Пра гэта заявіў намесьнік прэм'ер-міністра Анатоль Сівак 25 чэрвеня на сумесным паседжаньні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.
«У цэлым у авіяцыйнай галіне штомесячныя эканамічныя страты, зьвязаныя з санкцыямі, ацэньваюцца на ўзроўні 10,3 мільёна даляраў, — цытуе словы Анатоля Сівака інфармацыйнае агенцтва БелТА.
Паводле разьліку віцэ-прэмʼера, толькі вымушаны аблёт тэрыторыі Ўкраіны пацягнуў за сабой павелічэньне агульнага часу выкананьня і значны рост выдаткаў, які за ліпень–сьнежань 2021 году складзе каля $5 млн.
Сівак падкрэсьліў, што ў галіне паветранага транспарту стаіць складаная задача аднавіць страты, якія ўзьніклі ня толькі праз пандэмію, але і праз абмежаваньні, уведзеныя краінамі ЭЗ, Вялікай Брытаніяй і Ўкраінай.
Тым часам чакаецца, што Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі падрыхтуе 25 чэрвеня папярэднюю справаздачу аб сытуацыі з бортам Ryanair FR4978, на якім затрымалі Пратасевіча і Сапегу.
Самалёту загадалі паварочваць на Менск і сесьці ў аэрапорце 23 траўня. На борце Атэны — Вільня ляцелі журналіст Раман Пратасевіч і яго сяброўка Соф’я Сапега, якіх затрымалі і зьмясьцілі ў сьледчыя ізалятары.
Сакратарыят ICAO паведаміў, што выконвае рашэньне рады арганізацыі ў пошуку ўсіх фактаў, таму накіраваў афіцыйныя запыты на інфармацыю краінам, якія маюць непасрэдныя сувязі з падзеямі вакол самалёта. Беларусь і Польшча ўжо перадалі некаторыя папярэднія падрабязнасьці. Інфармацыю таксама шукалі ў Грэцыі, Ірляндыі, Літве і Швайцарыі.
Канчатковая справаздача ICAO чакаецца 13 верасьня.
Расьсьледаваньне інцыдэнту праводзіць каманда авіяцыйнай бясьпекі пры дадатковай падтрымцы экспэртаў у галіне авіяцыйных апэрацый, паветранай навігацыі і міжнароднага авіяцыйнага права.