«Гадзіну адчуваў сябе як Раман Пратасевіч». Турэцкі самалёт ледзьве не прызямліўся ў Менску замест Вільні

Самалёт Turkish Airlines. Ілюстрацыйнае фота
Самалёт Turkish Airlines. Ілюстрацыйнае фота

Інцыдэнт здарыўся ўвечары 9 чэрвеня над Літвой. Пілёты не маглі пасадзіць самалёт са Стамбула праз навальніцу і зьбіраліся сядаць у Беларусі.

Пра інцыдэнт, які здарыўся ўвечары 9 чэрвеня ў небе над Вільняй, напісаў у фэйсбуку Аляксей Лявончык.

Аляксей Лявончык
Аляксей Лявончык

«Рэйс ТК1407 (Турэцкія авіялініі, Стамбул — Вільня) трапіў над літоўскай сталіцай у навальніцу і ўвайшоў у рэжым чаканьня (пачаў кружляць над аэрапортам), — напісаў Лявончык. —

Пілёт пасажырам абвясьціў, што калі непагадзь не дазволіць сесьці — ён ляціць у Менск. На борце знаходзілася некалькі маіх знаёмых, якія пры пасадцы ў Менску рэальна маглі б прысесьці».

Увечары 9 чэрвеня ў Вільні насамрэч здарылася моцная навальніца, непагадзь трымалася больш за гадзіну. Свабода даведалася падрабязнасьці інцыдэнту.

На борце самалёта было адразу некалькі чалавек, якіх у выпадку прызямленьня ў Беларусі маглі б затрымаць з палітычных прычын. Паводле іх словаў, на падлёце да літоўскай сталіцы пілёты праз стуардэс паведамілі, што самалёт ня можа прызямліцца ў Вільні і, верагодна, пасадка будзе зьдзейсьненая ў Менску. Пасьля гэтага лайнэр яшчэ прыкладна гадзіну кружляў над Вільняй і Трокамі.

Скрыншоты учорашняга інцыдэнту з самалётам Turkish airlines ля Вільні, які зьбіраўся сядаць у Менску, 9 чэрвеня, 2022 года
Скрыншоты учорашняга інцыдэнту з самалётам Turkish airlines ля Вільні, які зьбіраўся сядаць у Менску, 9 чэрвеня, 2022 года

«Пакуль мы гэтую гадзіну лёталі, я адчуваў сябе як Пратасевіч», — сказаў адзін з пасажыраў.

У выніку лайнэр усё ж змог сесьці ў Вільні, хоць і зь вялікім спазьненьнем.

Скрыншоты інцыдэнту з самалётам Turkish airlines ля Вільні, які хацеў сядаць у Менску
Скрыншоты інцыдэнту з самалётам Turkish airlines ля Вільні, які хацеў сядаць у Менску

Побач са сталіцай Літвы ёсьць яшчэ адзін міжнародны аэрапорт, які здольны прымаць вялікія пасажырскія лайнэры. Ён у Коўне. Крыху далей, чым менскі, разьмешчаныя міжнародныя аэрапорты ў Рызе і Паланзе, прыкладна на такой жа адлегласьці — вайсковы аэрадром у Шаўлях, дзе турэцкі самалёт таксама мог бы сесьці. Чаму турэцкія пілёты абвясьцілі пра намер ляцець у разе неабходнасьці ў Беларусь, пасажырам не тлумачылі. На скрыншотах з сайта Flightradar бачна, што па дарозе са Стамбула пілёты абляцелі тэрыторыю Беларусі. Сама Turkish Airlines спыніла палёты ў Менск ад пачатку вайны Расеі супраць Украіны.

Свабода накіравала ў офіс «Турэцкіх авіяліній» афіцыйны запыт з просьбай патлумачыць інцыдэнт. Адказ мы апублікуем, як толькі атрымаем.

​
XS
SM
MD
LG