Пра гэта паведамляе партал Zerkalo.io.
Запіс выклаў у Facebook прэсавы сакратар міністра-каардынатара спэцслужбаў.
На запісе дыспэтчар кажа пілёту, што на борце самалёта знаходзіцца бомба, таму трэба сядаць у Менску. Калі пілёт пачынае задаваць удакладняльныя пытаньні, чуваць, што дыспэтчар кансультуецца, як адказваць, у трэцяга чалавека. Польскі бок называе яго «афіцэрам беларускіх службаў», які «сачыў за працай дыспэтчара і даваў указаньні».
У прыватнасьці, ён падказвае дыспэтчару сказаць лётчыку, што код небясьпекі «чырвоны» і што рэкамэндацыя аб пасадцы паходзіць ад Менску.
Раней газэта The New York Times апублікавала артыкул, у якім гаварылася, што вымушаная пасадка самалёта кампаніі Ryanair была сплянаванай апэрацыяй беларускага КДБ. Выданьне напісала, што пра гэта расказаў беларускі дыспэтчар Алег Галегаў, які разам зь сям’ёй уцёк у Польшчу. Паводле яго, ён быў адказны за тое, каб паведаміць пілёту, што на борце знаходзіцца бомба і што «зь меркаваньняў бясьпекі» трэба прызямліцца ў Менску.
Кіраўнік дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі Арцём Сікорскі назваў артыкул «інфармацыйным укідам». Ён пацьвердзіў, што дыспэтчар, інфармацыю якога прыводзіць выданьне, сапраўды працаваў у «Белаэранавігацыі», а пасьля зьехаў з краіны.
— Ён сапраўды зьехаў з тэрыторыі Беларусі. Ніхто яму не перашкаджаў гэта зрабіць — гэта важна адзначыць. І вы разумееце, што чалавек, знаходзячыся на тэрыторыі замежнай дзяржавы, пры аказаньні пэўнага ціску на яго можа пагадзіцца на тыя ці іншыя віды супрацоўніцтва, — заявіў Сікорскі.