Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты-расьсьледнікі высьветлілі імёны паўсотні кітайскіх наймітаў у расейскім войску

Целы расейскіх жаўнераў, палеглых на полі бою, архіўнае фота
Целы расейскіх жаўнераў, палеглых на полі бою, архіўнае фота

Як высьветлілася, большасьць гэтых людзей адразу ехалі ў Расею з мэтай падпісваць кантракт.

Праз маскоўскі пункт адбору на ваенную службу па кантракце прайшоў як мінімум 51 грамадзянін Кітая. Гэта вынікае зь зьвестак аб наборы на кантракт у Маскве з чэрвеня 2023-га па травень 2024 году, якія апынуліся ў распараджэньні праекту «Важные истории». 31 баец з КНР зьвярнуўся ў гэтую ўстанову ў 2023-м, яшчэ 20 — у 2024 годзе.

Большасьць грамадзян Кітаю прыляцелі ў Маскву незадоўга да звароту ў пункт адбору. Так, 24-гадовы Юаньчунь Цзян прыляцеў у Расею 22 жніўня 2023 году і ў той жа дзень накіраваўся заключаць кантракт. Яшчэ як мінімум сямёра прыйшлі вэрбавацца на наступны дзень па прыбыцьці ў Расею з Кітаю. Як мінімум чатыры кітайскія добраахвотнікі пасьля візыту ў пункт адбору паляцелі назад у Кітай.

Самаму маладому з кітайскіх кантрактнікаў у здабытым расьсьледнікамі сьпісе 20 гадоў, найстарэйшаму — 51 год.

Як мінімум адзін з наймітаў ужо загінуў на вайне ва Ўкраіне. 38-гадовы Жуй Чжаа заключыў кантракт з расейскай арміяй у канцы верасьня 2023 году, а ўжо ў сьнежні таго году, паводле зьвестак украінскіх СМІ, быў забіты ў Запароскай вобласьці.

Вядома і аб параненых вайскоўцах. Яшчэ адзін кітайскі добраахвотнік зь сьпісу — 38-гадовы Лін Пань — патрапіў на відэа, апублікаванае праваенным тэлеграм-каналам «Крупнокалиберный Переполох». У ім сьцьвярджаецца, што Лін Пань — былы супрацоўнік вайсковай паліцыі Кітаю, які атрымаў Георгіеўскі крыж за эвакуацыю калегаў-расейцаў, атакаваных дронам пад Бахмутам. Ён атрымаў раненьне, трапіў у шпіталь і вярнуўся на фронт. Аўтары відэа называюць Паня «нашым расейскім хлопцам кітайскага паходжаньня» і адзначаюць, што ён ня ведае ані слова на мове краіны, за якую ваюе, акрамя «я русский» і «брат».

Іншы баец Вэй Дуань трапіў у базу пацыентаў мэдычных устаноў Галоўнага вайскова-мэдыцынскага ўпраўленьня Мінабароны Расеі, пісала «Радыё Свабода». Вэй, які ўжо на той момант вярнуўся на радзіму, пацьвердзіў у ліставаньні з журналістамі, што зьяўляецца грамадзянінам КНР і ўдзельнічаў у вайне ва Ўкраіне.

Яшчэ некалькі кітайскіх грамадзян, якія адслужылі па кантракце ў расейскім войску, таксама маглі ўжо вярнуцца на радзіму (кантракт з замежнікамі падпісваюць на год).

41-гадовы Цзяньвэй Лі, які прыляцеў у Расею і зьвярнуўся ў пункт адбору па кантракце ў сьнежні 2023 году, падрабязна расказваў у сваіх сацсетках аб службе ў расейскай арміі. Паводле яго слоў, з моманту зьяўленьня кантрактніка на полі бою да яго сьмерці можа праходзіць у сярэднім 8-10 гадзін. Ён скардзіўся на «слабы» рыштунак і зброю, а таксама на моўны бар’ер, які перашкаджае размаўляць з расейскімі таварышамі па службе і гаварыць па рацыі з камандаваньнем.

«За два тыдні, што я тут, мы рушылі наперад толькі на 100 мэтраў. Мы страцілі дзясяткі людзей і не забралі іх [не эвакуавалі целы]», — расказваў ён.

Іншы вайсковец, які ёсьць у сьпісе, 38-гадовы Жуйці Сунь, таксама скардзіўся ў сацыяльных сетках на ўмовы ў расейскім войску. Ён прыляцеў у Расею ў верасьні 2023 году і на наступны дзень адправіўся заключаць кантракт.

«Тут няма ніякай мэдыцынскай дапамогі. Усім напляваць. Боль забівае мяне», — казаў ён на відэа, апублікаваным у студзені 2024 году.

Паводле яго слоў, лекар пасьля агляду не забясьпечыў належнага лячэньня.

«Я зьвярнуўся ў кітайскую амбасаду ў Расеі. Яны сказалі, што гэта мая асабістая праблема», — сьцьвярджае Жуйцы Сунь.

Зь відэа, выяўленага «Важными историями», вынікае, што ў сакавіку 2024 году Жуйці Сунь вярнуўся ў Кітай.

Кітайцы ў расейскім войску, рэакцыя Ўкраіны і адказ Кітаю

9 красавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі з спасылкай на спэцслужбы краіны заявіў, што Ўкраіне вядома пра 155 грамадзян Кітаю, якія ваююць на баку Расеі.

«Па гэтых 155-ці ёсьць пашпартныя зьвесткі, адкуль яны, іх дакумэнты, узрост, месцы службы».

Далей Зяленскі адзначыў, што ўкраінскія спэцслужбы мяркуюць, што кітайскіх наймітаў на баку Расеі ваюе значна больш за названую лічбу. Адной з пляцовак, дзе на ягоную думку, гэта адбываецца, ёсьць ТыкТок.

У МЗС Кітаю ў адказ на словы афіцыйнага Кіева настойвалі, што не адпраўлялі сваіх вайскоўцаў на вайну супраць Украіны. Там адзначылі, што наадварот, намагаюцца ўстрымаць сваіх грамадзянаў ад удзелу ў вайне па які заўгодна бок.


Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG