Тэкст дакладу на гэты момант афіцыйна атрымалі толькі краіны — удзельніцы арганізацыі. Франак Вячорка кажа, што чытаў рэзюмэ гэтага дакладу. Вось што ён расказаў Свабодзе.
«Гэта ўзнаўленьне храналёгіі і фактаў, якія адбыліся ў траўні 2021 году з самалётам Ryanair. У ім не вызначаюцца адказныя за інцыдэнт. Гэта досыць сухі дакумэнт, але гэта толькі пачатак. У гэтым дакладзе не гаворыцца пра злачынства. Задачай місіі ICAO было сабраць як мага больш сьведчаньняў і фактаў, таму яны прыяжджалі ў Менск, камунікавалі зь літоўцамі, палякамі, амэрыканцамі, каб сабраць усё ў адной справаздачы».
Франак кажа, што афіцыйны беларускі бок спрабаваў мяняць свае паказаньні.
«Спачатку яны гаварылі аб пагрозе бомбы, але потым высьветлілася — пагроза была фальшывая. Цяпер улады паспрабуюць скарыстацца паседжаньнем ICAO, каб аслабіць санкцыі. Мы ж дабіваліся таго, каб сапраўдны беларускі голас быў пачуты. І хоць самалёт ня наш і палёт быў не ў Беларусь, але двое нашых людзей сталіся адзінымі рэальнымі ахвярамі сытуацыі — Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега».
Дарадца Ціханоўскай падкрэсьлівае, што іх пазыцыя заключаецца ў тым, каб гэты даклад паслужыў асновай для міжнароднага сьледзтва і вызваленьня з-пад варты Пратасевіча і Сапегі.
«Думаю, на сэсіі ICAO яшчэ будуць шмат абмяркоўваць Беларусь. Нам важна, каб міжнародныя арганізацыі перайшлі да канкрэтыкі. Калі шчыра, то я не разумею, чаму гэтая праца заняла аж восем месяцаў, гэта можна было зрабіць хутчэй», — кажа Франак Вячорка.
Рада ICAO зьбярэцца 31 студзеня, каб прыняць рашэньне па выніках дакладу. У гэты дзень Рада таксама мае разгледзець запыт уладаў Беларусі аб скасаваньні санкцый, якія ўвялі пасьля інцыдэнту Эўрапейскі Зьвяз і іншыя дзяржавы.
«Гэта тэхнічная арганізацыя, яны не палітыкі і нават не чыноўнікі. Іх галоўная мэта — гэта бясьпека авіяцыі. Наш асноўны мэсыдж — калі ICAO не праявіць пасьлядоўнасьць тут, то іншыя дыктатары пачнуць захопліваць самалёты рэгулярна. Гэта таксама тэст для іх».