Відэазварот 53-гадовага Андрэя Сапегі распаўсюдзіла выданьне PrimaMedia.
«Мая дачка ў гэты момант знаходзіцца ў менскім СІЗА беларускага КДБ, праз абвінавачаньне ў шэрагу злачынстваў. Ёй пагражаюць вельмі сур’ёзныя турэмныя тэрміны. У гэтым звароце напярэдадні візыту Лукашэнкі ў Прыморскі край, я б хацеў зьвярнуцца асабіста да яго як бацька да бацькі», — сказаў Сапега.
На думку бацькі зьняволенай, «кожны разважны чалавек разумее, што Соф’я апынулася ня ў тым месцы і ня з тым чалавекам. Да сустрэчы з Раманам Пратасевічам яна была звычайнай дзяўчынай».
«Падчас пратэстаў у Менску яна была ў Літве, і, калі штосьці яна і рабіла ў той пэрыяд, калі была знаёмая з Пратасевічам, гэта дакладна гісторыя каханьня, а не перакананьняў», — сказаў бацька Сапегі.
Бацька затрыманай грамадзянкі Расеі таксама папрасіў Лукашэнку пра асабістую сустрэчу, заявіўшы, што «гатовы прывесьці ўсе неабходныя гарантыі таго, што дачка больш ня будзе ўцягнутая ў супрацьпраўныя дзеяньні».
Андрэй Сапега — бацька чацьвярых дзяцей, Соф’я — ягоная старэйшая дачка.
Тэрміны магчымага візыту Лукашэнкі на Далёкі Ўсход пакуль не называюцца.
17-18 чэрвеня ў Маскве з працоўным візытам знаходзіцца міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей. З кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым ён праводзіць перамовы па сумеснай працы ў інтэграцыйных фарматах «саюзнай дзяржавы», ЭАЭС, АДКБ і СНД. Міністры падрабязна абмяркуюць каардынацыю падыходаў у міжнародных арганізацыях, уключна з ААН і АБСЭ.