Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі ў Лукашэнкі сваіх грошай — меркаваньне Арцёма Шрайбмана


Аляксандар Лукашэнка, Мікалай Лукашэнка, Пётр Пракаповіч ў сховішчы золата Нацыянальнага банку. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, Мікалай Лукашэнка, Пётр Пракаповіч ў сховішчы золата Нацыянальнага банку. Архіўнае фота

У праграме «ПіК Свабоды» палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман разважае, ці Лукашэнка — нэасавецкі лідэр ці падобны на кіраўнікоў цэнтральнаазіяцкіх краінаў кшталту Карымава і Назарбаева.

На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка зрабіў сэрыю замежных візытаў — М’янма, Аман, Альжыр, ізноў Аман. Загадкавыя абставіны візыту ў Аман спарадзілі меркаваньні, што ён паехаў туды, каб дамаўляцца пра захаваньне грошай — сваіх асабістых і сваёй сямʼі.

Так гэта ці не — невядома, але ёсьць больш канцэптуальнае пытаньне. Лукашэнка, калі прыходзіў да ўлады, выглядаў як нэасавецкі лідэр. Кіраўнікі СССР у пэўным сэнсе валодалі ўсім, што было ў Савецкім Саюзе. Але зь іншага боку, асабістага багацьця, прыватнай уласнасьці, у іх практычна не было. Лукашэнка — ён нэасавецкі, ці ён сапраўды багач?

Арцём Шрайбман мяркуе, што фундамэнтальныя ўяўленьні беларускага лідэра пра ўласнасьць застаюцца нязьменнымі цягам апошніх 31 году. На думку аналітыка, Лукашэнка ўспрымае краіну як сваю асабістую гаспадарку — нешта накшталт калгасу, якім ён кіруе аднаасобна. Гэтае разуменьне ня зьведала радыкальных зьменаў, хоць апэтыты, уключаючы фінансавыя інтарэсы сямʼі, маглі ўзрасьці з з цягам часу.

Шрайбман адзначае зрухі ў публічным вобразе Лукашэнкі. У 1990-я гады ён актыўна культываваў імідж простага хлопца. Сёньня гэты вобраз часткова захоўваецца: Лукашэнка ўсё яшчэ можа зьяўляцца ў немудрагелістым адзеньні, зьбіраючы гародніну на сваім участку. Аднак элемэнты раскошы сталі больш прыкметнымі і дысануюць з вобразам нэасавецкага лідэра.

Белы шпіц, які бегае па стале, машыны прэміюм-клясы, дарагія строі — усё гэта паказвае на тое, што Лукашэнка больш не імкнецца акцэнтаваць сваю «беднасьць». Але ён і не пазыцыянуе сябе як султана, які патанае ў золаце.

Аналітык сумняецца, што буйныя актывы аформлены наўпрост на імя Лукашэнкі ці ягоных дзяцей. У эпоху, калі заходнія разьведкі могуць раскрыць і абнародаваць такую інфармацыю, пераважныя схемы апасродкаванага валоданьня — праз сяброў або ляяльных асоб. Шрайбман упэўнены, што ў сямʼі Лукашэнкі нямала такіх актываў, якія былі раскіданыя па розных краінах. Аднак ён ставіць пад сумнеў, што гэта асабістыя «ашчаджэньні на старасьць».

Лукашэнка не дэманструе жаданьня пайсьці на пэнсію. Для яго дзяржава — гэта яго ўласнасьць, дзе наяўнасьць асабістых рахункаў — другасная. Чальцы сямʼі Лукашэнкі, на думку Шрайбмана, могуць мець іншы падыход: яны будуць жыць і пасьля яго, і яны, імаверна, больш заклапочаныя захаваньнем актываў. Лукашэнка часта падкрэсьлівае, што ўсе раскошы — ад самалётаў да палацаў — дзяржаўныя, а не асабістыя. «Гэта падарунак дзяржаве, наступны прэзыдэнт будзе гэтым распараджацца», — прыводзіць Шрайбман аргумэнт Лукашэнкі.

Ва Узьбекістане пасьля сьмерці Іслама Карымава ў яго дачкі адабралі прыватную ўласнасьць. У Казахстане новыя ўлады «патрашылі» клян Назарбаева, канфіскуючы актывы ў яго сваякоў.

Шрайбман мяркуе, што аналягічны лёс чакае клян Лукашэнкі пасьля яго сыходу — незалежна ад таго, ці будзе новая ўлада дэмакратычнай або аўтарытарнай. Актывы могуць быць запісаныя на «віялянчэлістаў» накшталт Ралдугіна пры Пуціне, але гэта не выратуе ад «разборак па паняцьцях». Новая эліта можа проста адабраць кампаніі, вядомыя як падкантрольныя Лукашэнку, ігнаруючы фармальныя дакумэнты. Шрайбман кажа, што Лукашэнка сам 31 год ствараў сыстэму «прававога бязьмежжа», дзе правілы гульні вызначаюцца не законам, а свавольствам. Чаму гэтыя правілы зьменяцца пасьля яго сыходу? Аналітык лічыць, што Лукашэнка ўсьведамляе рызыкі для сваёй сямʼі. Аднак «бязьмежжа» ня скончыцца з яго адстаўкай — яно стане інструмэнтам супраць яго ж спадчыны.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG