Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве па выніках пасяджэньня Рады міністраў Нямеччыны і Францыі, якое прайшло ўчора.
«Мы рашуча асуджаем перанакіраваньне самалёта Ryanair беларускімі ўладамі ў Менск 23 траўня 2021 года і патрабуем неадкладнага вызваленьня Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапегі. Мы вітаем апэратыўны і рашучы адказ Эўрапейскай рады. Улічваючы палітычную сытуацыю ў Беларусі, мы аднаўляем свае патрабаваньні аб правядзеньні датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў, вызваленьні ўсіх палітвязьняў і спыненьні гвалту ў дачыненьні да беларускага народу», — гаворыцца ў заяве.
На прэс-канфэрэнцыі пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель таксама закранула тэму Беларусі.
«Думаю, вельмі, вельмі добра, што Эўрапейская рада вельмі хутка і вельмі рашуча абвясьціла пра свае меры. Яны правільныя і неабходныя. Падзеі [у Беларусі] заслугоўваюць шкадаваньня.... Вядома, мы рашуча асуджаем, што Лукашэнка робіць з грамадзянскай супольнасьцю і апазыцыяй. Гэта ні ў якай меры не адпавядае нашым стандартам. Цалкам упэўненая, што гэта не апраўдае сябе і ў доўгатэрміновай пэрспектыве. Мы будзе ўводзіць санкцыі вельмі кропкава», — заявіла Мэркель.