Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, абнародаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
«Гэта толькі тыя, пра каго нам вядома. Мы ацэньваем, што агульная колькасьць наймітаў значна большая. Сьпіс загінулых таксама няпоўны. Гэта толькі тыя, пра якіх мы на 100 адсоткаў ведаем, калі яны загінулі і дзе пахаваныя», — паведамілі Свабодзе ў праекце «Хачу жыць».
Гэты праект створаны адмыслова для расейскіх вайскоўцаў, якія ня хочуць ваяваць і гатовы здацца ва ўкраінскі палон.
Згодна зь інфармацыяй Каардынацыйнага штабу, беларусаў актыўна пачалі вэрбаваць на службу ў расейскую армію паводле кантракту з другога кварталу 2023 году. З таго часу колькасьць заключаных з грамадзянамі Беларусі кантрактаў расьце.
Як і ўсе іншаземцы, грамадзяне Беларусі праходзяць праз адмысловыя пункты адбору на вайсковую службу. Найчасьцей у Маскве ці Падмаскоўі, а таксама ў Растове. Сярод «расейскіх» навабранцаў шмат колішніх зьняволеных.
Сталі вядомыя прозьвішчы яшчэ двух палонных беларусаў
Як паведамілі Свабодзе, цяпер ва ўкраінскім палоне знаходзяцца сем грамадзян Беларусі.
Гэтыя два прозьвішчы публікуюцца ўпершыню:
- Іван Шабунька, нарадзіўся 17 траўня 1977 году, паходзіць з Мастоў Горадзенскай вобласьці. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй 10 чэрвеня 2024 году,
- Сяргей Мірончык, нарадзіўся 22 ліпеня 1982 году, жыў у Санкт-Пецярбургу.
Раней украінскі бок пацьвердзіў імёны яшчэ пяці беларускіх палонных:
- Сяргей Шустаў, нарадзіўся 12 студзеня 1981 году. Як вынікала зь ягонага аповеду, яго сем разоў судзілі за крадзяжы, апошні раз ён, імаверна, сядзеў у Расеі, і яго забралі ў расейскае войска з калёніі. У палон беларус трапіў пад Тарэцкам у Данецкай вобласьці празь сем дзён пасьля таго, як пачаў ваяваць.
- Андрэй Лапатнёў зь Віцебску меў праблемы з законам праз наркотыкі, і, каб унікнуць перасьледу, вырашыў зьехаць праз Расею ў Польшчу. У Маскве яго затрымалі і прымусілі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі. 2 красавіка 2024 году ён падпісаў кантракт на службу ў 123-й мотастралковай брыгадзе і падаў заяву на расейскае грамадзянства. У пачатку сакавіка ён трапіў ва ўкраінскі палон таксама ў Данецкай вобласьці.
- Яўген Камянькоў з Бабруйску нарадзіўся 17 сакавіка 1999 году. Падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расеі ў канцы красавіка 2024 году, знаходзячыся ў расейскім «спэцпрыёмніку», трапіў ва ўкраінскі палон вясной 2024-га. У Беларусі абвяшчалі яго вышук у ліпені 2022 году, пасьля таго, як ён разам з 13-гадовым падлеткам уцёк зь берасьцейскага Афанасьеўскага манастыра ў Расею.
- Артур Яфрэмаў паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, чатыры разы суджаны за крадзяжы. Апошні раз быў затрыманы ў Расеі. Трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году, імаверна, пад Купянскам Харкаўскай вобласьці.
- Дзьмітры Ананчык зь Менску, нарадзіўся ў 2000 годзе. Да вайны працаваў у лягістычных і будаўнічых кампаніях. Мае сярэднюю тэхнічную адукацыю ў спэцыяльнасьці «токар-сьлесар». Падпісаў кантракт з расейскай арміяй у сьнежні 2024-га і амаль адразу пасьля гэтага трапіў ва ўкраінскі палон у Луганскай вобласьці.
Сваякі яшчэ трох грамадзян Беларусі, якія пайшлі ваяваць на баку Расеі, заявілі аб іхным зьнікненьні бязь вестак. Гэта Яўген Ільін, Міхаіл Шалгун і Андрэй Кулага. Яшчэ адзін беларус — Ігар Хасанаў, якога шукалі сваякі, пазьней знайшоўся з раненьнем у адным з шпіталяў у акупаванай частцы Луганскай вобласьці. Але гэтых чатырох беларусаў няма ў апублікаваных Украінай сьпісах.
Адметна, што расейскае камандаваньне звычайна ўключае грамадзян Расеі, якія зьніклі з месца баявых дзеяньняў, у сьпісы тых, хто самавольна пакінуў вайсковую частку. Але беларусаў, як стала вядома Свабодзе, пакуль у такіх пераліках няма. Няма іх і ў сьпісах на абмен.
У якім узросьце ідуць у расейскую армію
Найбольш сярод тых, хто ваюе на баку Расеі, нарадзіліся ў савецкі час (1960–1970). Яны былі юнакамі, калі спыніў існаваньне СССР.
Найстарэйшаму зь іх Аляксандру Барсукову — 67 гадоў. Кантракт з расейскай арміяй ён падпісаў у чэрвені 2023 году. За 60 — Івану Кірдзяшкіну (на кантракце зь лістападу 2024-га, нарадзіўся ў 1962-м), Сьвятаславу Цімашэнку (з сакавіка 2024, нарадзіўся ў 1962-м), Сяргею Галавешкіну (нарадзіўся ў 1963, у войску — з траўня 2024-га) і іншым.
Найбольш сярод расейскіх кантрактнікаў мужчын трыццаці- і саракагадовага ўзросту. Ёсьць і маладзейшыя. Яны нарадзіліся ў 2000-я, васьмі зь іх толькі споўнілася або сёлета споўніцца 21 год: Ігару Бамбосаву (на кантракце з жніўня 2023-га), Аляксею Бондару (з чэрвеня 2023-га), Генадзю Васільеву (зь лістапада 2024-га), Арцёму Макоўскаму (з траўня 2024 году), Валянціну Нікуцу (з студзеня 2024 году), Данілу Рынкевічу (зь лістападу 2023 году), Мікалаю Шаўко (з сьнежня 2024-га), Андрэю Шматко (з сьнежня 2024-га).
Гінуць празь некалькі тыдняў або месяцаў пасьля падпісаньня кантракту
Сярод тых беларусаў, хто загінуў у шэрагах расейскай арміі, найбольш — год і адзін месяц —адваяваў Іван Юшкоў. Ён не дажыў да свайго 36-годзьдзя ўсяго чатыры дні —загінуў 4 верасьня 2024-га.
Год і восем дзён пасьля падпісаньня кантракту ваяваў 37-гадовы Мікалай Жанкевіч — загінуў 24 лістапада 2024-га.
Усе іншыя загінулыя ваявалі менш за паўгоду:
- 55-гадовы Андрэй Авярушка загінуў праз 28 дзён пасьля падпісаньня кантракту — 29 ліпеня 2024 году,
- 53-гадовы Сяргей Благадзір адваяваў амаль 4 месяцы і загінуў 27 верасьня 2024 году,
- 47-гадовы Руслан Бачкароў загінуў 18 красавіка 2024 году, а на кантракт пайшоў у канцы лютага таго ж году,
- 23-гадовы Аляксандар Вітухноўскі на фронце пратрымаўся больш за пяць месяцаў і загінуў 30 лістапада 2024 году.
Грамадзяне Беларусі аддавалі свае жыцьці за Расею і празь некалькі тыдняў пасьля падпісаньня кантрактаў, як, напрыклад, Вадзім Наўгародзкі, які пайшоў на службу ў сьнежні 2024-га і загінуў сёлета ў пачатку студзеня. Ён ваяваў усяго 21 дзень.
52-гадовы Дзяніс Радзівонаў падпісаў кантракт 7 кастрычніка 2024-га і загінуў 21 лістапада таго ж году.
Наймаладзейшым з загінулых было па 23 гады. Уладзіслаў Губей загінуў 16 жніўня 2024-га, на кантракце быў з 22 сакавіка таго ж году, Мікалай Клімовіч — 26 сьнежня 2023 году, імаверна, ваяваў зь вясны таго ж году.
Што папярэднічала
Фармальна Беларусь ня ёсьць непасрэднай удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сіл на тэрыторыі Ўкраіны няма.
У той жа час улады Беларусі падтрымалі ваеннае ўварваньне Расеі 24 лютага 2022 году і дазволілі скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору краіны для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
З 2014 году, калі пачаўся ўзброены канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай, які на першым этапе закончыўся анэксіяй Крыму і частак Данецкай і Луганскай вобласьцяў, грамадзяне Беларусі ваявалі як на баку прарасейскіх сілаў, гэтак і ў складзе ўкраінскіх добраахвотніцкіх батальёнаў.
З 2022 году пабольшала беларусаў, якія ваявалі ў расейскіх прыватных вайсковых кампаніях («Вагнэр», «Рэдут», «Ястраб»), а з 2023 году — у шэрагах Узброеных сілаў Расеі. Ёсьць факты, калі грамадзяне Беларусі падпісвалі кантракты з расейскай арміяй адразу пасьля службы ў беларускім войску або маючы праблемы з законам — іх затрымлівалі ў Расеі на запыт уладаў Беларусі або за парушэньне правілаў знаходжаньня на расейскай тэрыторыі. Некаторыя з тых, хто падпісаў кантракт і ваююць супраць Украіны, суджаныя некалькі разоў.
Сілавыя органы Беларусі не перасьледуюць тых, хто ваюе на баку Расеі, але, наадварот, абвяшчаюць міждзяржаўны вышук тых, хто абараняе тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, у тым ліку ўжо загінулых.
У красавіку пяцёх беларускіх жаўнераў палку Каліноўскага — Ігната Кірэева, Яна Мельнікава, Анастасію Махамет, Арцёма Бігеля і Вячаслава Граноўскага — асудзілі супольна на 90 гадоў пазбаўленьня волі. Іх прызналі вінаватымі паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «акт тэрарызму» і «арганізацыя дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі».
Як паведамілі Свабодзе ў праекце «Хачу жыць», абнародаваны сьпіс, імаверна, складае толькі частку імёнаў тых беларусаў, якія пайшлі ваяваць на баку Расеі.
Раней украінскі бок апублікаваў сьпісы 931 грамадзяніна Таджыкістану, 360 грамадзян Кіргізстану, 660 грамадзян Казахстану (валянтэры, якія падлічваюць страты Расеі, летась у кастрычніку пісалі пра больш як 3000 загінулых ва Ўкраіне этнічных казахаў. — РС).
Згодна з інфармацыяй праекту, Расея за службу ў сваім войску абяцае іншаземцам высокія заробкі або падманам і пагрозамі прымушае іх ісьці ваяваць супраць Украіны.
«Адным прапануюць працу ў ахове якога-небудзь прадпрыемства, другім абяцаюць велізарныя грашовыя ўзнагароды ў выглядзе штомесячнага грашовага забесьпячэньня і грамадзянства Расеі, трэцім пагражаюць турмой ці дэпартацыяй. Вынік для ўсіх адзін», — падкрэсьлілі ў праекце «Хачу жыць».
Цяпер ва Ўкраіне зьбіраюць і апрацоўваюць зьвесткі аб грамадзянах Узбэкістану, якія таксама ваююць на баку Расеі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум