Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі падрыхтавала даклад пра інцыдэнт з самалётам Ryanair

Праверка пасаджанага ў Менску 23 траўня самалёта, на якім ляцелі Раман Пратасевіч і Соф'я Сапега
Праверка пасаджанага ў Менску 23 траўня самалёта, на якім ляцелі Раман Пратасевіч і Соф'я Сапега

Аднак пакуль што тэкст дакладу атрымалі толькі ўлады краін-удзельніц арганізацыі.

Рада Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ICAO) зьбярэцца 31 студзеня, каб прыняць рашэньне па выніках дакладу аб прымусовай пасадцы ў Беларусі самалёта ірляндзкай авіякампаніі Ryanair.

У гэты дзень Рада таксама мае разгледзець запыт уладаў Беларусі скасаваць санкцыі, якія ўвялі пасьля інцыдэнту іншыя дзяржавы і Эўрапейскі Зьвяз.

Прымусовая пасадка самалёта, на якім ляцелі журналіст Раман Пратасевіч і яго сяброўка Соф’я Сапега, адбылася 23 траўня 2021 году. Улады Беларусі патлумачылі пасадку паведамленьнем пра тое, што на борце самалёта нібыта была бомба. Пасьля пасадкі Пратасевіча і Сапегу затрымалі.

На пачатку чэрвеня Эўрапейскі Зьвяз забараніў усім беларускіх авіякампаніям палёты ў паветранай прасторы ЭЗ, а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ. У заяве Эўрапейскай рады тлумачылася, што гэтае рашэньне вынікае з ранейшых высноваў, калі кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў ЭЗ «жорстка асудзілі незаконнае прымусовае прызямленьне 23 траўня ў Менску рэйсу Ryanair, што паставіла пад пагрозу авіяцыйную бясьпеку». У высновах таксама асуджалася затрыманьне Пратасевіча і Сапегі.​

2 чэрвеня 2021 году Агенцтва авіяцыйнай бясьпекі Эўразьвязу (EASA) выпусьціла дырэктыву, у якой заклікала ўлады дзяржаваў EASA абавязаць нацыянальных авіяперавозчыкаў пазьбягаць паветранай прасторы Беларусі.

​
XS
SM
MD
LG