У праграме «ПіК Свабоды» Юры Дракахруст абмяркоўвае вынікі тыдня з палітычным аналітыкам Арцёмам Шрайбманам.
Таксама ў праграме гучаць меркаваньні Валера Кавалеўскага, Валера Карбалевіча, Рыгора Астапені і Паўла Казанецкага.
0:00 Калі і як вырашыцца канфлікт паміж Літвой і Беларусьсю
14:45 Навошта Лукашэнку Аман, М'янма, Алжыр
28:18 Апошняе апытаньне Chatham House: калі беларусы захочуць у Эўропу
34:50 Польскі экспэрт Павал Казанэцкі пра тое, чаму Эўропа страціла Беларусь
— Арцём, урад Літвы рыхтуецца да абвяшчэньня экстрэмальнай сытуацыі праз балёны з Беларусі. Балёны працягваюць ляцець у Літву, працягваюць перашкаджаць працы Віленскага аэрапорту. Больш за тысячу літоўскіх грузавікоў беларускія ўлады затрымліваюць у краіне, выстаўляючы велізарныя рахункі за стаянку.
Эўрапейскі рэдактар нашай мэдыякарпарацыі Рыкард Юзьвяк паведамляе, што Эўразьвяз гатовы адгукнуцца на просьбы Вільні і ўвесьці адмысловы пакет санкцыяў адносна Беларусі за гібрыдныя атакі супраць Літвы. Паводле вашых зьвестак — ці рыхтуецца такі пакет? Ці можа ён вырашыць крызіс?
— Так супала, што на пачатку гэтага тыдня я быў у Брусэлі, якраз тады быў чарговы ўсплёск хваляваньняў наконт гэтых балёны, бо зноў быў закрыты Віленскі аэрапорт. Адзін з маіх суразмоўцаў, эўрапейскі чыноўнік, сказаў, што калі Лукашэнка хоча чарговы пакет санкцыяў, то ён робіць усё, каб арганізаваць сабе пазачарговы пакет. Нечарговай, таму што ідзе плянаваньне наступнага пакета санкцый супраць Расеі і па сумяшчальніцтве Беларусі, але зараз ён можа нарвацца на свой уласны індывідуальны пакет санкцый. Я думаю, што такая імавернасьць падвышаецца з павышэньнем градуса эскаляцыі.
Я не магу на 100% быць упэўненым, што Лукашэнка аддаў загад кантрабандыстам ці спэцслужбам: «Запускайце зараз балёны вось па такім графіку ў бок Віленскага аэрапорта». Таму што магчыма мы маем справу з памылкай таго, хто выжыў, пры аналізе гэтай сытуацыі. Гэта значыць бачым шмат спыненых балёнаў у Літве, у якой ёсьць моцныя сыстэмы адсочваньня, і не заўважаем балёнаў, якія ляцяць у іншых напрамках, бо некаторыя шары даляцелі ў Латвію. Сёньня была інфармацыя аб тым, што нейкі паветраны балён заляцеў у Польшчу. Гэта значыць балёны ляцяць ня толькі ў бок Віленскага аэрапорту. І акрамя таго, іх палёты вельмі залежаць ад напрамку ветру і ўмоваў надвор’я. Цяжка сказаць, наколькі гэта сапраўды кіраваны працэс, як той жа міграцыйны крызіс, дзе сапраўды нескладана перанакіраваць плыні мігрантаў проста па пстрычцы пальца.
Але той факт, што Менск не спыняе гэтыя палёты — гэта сурʼёзны раздражняльнік. Літва адкрыла мяжу, разьлічваючы, што гэта прывядзе да дээскаляцыі, у тым ліку і па пытаньні балёнаў. І тое, што Менск не спыняе гэтую практыку, гэта, вядома, сьвядомая эскаляцыя — тое, што гэтаму дазволена працягвацца. І, вядома ж, калі не атрымаецца дамовіцца па дыпляматычных каналах, праз амэрыканцаў, якія, відаць, рыхтуюць чарговы візыт Джона Коўла ў Менск, якія тады застануцца варыянты, акрамя сустрэчнай эскаляцыі? Іншая справа, што я абсалютна з вамі згодны, што незразумела, чаму чарговы пакет санкцыяў нешта прынцыпова памяняе ў паводзінах Менску. Абʼектыўна кажучы, засталося не так шмат сфэраў, у адносінах да якіх можна прыняць сапраўды балючыя меры, накшталт таго, што спрабавала зрабіць Польшча з перакрыцьцем чыгуначнага транзыту. Але нават гэта не прывяло да саступак Менску. У выніку Польшча сама адкрыла гэтую мяжу. І не факт, што Кітай умяшаўся ў гэтую сытуацыю менавіта на баку Польшчы.
Таму пытаньне аб эфэктыўных мэтадах хоць літоўскага, хоць агульнаэўрапейскага рэагаваньня — яно нетрывіяльнае. У мяне фантазіі, шчыра кажучы, не хапае прыдумаць нейкую цудадзейную санкцыю, якая магла б для Менску стаць Рубіконам, улічваючы ступень сёньняшняй залежнасьці беларускай эканомікі ад расейскай.
— Прэмʼерка Літвы Інга Ругінене правяла перамовы са спэцыяльным пасланьнікам у Беларусі прэзыдэнта ЗША Джонам Коўлам. Пазыцыя ЗША ў беларускім пытаньні — яна можа паспрыяць вырашэньню крызісу? Ці яна ўмацоўвае пазыцыю Лукашэнкі, маўляў, амэрыканцы са мной перамовы на палітычным узроўні вядуць, дык хай і літоўцы вядуць?
— Я думаю, што для Літвы ЗША — гэта на сёньня адзіная надзея вырашыць гэты крызіс без прынізьлівых саступак. Як будуць паводзіць сябе ЗША ў гэтай сытуацыі, я не ведаю, таму што з аднаго боку, сапраўды, ЗША наўрад ці разумеюць гэтую гігіенічную вытанчанасьць, зь якой Літва падыходзіць да адмовы ад кантактаў з Менскам. Для цяперашняй амэрыканскай адміністрацыі гэта ўвогуле незразумелы фармат размовы. Яны размаўляюць з усімі, ім паняцьце нелегітымнасьці наогул чужое. Хіба што для таго, каб ціснуць на непажаданых дыктатараў кшталту Нікаласа Мадура. І гэта не збліжае пазыцыі Вільні і Вашынгтона.
Зь іншага боку, я думаю, што і ў Коўла, і ў амэрыканскай дыпляматыі ў цэлым хапае разуменьня, што калі яны будуць выконваць функцыю лабістаў Лукашэнкі ў Эўропе і дазваляць Лукашэнку дзейнічаць такімі бандыцкімі мэтадамі — затрымліваючы грузавікі і дазваляючы кантрабандзе ляцець у Літву — то гэта даволі сумнеўнае задавальненьне. Атрымаецца, што яны спрыяюць разьвіцьцю крызісаў, заступаюцца за Лукашэнку, дапамагаюць яму вырашыць крызіс на сваіх умовах. Я не ўпэўнены, што гэта тое, да чаго гатовыя і Дзярждэпартамэнт, і нават Джон Коўл, блізкі да Дональда Трампа чалавек. Для мяне пакуль не вырашанае пытаньне, якую пазыцыю зоймуць ЗША. У іх ёсьць рычагі ўзьдзеяньня нават без сурʼёзнага ціску, яны могуць проста папрасіць Менск перастаць рабіць тое, што ён робіць, калі Менск зацікаўлены ў працягу дыялёгу. Я думаю, гэта быў бы важкі аргумэнт, магчыма, нават больш просты, чым спробы прымусіць Літву да зьневажальнай для яе размовы з Лукашэнкам ці з Рыжанковым.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум