Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт

абноўлена

Пра гэта паведамілі BBC бацькі Софʼі Сапегі і Рамана Пратасевіча. Абое цяпер на найманых кватэрах — кожны ў асобнай.

«Яны ўсё адно пад поўным кантролем уладаў, абвінавачаньні зь іх ніхто ня зьняў», — сказаў бацька Рамана Пратасевіча Дзьмітры. Паводле яго, адвакаты і ўлады па-ранейшаму нічога не паведамляюць сямʼі. «Нам нічога ня кажуць пра стан Ромы, пра ягоны статус, гэта проста зьдзек», — сказаў ён.

Паводле Дзьмітрыя Пратасевіча, абвінавачаньні з Рамана і Софʼі не зьнялі.

«Калі зьмянілі меру стрыманьня, гэта паляпшэньне іхных побытавых умоў. У астатнім, што будзе далей, невядома», — сказаў ён.

Дзьмітры Пратасевіч дадаў, што зь імі ніхто ня зьвязваўся.

Бацькі Софʼі Сапегі сустрэліся зь ёй напярэдадні. Яны расказалі, што пад хатнім арыштам яна ўжо дні два-тры. Час спатканьня зь ёй не абмяжоўвалі, паведаміў ейны айчым Сяргей Дудзіч.

«Софʼя сама пазваніла бацькам. Яны былі ў шоку. Сустрэча праходзіла ў рэстаране ў прысутнасьці трэціх асобаў», — сказаў адвакат Гашынскі DW.

Паводле адваката, Софʼя жыве на найманай кватэры з аховай. Бацькі могуць сустрэцца зь ёй толькі з дазволу сьледчага.

Цяпер зь ёй пастаянна і інтэнсіўна праводзяцца сьледчыя дзеяньні, сказаў Гашынскі.

«На яе накладзены шэраг абмежаваньняў, але пры гэтым яна, дзякуй богу, ужо жыве ў нармальных умовах, ва ўмовах кватэры, — сказаў Гашынскі ў эфіры тэлеканалу „Дождь“. — У яе ёсьць магчымасьць сустракацца з бацькамі, і ня толькі».

«Гэта адбылося літаральна днямі, зусім нядаўна. Літаральна ўчора Софʼя ўжо сустрэлася з бацькамі. Прычым сустрэча адбылася ў добрай, цёплай абстаноўцы, яны сустракаліся ў рэстаране, паабедалі. Зразумела, што гэта адбылося дзякуючы, у першую чаргу, сустрэчы прэзыдэнтаў, якая адбылася да гэтага. Я думаю, што дзякуючы гэтаму далейшы лёс Софʼі будзе больш-менш пэўным і станоўчым, — сказаў Гашынскі. — Я думаю, што яна апынецца дома».

Адвакат таксама даў зразумець, што на сустрэчы з бацькамі Софʼя была з Раманам Пратасевічам.

Ціханоўская: «Мы не дапусьцім гандлю жыцьцямі і лёсамі людзей»

Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што Пратасевіч і Сапега застаюцца закладнікамі.

«Тое, што Раман і Софʼя пераведзеныя пад хатні арышт і не знаходзяцца за кратамі, — гэта добрая навіна. Але хатні арышт — гэта не свабода, яны ўсё яшчэ пад абвінавачаньнем, за кожным іхным крокам усё яшчэ сочаць наглядчыкі. А значыць, яны ўсё яшчэ ў закладніках», — заявіла Ціханоўская.

Яна сказала, што бацькі Рамана лічаць, што рэжым вядзе гульню, выкарыстоўваючы жыцьці Рамана і Софʼі.

Ціханоўская нагадала, што ў Беларусі больш за 500 палітычных вязьняў і яшчэ тысячам людзей выставілі палітычна матываваныя абвінавачаньні.

«Ім у камэры дагэтуль заліваюць хлёрку, ім няма чым дыхаць удзесяцёх у камэрах на дваіх чалавек, іх дагэтуль катуюць у „прэс-хатах“», — напісала Ціханоўская.

«І мы не дапусьцім гандлю жыцьцямі і лёсамі зьняволеных — бо толькі так мы даможамся свабоды для кожнага з гэтых невінаватых людзей», — сказала яна.

​
XS
SM
MD
LG