«Моманты, якія даходзілі да абсурду»
У ЗША ўсё часьцей затрымліваюць беларусаў, якія зьехалі туды з палітычных матываў і трапілі ў бюракратычную пастку. Людзі знаходзяцца ў чаканьні прытулку. Іхныя справы мелі трапіць у суд адміністрацыйнай управы кантролю іміграцыі (EOIR) Міністэрства юстыцыі, але замест гэтага апынуліся ў Службе грамадзянства і міграцыі (USCIS). Разгляд справаў ідзе гадамі. А 21 студзеня 2025 году былі пашыраныя паўнамоцтвы Дэпартамэнту ўнутранай бясьпекі (Department of Homeland Security) ЗША ў пытаньнях паскоранай дэпартацыі. І цяпер людзей, што чакаюць легалізацыі, могуць дэпартаваць.
Асацыяцыя беларусаў Амэрыкі ведае паўтара дзясятка выпадкаў, калі беларусаў затрымлівалі і зьмяшчалі ў так званыя «дэтэншэны» (detention center — месца часовага ўтрыманьня. — РС), пакуль ня будзе вырашаны лёс імігранта: даваць яму палітычны прытулак ці не даваць.
Сузаснавальнік ініцыятывы byaction.org, сябра галоўнай ўправы Асацыяцыі беларусаў у Амэрыцы Глеб Івашкевіч тлумачыць, што з прыходам у ЗША да ўлады рэспубліканцаў іміграцыйная палітыка стала больш жорсткай.
«Часам здараліся моманты, якія даходзілі да абсурду. І беларусы, якія знаходзяцца ў ЗША легальна, у працэсе чаканьня палітычнага прытулку, сутыкнуліся з тым, што іх могуць зьмясьціць у detention (міграцыйную турму), а пасьля дэпартаваць.
Так было з экс-лідэрам незалежнага прафсаюзу „Беларуськалію“ Анатолем Бокунам, актывістам Артурам Сянько ды іншымі. Было ўжо прынамсі 4 пасьпяховыя справы, калі людзей удалося вызваліць — дзякуючы зладжаным дзеяньням Асацыяцыі беларусаў у Амэрыцы, нашай ініцыятывы, Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінэту. А некаторыя беларусы дагэтуль знаходзяцца ў дэтэншэнах», — нагадвае спадар Івашкевіч.
Свабода пісала пра беларусаў Артура Сянько і Анатоля Бокуна месяц таму. На пачатку лістапада амэрыканскія суды прынялі рашэньне адмовіць у дэпартацыі ў Беларусь і даць палітычны прытулак гэтым двум беларускім актывістам.
Артура Сянько, які з жніўня 2021 году жыве ў Нью-Ёрку, працуе ў сфэры мэдыцыны і чакае разгляду сваёй справы, затрымалі 15 жніўня ў Дэпартамэнце ўнутранай бясьпекі, куды ён прыйшоў на позву разам з адвакатам. Два з паловай месяцы ён правёў у міграцыйных лягерах. У пачатку верасьня ў «дэтэншэн» быў зьмешчаны Анатоль Бокун, адзін зь лідэраў страйкаму «Беларуськалію», які таксама чакае разгляду сваёй справы. Дзякуючы падтрымцы беларускай дыяспары, ініцыятыве byaction.org іх удалося вызваліць.
Мэты і задачы Byaction
Глеб Івашкевіч тлумачыць, што мэта Byaction — падтрымаць людзей у складаны пэрыяд і паспрыяць іх бясьпецы, стабільнасьці.
Ініцыятыва будзе працаваць у некалькіх ключавых накірунках:
- Маніторынг і аналітыка. Ініцыятыва адсочвае сытуацыю, зьвязаную зь беларускімі ўцекачамі і асобамі, якія шукаюць абароны ў ЗША, каб своечасова заўважаць рызыкі і пагрозы.
- Адрасная дапамога. Каманда аказвае падтрымку беларусам, якія ўцяклі ад перасьледу і знаходзяцца ў асабліва ўразьлівым становішчы — ад інфармацыйнай дапамогі да каардынацыі дзеяньняў, патрэбных у крытычных сытуацыях.
- Супраца зь юрыстамі і праваабаронцамі. Byaction падтрымлівае адвакатаў і праваабарончыя арганізацыі, якія працуюць з палітычнымі справамі беларусаў, дапамагаючы зьбіраць інфармацыю, асьвятляць праблемы і прыцягваць увагу да выпадкаў, якія патрабуюць тэрміновай рэакцыі.
- Тэрміновыя пратаколы. У сытуацыях, калі беларусам пагражае дэпартацыя або перадача рэжыму ў Беларусі, ініцыятыва запускае мэханізмы хуткага рэагаваньня, каб абараніць людзей.
«Многія наагул не разумеюць, што рабіць»
Стваральнікі ініцыятывы падкрэсьліваюць, што Byaction не займаецца праблемамі тых, хто знаходзіцца ў ЗША нелегальна, і не прадстаўляе людзей у судзе. Асноўная мэта ініцыятывы — дапамагчы ахвярам палітычных рэпрэсіяў займець бясьпеку, падтрымку і магчымасьць аднавіць нармальнае жыцьцё.
«Наша ініцыятыва стваралася для таго, каб „перакласьці“ досьвед валянтэрскай працы 2020 году, калі мы вялі сьпісы „Акрэсьціна“, дапамагалі адно аднаму, на амэрыканскі лад, каб нам было больш зразумела і прасьцей адсочваць затрыманых, дапамагаць ім, іхным сем’ям, рабіць усё, каб гэтыя людзі як мага хутчэй выйшлі з турмаў і атрымалі прытулак.
Многія затрыманыя нават ня ведалі, што мы пра іх так клапоцімся. І для нас гэта добры досьвед, бо разам з кожным чалавекам, які выйшаў з турмы, мы стараемся палепшыць мэханізм нашай працы», — апавядае Глеб Івашкевіч.
Ініцыятыва ўзаемадзейнічае з амэрыканскімі юрыстамі, з памочнікамі адвакатаў — яны займаюцца ўсёй папяровай працай: даведкамі, запаўненьнем формаў, а адвакаты выступаюць у судах.
«У нас ёсьць адвакаты ў розных штатах, і незразумелыя для нас справы, калі мы ня бачым, як можна выйсьці з сытуацыі, мы перадаем адвакатам. Пакуль ўсё гэта робіцца бясплатна», — кажа Івашкевіч.
Byaction кантактуе з органамі ўлады, паведамляе амэрыканскаму боку пра справы беларусаў, зьвяртаецца па дапамогу да сэнатараў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, супрацоўнікаў Дзяржаўнага дэпартамэнту.
«Я мяркую, што справаў будзе шмат, бо, кантактуючы зь беларусамі, заўважаю: многія наагул не разумеюць, што рабіць, або ў іх адвакаты нейкія дзіўныя, ці ў іх наагул няма адвакатаў. І даводзіцца ўсё гэта разблытваць», — кажа спадар Івашкевіч.
Форум