюць пад крытэры мабілізацыі, амаль 25 млн чалавек.
«Ні пра якую мабілізацыю і прызыў студэнтаў ВНУ гаворкі не ідзе — няхай сабе спакойна ходзяць на заняткі», — сказаў Шайгу. Паводле яго, у Расеі мабілізуюць на вайну 300 тысяч рэзэрвістаў.
Напярэдадні пра намер Пуціна скончыць вайну заяўляў прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган, які нібыта зразумеў пляны Пуціна на нядаўняй сустрэчы.
Антываенны камітэт Расеі, у які ўваходзяць былы палітвязень Міхаіл Хадаркоўскі, прадпрымальнік Яўген Чычваркін і іншыя апазыцыйныя прадстаўнікі грамадзкага сэктару, заявіў пра намер падтрымаць усіх расейцаў, якія будуць ухіляцца ад мабілізацыі, здавацца ў палон ці пераходзіць на бок Украіны.
Камітэт таксама заклікаў міжнародную супольнасьць аказаць Украіне ўсёабдымную вайсковую і эканамічную дапамогу для абароны свайго сувэрэнітэту.
«У цяперашняй сытуацыі толькі хутчэйшы разгром пуцінскіх войскаў на полі бою прывядзе да завяршэньня вайны і спыненьня энэргетычнага і ядзернага шантажу», — адзначаецца ў заяве.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Ад пачатку паўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі як найменей 34 беларусы, якія змагаюцца за яе незалежнасьць.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- Паводле звестак ААН, у выніку паўнамаштабнай вайны каля 8 мільёнаў жыхароў Украіны сталі ўцекачамі.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- За шэсьць месяцаў вайны Расея змагла акупаваць каля 20% украінскай тэрыторыі. У сакавіку 2022 году плошча акупаваных зямель даходзіла да 30%. Аднак у канцы месяца расейскія войскі адступілі з поўначы Ўкраіны, а таксама з большай часткі Харкаўскай вобласьці. На канец жніўня цалкам акупаванымі былі Крым, Луганская і Херсонская вобласьці. А таксама 50% тэрыторыі Данецкай вобласьці, каля 70% Запароскай, прыкладна 30% Харкаўскай.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
- Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
- У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў