Паводле публікацыі The New York Times, у дыспэтчарскай вежы менскага аэрапорту знаходзіўся супрацоўнік КДБ Беларусі, які «ў вырашальны момант узяў пад кантроль авіядыспэтчара».
«Гэта разьлічана на тых, хто ня ведае спэцыфікі грамадзянскай авіяцыі. Для нас як для прафэсіяналаў гэтая інфармацыя незьмястоўная і нават недарэчная. Па-першае, у той дзень, 23 траўня, рашэньне аб пасадцы ў Менску прымаў камандзір паветранага судна. Дыспэтчар па ўсіх міжнародных правілах і стандартах ня можа аказваць ціск, асабліва ва ўмовах пагрозы авіяцыйнай бясьпецы, ён толькі перадае зьвесткі і дапамагае ў бясьпечнай навігацыі. Па-другое, гэты інфармацыйны ўкід ідзе ў той момант, калі мы просім ад нашых польскіх партнэраў і ад камісіі ICAO перадаць дадзеныя аб'ектыўнага кантролю. У прыватнасьці, перамовы віленскага дыспэтчара зь пілётам і ўнутрыкабінныя перамовы чальцоў экіпажу», – цытуе Арцёма Сікорскага БелТА.
Паводле Сікорскага, гэта неабходна, каб разумець, у чым канкрэтна беларускі бок абвінавачваюць.
«Прадэманструйце, што мы аказвалі нейкі ціск, пагражалі прымяненьнем баявой авіяцыі і г. д. Але гэтага няма. Мы яшчэ 24 траўня цалкам апублікавалі ўсе перамовы паміж пілётам і дыспэтчарам, пачынаючы ад уваходу ў паветраную прастору Беларусі і заканчваючы пасадкай і зарульваньнем на стаянку паветранага судна ў Нацыянальным аэрапорце. Мы для ўсіх праводзілі неабходныя брыфінгі, прэс-канфэрэнцыі. Нашы заходнія партнэры такой адкрытасьці не праяўлялі», — адзначыў дырэктар дэпартамэнту.
23 траўня самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню, зрабіў нечаканую пасадку ў Менску. На борце знаходзіліся журналіст Раман Пратасевіч і студэнтка Соф’я Сапега, іх затрымалі і цяпер абвінавачваюць у крымінальных злачынствах.
У сваю чаргу крыніцы The New York Times паведамілі, што ў Польшчы знаходзіцца былы авіядыспэтчар менскага аэрапорту Алег Галегаў. Ён даў падрабязныя доказы таго, што рэйс быў пасаджаны пры дапамозе фальшывай пагрозы бомбы на борце ў рамках спэцапэрацыі па захопе Рамана Пратасевіча.
Па словах сьведкі, у гэты час у дыспэтчарскай вежы знаходзіўся супрацоўнік КДБ, які «у вырашальны момант узяў пад кантроль авіядыспэтчара». На працягу ўсяго інцыдэнту супрацоўнік КДБ «падтрымліваў пастаянны тэлефонны кантакт з кімсьці, каму ён паведамляў пра тое, што цяпер адбываецца з самалётам».
Што расказаў Алег Галегаў?
Былы авіядыспэтчар расказаў польскім сьледчым, што яму вядома пра прымусовую пасадку самалёта Ryanair у Менску ў траўні сёлета. У выніку гэтай пасадкі беларускія сілавікі затрымалі двух пасажыраў самалёта — журналіста Рамана Пратасевіча і грамадзкую актывістку Соф’ю Сапегу. Пра гэта піша The New York Times.
Крыніцы газэты паведамілі, што ў Польшчы знаходзіцца былы авіядыспэтчар менскага аэрапорту. З моманту ўцёкаў зь Беларусі ён даў падрабязныя доказы таго, што рэйс Ryanair быў пасаджаны ў Менску пры дапамозе фальшывай пагрозы бомбы на борце ў рамках апэрацыі па захопе Пратасевіча, арганізаванай беларускімі спэцслужбамі.
Адказваючы на пытаньне пра ўцекача, дырэктар Дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі Польшчы Станіслаў Жарын адмовіўся камэнтаваць канкрэтыку, але сказаў, што польскія чыноўнікі, якія расьсьледуюць тое, што ён назваў «згонам самалёта», здолелі «атрымаць справаздачу непасрэднага сьведкі дзеяньняў».
Ён дадаў, што, па словах сьведкі, у гэты час у дыспэтчарскай вежы знаходзіўся супрацоўнік КДБ Беларусі, які «у вырашальны момант узяў пад кантроль авіядыспэтчара». На працягу ўсяго інцыдэнту супрацоўнік КДБ «падтрымліваў пастаянны тэлефонны кантакт з кімсьці, каму ён паведамляў пра тое, што цяпер адбываецца з самалётам», сказаў Жарын.
Аповед перабежчыка аб тым, што адбылося, прынцыпова не зьмяняе папярэдніх ацэнак сытуацыі, але цяпер яны пацьверджаныя сьведкам, які меў непасрэднае дачыненьне да інцыдэнту, і гэта дапаможа польскім пракурорам падвесьці салідную юрыдычную базу супраць беларускіх чыноўнікаў, адзначае The New York Times.
Крыніцы выданьня кажуць, што размова ідзе пра авіядыспэтчара Алега Галегава.
Дзяжурны ў менскай дыспэтчарскай вежы падчас інцыдэнту з Ryanair Галегаў паведаміў пілёту самалёта, што на борце знаходзіцца бомба і што ён павінен спыніць палёт у Вільню і прызямліцца ў Менску «зь меркаваньняў бясьпекі».
«Для вашага ведама, у нас ёсьць зьвесткі ад спэцслужбаў, што ў вас на борце ёсьць бомба і яна можа быць актываваная над Вільняй», — сказаў авіядыспэтчар, паводле апублікаванай у траўні стэнаграмы яго перамоваў з самалётам Ryanair. Лётчык, літовец, да гэтых словаў спачатку паставіўся скептычна.
Праз 20 хвілінаў перамоваў пілёт пагадзіўся перанакіраваць самалёт у Менск.
Тое, што пагроза выбуху Ryanair была падманам, ніколі не выклікала ніякіх рэальных сумневаў, піша амэрыканскае выданьне. Ліст, адпраўлены ад імя ХАМАС, з папярэджаньнем аб бомбе і прыведзены беларускімі ўладамі як доказ сапраўднай рызыкі бясьпекі, быў адпраўлены толькі пасьля таго, як самалёту было загадана прызямліцца ў Менску.