У звароце 24-гадовая палітзьняволеная Соф’я Сапега просіць Лукашэнку вызваліць яе ад адбываньня шасьцігадовага тэрміну або замяніць яго больш мяккім пакараньнем.
«Я толькі хачу быць побач са сваёй сямʼёй... Я хачу свабодна дыхаць...», — гаворыцца ў хадайніцтве.
У ім дзяўчына таксама просіць праявіць ласку і паверыць у яе выпраўленьне, даць ёй шанец «на тое, каб быць карыснай грамадзтву і быць побач са сваімі мамай і татам».
Таксама, паводле інфармацыі BBC, у прашэньні аб памілаваньні Соф’я Сапега напісала, што «трапіла пад уплыў дэструктыўна настроенай групы людзей», і «цалкам усьвядоміла супрацьпраўнасьць і незаконнасьць» сваіх дзеяньняў і «шчыра раскайваецца». Акрамя таго, яна нагадвае, што ў жніўні 2021 года запісала відэазварот для дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь-1» да беларусаў аб «недапушчальнасьці зьдзяйсьненьня супрацьпраўных дзеяньняў».
Летась у сьнежні Сапега ужо падавала Лукашэнку прашэньне аб памілаваньні. Аб гэтым паведамлялі СМІ яе сваякі.
Софʼю затрымалі 23 траўня 2021 году разам з Раманам Пратасевічам — дзеля гэтага прымусова пасадзілі ў Менску самалёт авіякампаніі Ryanair.
6 траўня Горадзенскі абласны суд пакараў дзяўчыну 6 гадамі калёніі. Яе абвінавацілі паводле 7 крымінальных артыкулаў, а таксама прысудзілі кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 167 500 рублёў (каля 70 тысяч даляраў). Менавіта нявыплачаная частка названай у прысудзе сумы застаецца на гэты момант фармальнай перашкодай для памілавання Соф’і.