«Яны сказалі, што забойствы спыніліся і пакараньняў сьмерцю ня будзе — сёньня мела быць шмат пакараньняў сьмерцю, і што пакараньняў сьмерцю ня будзе — і мы зьбіраемся гэта высьветліць, — сказаў Дональд Трамп журналістам у Белым доме 14 студзеня.— Нам паведамілі з надзейных крыніц, і я спадзяюся, што гэта праўда».
Іранскія ўлады ўчынілі ці ня самыя жорсткія ў гісторыі рэпрэсіі пасьля таго, як людзі па ўсёй краіне выйшлі на вуліцы з антыўрадавым пратэстам, які лічыцца адной з найбуйнейшых праблемаў для клерыкальнага кіраўніцтва краіны з часоў Ісламскай рэвалюцыі 1979 году, паведамляе Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Незалежная іранская праваабарончая арганізацыя HRANA, якая базуецца ў ЗША, паведаміла, што, паводле яе пацьверджаных і правераных зьвестак, на 14 студзеня загінулых пратэстоўцаў пабольшала да 2435, а больш за 18 000 былі арыштаваныя. Але гэтая і іншыя крыніцы сьцьвярджаюць, што рэальная колькасьць загінулых, выглядае, у некалькі разоў вышэйшая.
У сувязі з паведамленьнямі аб жорсткіх рэпрэсіях Трамп некалькі разоў папярэджваў, што Злучаныя Штаты могуць умяшацца, каб спыніць забойствы, і заклікаў іранцаў працягваць пратэсты.
Інфармацыю пра становішча на месцах цяжка атрымаць і праверыць, бо ўлады амаль цалкам адключылі доступ да інтэрнэту неўзабаве пасьля таго, як у канцы сьнежня пачаліся дэманстрацыі, спачатку выкліканыя змрочнай эканамічнай сытуацыяй і свабодным падзеньнем валюты.
«Іран пераадолеў 156-гадзінную часавую адзнаку блякады інтэрнэту, пасьля жорсткіх рэпрэсіяў запаноўвае цішыня, — заявіў назіральны орган NetBlocks у паведамленьні раніцай 15 студзеня. — Тым часам інфармацыйны вакуўм у інтэрнэце прыводзіць да ўмацаваньня ўплыву праўладных акаўнтаў, фэйкаў штучнага інтэлекту і іншага падобнага».
Праваабарончыя групы паведамлялі, што адзін з затрыманых пратэстоўцаў, 26-гадовы Эрфан Сультані, будзе пакараны сьмерцю 14 студзеня, праз шэсьць дзён пасьля арышту па абвінавачваньні ў «вайне супраць Бога», за яго ролю ў пратэстах.
Позьняй ноччу 13 студзеня Дональд Трамп заявіў у інтэрвію CBS News, што калі ўлады Ірану выканаюць пакараньне сьмерцю першага ўдзельніка цяперашняй хвалі пратэстаў — то «вы ўбачыце некаторыя рэчы».
Праваабарончая група Hengaw, спасылаючыся на сваякоў Сультані, заявіла позна ўвечары 14 студзеня, што пакараньня сьмерцю не адбылося, хоць «сур’ёзныя і працяглыя асьцярогі» застаюцца.
«У размове з сваякамі Эрфана Сультані Hengaw даведаўся, што сьмяротны прысуд яму, абвешчаны ягонай сямʼі ў сераду (14 студзеня), ня быў выкананы і быў адкладзены, — гаворыцца ў паведамленьні. — Праз працяглыя збоі ў інтэрнэце і сурʼёзныя абмежаваньні сувязі немагчыма даць дадатковую інфармацыю ў гэтым пытаньні».
Трамп не ўдакладніў, якія дзеяньні і калі могуць распачаць Злучаныя Штаты супраць Ірану. Але Вашынгтон параіў некаторым супрацоўнікам пакінуць галоўную ў рэгіёне амэрыканскую авіябазу пасьля таго, як Тэгеран папярэдзіў суседнія краіны, якія прымаюць амэрыканскія войскі, што ён адпомсьціць амэрыканскім базам, калі Вашынгтон выканае пагрозы.
Вэб-сайт адсочваньня палётаў Flightradar24 паведаміў 14 студзеня, што Іран выпусьціў паведамленьне для лётнікаў (NOTAM), у якім абвясьціў аб закрыцьці сваёй паветранай прасторы для ўсіх рэйсаў, акрамя міжнародных палётаў у краіну і з краіны, якой быў дадзены дазвол.
NOTAM дзейнічаў «крыху больш за дзьве гадзіны», гаворыцца ў паведамленьні.
Ісламскае кіраўніцтва Ірану перажыло папярэднія пратэсты, але цяперашнія хваляваньні адбываюцца ў той час, калі Тэгеран усё яшчэ аднаўляецца пасьля леташняй вайны з Ізраілем. Тады Злучаныя Штаты далучыліся да сэрыі авіяўдараў, накіраваных на ядзерныя абʼекты Ірану, і яго рэгіянальныя пазыцыі аслабленыя ўдарамі па ягоных хаўрусьніках у рэгіёне.
Мяркуецца, што Трамп разглядае сярод варыянтаў абмежаваныя ваенныя ўдары, больш скаардынаваную кампанію ўдараў па Корпусе вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР) або неваенныя крокі, такія як поўная эканамічная блякада ці кібэратакі, каб парушыць сыстэмы сувязі і прыняцьця рашэньняў іранскіх службаў бясьпекі.
Журналіст з Ірану, якому ўдалося адправіць рэпартаж на Радыё Фарда 13 студзеня, спаслаўся на таксіста, які казаў яму пра напады сілаў бясьпекі на мэдычныя цэнтры, пра выкраданьні параненых пратэстоўцаў і забойствы тых, каго нельга было перавезьці.
Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода не змагло незалежна праверыць гэтыя заявы, але яны супадаюць з крыніцамі ў праваабарончым асяродзьдзі і зь іншымі паведамленьнямі знутры краіны аб жорсткасьці рэпрэсіяў і «масавых забойствах» пратэстоўцаў.
Што варта ведаць пра Іран, цяперашні іранскі рэжым і яго стасункі з рэжымам у Беларусі
Іран (афіцыйная назва — Ісламская Рэспубліка Іран) мае тэрыторыю 1648 тыс. км². Гэта амаль у 8 разоў больш за тэрыторыю Беларусі. Насельніцтва Ірану каля 81 мільёна чалавек. 85% зь іх — мусульмане-шыіты, амаль 10% — мусульмане-суніты, каля 4% — хрысьціяне.
Краіна мяжуе з Азэрбайджанам, Армэніяй, Туркмэністанам, Іракам, Турэччынай, Афганістанам і Пакістанам.
У 1979 годзе ў Іране адбылася рэвалюцыя, якая зрынула шаха Рэзу Пэхлеві. Іран быў абвешчаны Ісламскай рэспублікай. Паводле новай тэакратычнай Канстытуцыі, лідэр рэвалюцыі аятала Хамэйні зрабіўся Найвышэйшым кіраўніком, прамысловасьць нацыяналізавалі, ува ўсіх сфэрах вырасла роля ісламу, «заходнія ўплывы» былі абмежаваныя.
Іран мае абраны насельніцтвам парлямэнт (Мэджліс), але ўсе законапраекты мае ўхваляць Рада вартавых канстытуцыі. У ёй 6 з 12 чальцоў прызначае Найвышэйшы кіраўнік, а яшчэ 6 — Мэджліс на прапанову Вярхоўнага суду.
Таксама ў Іране рэгулярна адбываюцца выбары прэзыдэнта. З 2024 году гэтую пасаду займае Масуд Пэзэшкіян. Аднак асноўную ўладу мае не прэзыдэнт, а Найвышэйшы кіраўнік. Ён вызначае агульную палітыку, камандуе Ўзброенымі сіламі і вайсковай выведкай, прызначае людзей на ключавыя пасады ў дзяржаве — старшыняў судоў, кіраўніка паліцыі і вайскаводаў усіх родаў войскаў.
Найвышэйшага кіраўніка абірае Рада экспэртаў (у ёй больш за 80 ісламскіх багасловаў) і тэарэтычна яна ж можа ў кожны момант памяняць першую асобу ў дзяржаве. На практыцы пасьля сьмерці аяталы Хамэйні ў 1989 годзе гэтую пасаду да сваёй гібелі 28 лютага займаў Алі Хамэнэі, які перад гэтым з 1981 году быў прэзыдэнтам Ірана.
У сьнежні 2025 году на фоне эканамічных цяжкасьцяў у краіне ўспыхнулі пратэсты. Іх асноўным рухавіком спачатку былі вулічныя гандляры, потым далучыліся студэнты, іншыя жыхары гарадоў. Пратэсты не спыняліся каля 50 дзён і былі жорстка задушаныя. Праваабаронцы з арганізацыі HRANA пацьвердзілі больш за 7 тысяч сьмерцяў падас пратэстаў, і працягваюць правяраць яшчэ амаль 12 тысяч паведамленьняў.
Стасункі зь Беларусьсю
У 2006 годзе Беларусь вырашыла наладзіць зборку іранскіх аўтамабіляў Samand. Да згортваньня праекту ў 2013-м удалося выпусьціць толькі 2000 машын.
Абʼём гандлю Беларусі з Іранам за 2023 год быў каля 140 мільёнаў даляраў. Паводле ўладаў, у 2024 годзе ён вырас на чвэрць.
• У сакавіку 2023 году ў Тэгеране Аляксандар Лукашэнка правёў перамовы з тагачасным іранскім прэзыдэнтам Ібрагімам Раісі.
• У жніўні 2025 году іранскі прэзыдэнт Масуд Пэзэшкіян сустрэўся з Лукашэнкам у Менску. Яны дамовіліся скасаваць візы і адкрыць авіярэйсы паміж Тэгеранам і Менскам.
• У сьнежні 2025 году міністры замежных справаў Беларусі і Ірану Максім Рыжанкоў і Абас Аракчы падпісалі ў Менску шэраг дакумэнтаў, у тым ліку дэклярацыю аб супрацьдзеяньні санкцыям.
Супраца ў вайсковай сфэры
• У ліпені 2023 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся ў Тэгеране зь міністрам абароны Ірану Мугамадам Ашт’яні. Яны падпісалі Мэмарандум аб узаемаразуменьні ў вайсковай супрацы.
• У лютым 2024 году Менск наведаў намесьнік міністра абароны Ірану Саід Галяндары, які адказвае за міжнародныя адносіны, а ў красавіку — намесьнік міністра абароны і падтрымкі Ўзброеных сілаў Мэхдзі Джафары.
• У красавіку 2024 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы з іранскім калегам Мугамадам Ашт’яні заявіў пра гатоўнасьць Беларусі «разьвіваць і ўмацоўваць» супрацу з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцыяў, а Ашт’яні падкрэсьліў «высокі патэнцыял» дзьвюх краін «у вайсковым і абаронным сэктарах», адзначыўшы «гатоўнасьць Тэгерану да шчыльнейшай супрацы зь Менскам».
• У траўні 2024 году беларускія вайскоўцы прынялі ўдзел у камандна-штабных вучэньнях «Пояс бясьпекі — 2024» у Тэгеране. А ў Міністэрстве абароны Беларусі ўпершыню быў акрэдытаваны вайсковы аташэ пры іранскай амбасадзе.
• У ліпені 2024 году дэлегацыя Міністэрства абароны Ірану наведала Менск і абмеркавала зь беларускімі калегамі «пэрспэктывы супрацы ў сфэры інжынэрнага забесьпячэньня».
• У жніўні 2024 году камандуючы вайскова-паветранымі сіламі Беларусі Андрэй Лук’яновіч у складзе беларускай дэлегацыі наведаў Іран і правёў перамовы з галоўным вайскаводам арміі Ірану Абдулрагімам Мусаві і камандзірам ВПС Ірану Хамідам Вахэдзі.
• У сакавіку 2025 году Менск наведаў міністар абароны Ірану Азіз Насірзадэ. Тады ён і міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявілі аб зацікаўленасьці ў інтэнсыфікацыі супрацы.
• У сьнежні 2025 году падчас візыту ў Менск дэлегацыі іранскага Генэральнага штабу Беларусь і Іран падпісалі плян двухбаковай вайсковай супрацы на 2026 год і абвясьцілі пра намер правесьці сумесныя вайсковыя вучэньні.