Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тысячы мужчын кінуць у мясарубку вайны». У Расеі абвясьцілі ўсеагульную акцыю пратэсту супраць абвешчанай Пуціным мабілізацыі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

21 верасьня раніцай прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра частковую мабілізацыю на вайну з Укріанай. Пазьней міністар абароны РФ Сяргей Шайгу паведаміў, што плянуецца мабілізаваць 300 тысяч рэзэрвістаў. Сабралі зьвесткі, як у Расеі адрэагавалі на гэтыя заявы.

Так, у сувязі з ранішнім рашэньнем Пуціна Рух «Вясна» аб’явіў усерасейскую акцыю пад назвай «Нет могилизации!».

Актывісты заклікалі жыхароў краіны выходзіць на цэнтральныя вуліцы расейскіх гарадоў сёньня, 21 верасьня, у 19:00.

«Тысячы расейскіх мужчын — нашых бацькоў, братоў і мужоў — будуць кінутыя ў мясарубку вайны. За што яны будуць паміраць? Завошта маці і дзеці будуць праліваць сьлёзы? За палац Пуціна? Цяпер вайна па-сапраўднаму прыйдзе ў кожны дом і кожную сямʼю», — сказана ў паведамленьні «Вясны».

Адзначаецца, што месцы правядзеньня акцый у Маскве і Пецярбургу арганізатары абвесьцяць пазьней.

21 верасьня расейскі дэмакратычны рух «Вясна» абвясьціў усерасейскую акцыю пратэсту «Нет могилизации!»

Актывісты заклікалі жыхароў краіны выходзіць на цэнтральныя вуліцы расейскіх гарадоў у 19:00 21 верасьня на знак пратэсту супраць «частковай мабілізацыі» якую абвясьціў сёньня прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Паведамляецца, што акцыі пратэсту ўжо пачаліся ў Іркуцку, Улан-Удэ, Хабараўску і Томску.

Навіна аб частковай мабілізацыі імгненна выклікала рэакцыю на Маскоўскай біржы. На адкрыцьці таргоў індэкс упаў да значэньня 2002,73 пункта — гэта на 9,61% ніжэй за закрыцьця папярэдняй гандлёвай сэсіі.

Таксама за некалькі хвілін пасьля выступу Пуціна расейцы раскупілі ўсе квіткі на прамыя рэйсы 21 верасьня ў Стамбул, Тбілісі і ў Ерэван, заўважыў тэлеграм-канал «Вёрстка».

Выданьне The Village Belarus заўважыла, што на сайце «Аэрафлота» за паўгадзіны раскупілі амаль усе квіткі з Масквы ў Менск на сёньня. Адзіны квіток, які застаўся ў бізнэс-клясе, каштуе 1776 даляраў, а ў эканом-клясу на заўтра — ад 224 даляраў.

Навальны: «Толкам нічога не зразумела, але зразумела, што ўсё дрэнна»

Расейскі зьняволены апазыцыйны палітык Аляксей Навальны на судовым паседжаньні ў Коўраве выказаўся наконт абвешчанай сёньня частковай мабілізацыі. Відэа апублікаваў тэлеграм-канал «SOTA».

«Я нават у сваёй камэры па радыё чуў, што мабілізацыя ідзе, нейкія новыя крымінальныя пакараньні. Толкам нічога не зразумела, але зразумела, што ўсё дрэнна», — сказаў палітык.

Ён адзначыў, што нічога пра гэта ня думае, бо дакладна «нічога ня ведае» з прычыны інфармацыйнага вакуўму, у якім яго трымаюць.

«Я не разумею аднаго. Армія — мільён чалавек, Расгвардыя — 350 тысяч чалавек, МУС яшчэ паўтара-два мільёна, вунь у ФСВП колькі народу. Яны навошта цывільных будуць прызываць?, — пракамэнтаваў Навальны паведамленьне аб частковай мабілізацыі. — Гэта значыць, па краіне будуць туды-сюды бегаць 5 мільёнаў тых, хто ўхіляецца. І за імі будзе бегаць мільён мянтоў, каб кудысьці мабілізаваць».

Хадаркоўскі: «Вялікае прывітаньне тым, хто лічыў, што „па-за палітыкай“»

Пракамэнтаваў ранішні зварот Пуціна таксама расейскі грамадзкі дзеяч і бізнэсовец Міхаіл Хадаркоўскі:

«Поўнае адчуваньне, што Пуцін зь цяжкага пахмельля прачытаў тэкст, які не адважыўся агучыць учора...

Гэта нават не гебэльсаўшчына, а проста трызьненьне. Ён кажа пра непрызнаньне Данбасам зьмены ўлады ў Кіеве, як быццам Стралкоў памёр і ягоныя апавяданьні пра „спэцапэрацыю“ 2014 года не здабытак галоснасьці... Як быццам я сам тады не быў там і не бачыў хто і як усё гэта пачаў.

Ён кажа пра сваю агрэсію, як адказ на не прыдуманую ім апэрацыю па вызваленьні Ўкраінай сваёй жа тэрыторыі! „Я напаў на суседа, паколькі я думаю, што сусед быў незадаволены, што я адабраў у яго частку ягонай тэрыторыі“... Ну і хачу перадаць вялікае прывітаньне тым, хто лічыў, што „па-за палітыкай“. Маўляў „Хадаркоўскага і Навальнага за нахабства, а мяне няма за што...“ А цяпер у акопы нікому не патрэбнай вайны», — напісаў Хадаркоўскі.

Антываенны камітэт Расеі, у які ўваходзяць былы палітвязень Міхаіл Хадаркоўскі, прадпрымальнік Яўген Чычваркін і іншыя апазыцыйныя прадстаўнікі грамадзкага сэктару, заявіў аб намеры падтрымаць усіх расейцаў, якія будуць ухіляцца ад мабілізацыі, здавацца ў палон ці пераходзіць на бок Украіны.
Камітэт таксама заклікаў міжнародную супольнасьць надаць Украіне ўсёабдымную вайсковую і эканамічную дапамогу для абароны свайго сувэрэнітэту.

«У цяперашняй сытуацыі толькі хутчэйшы разгром пуцінскіх войскаў на полі бою прывядзе да завяршэньня вайны і спыненьню энэргетычнага і ядзернага шантажу», — адзначаецца ў заяве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG