На фронце ва Ўкраіне зьнік бязь вестак яшчэ адзін беларус, які ваяваў на баку Расеі ў складзе ПВК «Ястраб»

Шэўроны расейскай арміі. Ілюстрацыйнае фота
Шэўроны расейскай арміі. Ілюстрацыйнае фота

Раней сваякі беларусаў Яўгена Ільіна і Міхаіла Шалгуна заявілі, што яны зьніклі бязь вестак. Яшчэ адзін беларус — Ігар Хасанаў, якога шукалі сваякі, пазьней знайшоўся з раненьнем у адным з шпіталяў у акупававанай частцы Луганскай вобласьці. Усе яны ваявалі на баку Расеі.

На вайне ва Ўкраіне зьнік грамадзянін Беларусі Андрэй Кулага, які ваяваў на баку Расеі.

Як паведамілі Свабодзе ў праекце «Не жди меня из Украины», па дапамогу ў пошуку зьвярнулася ягоная дачка Тацяна.

«2 кастрычніка 2024 году ён пайшоў. А 8:30 раніцы ён здаў тэлефон і з гэтага дня больш ніколі не выходзіў на сувязь», — паведаміла дзяўчына.

Паводле інфармацыі праекту, Андрэй Кулага нарадзіўся 2 чэрвеня 1979 году і жыў у Магілёве, у верасьні 2024 году падпісаў кантракт з прыватнай вайсковай кампаніяй «Ястраб», ваяваў пад пазыўным «Алекс». З 6 лютага 2025 году яго лічаць зьніклым бязь вестак.

У 2024 годзе Андрэя Кулагу шукалі пры дапамозе пошукава-выратавальнага атраду «Фэнікс». Згодна з тагачаснай аб’явай, ён знаходзіўся ў Санкт-Пецярбургу, а з кастрычніка зьнік. Сярод асаблівых прыкмет там пералічвалі татуаж на плячы ў выглядзе шчыта і мяча з подпісам «Сувязь».

Новыя абвесткі аб ягоным пошуку пачалі разьмяшчаць у студзені 2025 году, але ўжо 19 студзеня пад адной з такіх публікацыяў аўтарка дапісала камэнтар «знойдзены, жывы».

Што вядома пра ПВК «Ястраб»

У лютым 2023 году ва Ўкраіне заявілі, што ў Расеі стварылі ПВК «Ястраб», каб нібыта выціснуць ПВК «Вагнэр» і яе заснавальніка Яўгенія Прыгожына з інфармацыйнай прасторы.

Але ПВК «Ястраб» дзейнічае з 2014 году, хоць яе афіцыйна зарэгістравалі толькі ў 2018 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Яе заснавальнік — Аляксей Марушчанка. Спачатку гэтая кампанія пазыцыянавала сябе як «падразьдзел перамоўнікаў». Афіцыйны статут ПВК прадугледжвае 46 відаў дзейнасьці, але асноўны — «дзейнасьць у расьсьледаваньні».

У публікацыях, прысьвечаных гэтай кампаніі (якіх няшмат), сьцьвярджаецца, што яна займаецца суправаджэньнем і аховай каштоўных грузаў, суправаджае морскія караблі, ахоўвае аб’екты нафтагазавай прамысловасьці, масавыя імпрэзы, а таксама садзейнічае «пошуку зьніклых бязь вестак у небясьпечных раёнах і зонах баявых дзеяньняў і садзейнічае ў абмене палоннымі».

У той жа час сам Аляксей Марушчанка сьцьвярджае, што байцы ПВК «Ястраб» ваявалі ў Сырыі, Лібіі, а з 2014 году на ўкраінскім Данбасе.

У верасьні 2022 году ў складзе ПВК было 150 наймітаў. Пра цяперашнюю колькасьць дакладнай інфармацыі няма.

Адразу пасьля падпісаньня кантракту кіраўніцтва ПВК абяцае пералічыць найміту 1,8 мільёна расейскіх рублёў, а далей выплачваць ад 210 тысяч кожны месяц.


​
XS
SM
MD
LG