Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін грамадзянін Беларусі, які ваяваў на баку Расеі

Шаўроны расейскага войска. Ілюстрацыйнае фота
Шаўроны расейскага войска. Ілюстрацыйнае фота

У Менску яго чакаюць бацька, брат і пяцігадовы сын.

Грамадзянін Беларусі Дзьмітры Ананчык трапіў ва ўкраінскі палон.

Як паведамілі ва ўкраінскім праекце «Хочу жить», створаным для расейскіх вайскоўцаў, якія ня хочуць ваяваць, ён зь Менску, нарадзіўся ў 2000 годзе, да вайны працаваў у лягістычных і будаўнічых кампаніях. Мае сярэднюю тэхнічную адукацыю па спэцыяльнасьці «токар-сьлесар».

Як паведаміў сам Дзьмітры Ананчык украінскаму праекту, у Луганск ён прыехаў па працы і ў канцы сьнежня 2024 году мусіў ужо вяртацца ў Беларусь, але яго «схапіла паліцыя і завезла ў аддзяленьне», куды звозілі «нелегалаў розных нацыянальнасьцяў».

Паводле беларуса, яго прымусілі падпісаць кантракт з Узброенымі сіламі Расеі, а 19 сьнежня ён ужо трапіў ва ўкраінскі палон, калі выконваў «першае заданьне». Ён служыў шараговым стралком.

Ва ўкраінскім палоне знаходзяцца Яўген Камянькоў, які падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расеі ў канцы красавіка 2024 году, знаходзячыся ў расейскім «спэцпрыёмніку», і Артур Яфрэмаў, які паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці.

Раней Украіна перадала Расеі беларусаў Максіма Запеку, Максіма Зязюльчыка і Андрэя Герыловіча, якія ваявалі на баку Расеі.

У перамовах Расеі і Ўкраіны аб абменах палоннымі ўдзельнічаюць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ірына Касьцевіч і афіцэр КДБ, колішні супрацоўнік амбасады Беларусі ва Ўкраіне Валер Сьцепановіч.

Пасьля пачатку ўкраінскімі войскамі курскай апэрацыі абмен палоннымі перанесьлі на тэрыторыю Беларусі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG