Спэцслужбы Грэцыі пацьвердзілі, што за Пратасевічам і Сапегай сачылі некалькі расейцаў

Раман Пратасевіч і рэйс з Атэнаў у Вільню
Раман Пратасевіч і рэйс з Атэнаў у Вільню

Мінімум тры чалавекі з расейскімі пашпартамі сачылі за журналістам і яго сяброўкай цягам усяго знаходжаньня ў Грэцыі. Менавіта яны, падобна, і пацьвердзілі знаходжаньне журналіста на борце.

Так лічаць сьледчыя службы ўнутранай бясьпекі Грэцыі, піша мясцовы сайт Vice.com.

Уладальнікі расейскіх пашпартоў (імаверна, беларускія ці расейскія агенты выведкі) сачылі за беларускім блогерам Раманам Пратасевічам цягам некалькіх дзён на Крыце, перш чым ён сеў на фатальны рэйс у Вільню, да якой не даляцеў. Сачэньне адбывалася на працягу некалькіх дзён у Грэцыі перад палётам, піша Vice.com.

Незадоўга да палёту, па словах калег Пратасевіча, ён бачыў, як людзі ішлі за ім па атэнскім аэрапорце і фатаграфавалі. Лічыцца, што гэтая каманда назірала за Пратасевічам, каб вызначыць, якім рэйсам ён паляціць над паветранай прасторай Беларусі.

Прадстаўнікі грэцкай нацыянальнай выведнай службы (EYP) паведамілі мясцовым СМІ, што сама меней тры невядомыя апэратыўнікі сачылі за Пратасевічам у Атэнах з моманту яго прыбыцьця перад канфэрэнцыяй 9 траўня. Пасьля таго, як 16 траўня канфэрэнцыя скончылася, Пратасевіч адправіўся ў адпачынак на некалькі дзён на Крыт са сваёй сяброўкай, дзе яны таксама, магчыма, знаходзіліся пад наглядам.

«Мы зьбіраем запісы камэраў відэаназіраньня з гатэляў, з Крыту і з аэрапорту, і высьвятляецца, што за імі сачылі спэцыялісты выведкі з расейскімі пашпартамі», — сказаў прадстаўнік МУС Грэцыі на ўмовах ананімнасьці.

Грэцкія праваахоўнікі лічаць, што зафіксаваныя людзі дзейнічалі ад імя Беларусі і перадалі інфармацыю, што Пратасевіч знаходзіцца на борце самалёта, калі ён пралятаў над Беларусьсю.

У EYP абураныя такімі паводзінамі Беларусі, якія парушаюць міжнародныя законы і правілы.

Віцэ-міністар Грэцыі ў эўрапейскіх справах Мільтыядыс Варвіцыётыс заявіў, аднак, што ў Грэцыі цудоўна разумеюць, што «рэжым у Менску працуе на ўзор 70-80-х гг. Яго дзеяньні нагадваюць часы халоднай вайны, якія непрымальныя ў 2021 годзе».

Грэцыя працягвае дасьледаваць доказы сачэньня за Раманам Пратасевічам і яго дзяўчынай Соф’яй Сапегай на сваёй тэрыторыі і супрацоўнічае ў гэтым пытаньні зь міжнароднай супольнасьцю.

​
XS
SM
MD
LG