Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік спэцслужбы Літвы папярэдзіў пра рызыкі пранікненьня агентаў Лукашэнкі і паглынаньня Беларусі Расеяй


Кіраўнік Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы Дарус Яўнішкіс
Кіраўнік Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы Дарус Яўнішкіс

На павелічэньне міграцыйных патокаў з боку Беларусі варта глядзець скрозь прызму праблемы тэрарызму, заявіў дырэктар Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі (VSD) Літвы Дарус Яўнішкіс у апублікаваным 16 чэрвеня інтэрвію парталу 15min.lt.

«Вельмі часта мы ня ведаем, хто заяжджае ў нашу краіну, досыць складана праверыць факты, таму што ў людзей часта няма дакумэнтаў, яны хлусяць пра сваю прафэсію, адукацыю, — сказаў ён. — У гэтых адносінах VSD, які адказвае за бясьпеку перад абліччам тэрарыстычных пагроз, вельмі занепакоены».

«Іншы аспэкт — павелічэньне патоку [мігрантаў] з самой Беларусі. З пункту гледжаньня контравыведкі, мы павінны турбавацца з гэтай прычыны, бо ёсьць пэўныя „дзіркі“, празь якія можа пранікнуць шэраг “спэцыялістаў”. Гэтую сытуацыю мы павінны ацэньваць праз прызму нацыянальнай бясьпекі», — адзначыў Яўнішкіс.

Дарус Яўнішкіс таксама выказаўся наконт інтэграцыі Беларусі з Расеяй:

«Беларусь ужо глыбока інтэграваная ў Расею — вайсковыя структуры навучаныя і працуюць паводле расейскіх стандартаў, эканамічная і фінансавая залежнасьць вельмі высокая, — заявіў ён. — Рэакцыя Захаду на пасадку самалёта (Ryanair у Менску 23 траўня. — РС), верагодна, была крыху нечаканай для Беларусі, але адначасова гэтая рэакцыя яшчэ больш падштурхнула Беларусь у бок Расеі… Такім чынам, мы назіраем усё больш глыбокую інтэграцыю ў адзіную дзяржаву. Я б зусім не зьдзівіўся, калі б у найбліжэйшай будучыні адбыліся пэўныя працэсы і мы ўбачылі Беларусь проста неад’емнай часткай Расеі. Для Літвы гэта будзе азначаць, што ў нас зьявіцца мяжа з Расеяй. Умоўная буфэрная зона проста зьнікне».

Нядаўна міністар замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс у інтэрвію выданьню Financial Times абвінаваціў улады Беларусі ў тым, што яны ўчынілі «гібрыдную атаку на Эўропу», спрыяючы перамяшчэньню мігрантаў да літоўскай мяжы.

Ландсбергіс адзначыў, што сёлета колькасьць мігрантаў, затрыманых у Літве, якія перасякаюць мяжу зь Беларусі, павялічылася амаль удвая ў параўнаньні з папярэднімі трыма гадамі. Ён таксама сказаў, што беларуская дзяржаўная турыстычная кампанія «Цэнтркурорт» выкарыстоўвае самалёт «Боінг 777» для перавозкі мігрантаў, і заявіў, што ў Менску цяпер знаходзяцца 1000 іракцаў і сырыйцаў.

26 траўня ў беларускіх праўладных тэлеграм-каналах зьявіліся паведамленьні, як сьцьвярджаецца, з асобнымі заявамі Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з дэпутатамі абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу, чальцамі канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіраваньня. У прыватнасьці, было апублікаванае паведамленьне зь яго рэакцыяй на дзеяньні Захаду: «Лукашэнка: Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — зараз будзеце самі іх есьці і лавіць».

Гэтыя паведамленьні былі перадрукаваныя тэлеграм-каналам аднаго зь дзяржаўных тэлеканалаў. Са спасылкай на яго адпаведныя навіны апублікавалі некаторыя расейскія і ўкраінскія СМІ. Прэс-служба Лукашэнкі ў расшыфроўцы выступленьня на яго сайце такіх заяваў не прыводзіць. Няма іх і ў паведамленьнях дзяржаўных СМІ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG