Пра гэта паведамляе агенцтва РИА Новости, спасылаючыся на адпаведнае паведамленьне Службы аэранавігацыйнай інфармацыі дэпартамэнту цывільнай авіяцыі Міністэрства транспарту Кіпру.
З гэтай забароны выключаныя рэйсы гуманітарныя, хуткай дапамогі і самалёты, якія апынуліся ў надзвычайнай сытуацыі.
На Кіпры чакаюць эвакуацыі каля паўтысячы беларускіх турыстаў. Пра гэта Эўрарадыё сказаў беларус Зьміцер Касьпяровіч, які ня змог вылецець адтуль два дні таму.
«Нам 28 траўня паведамілі, што рэйс Belavia не адбудзецца. Самалёт Менск — Ларнака ў той дзень нават не вылятаў на Кіпр. Цяпер эвакуацыі на Кіпры чакае прыкладна 400–500 беларусаў. Абяцаюць адмысловы рэйс, які вывезе людзей, але калі ён будзе — невядома», — сказаў Касьпяровіч.
Паводле звестак РИА Новости, самалёты «Белавія» выконвалі пяць рэйсаў на тыдзень на Кіпр. У сувязі з пачаткам турыстычнага сэзону плянавалася пашырыць праграму палётаў. Цяпер на табло міжнароднага аэрапорту Ларнака значыцца па адным рэйсе «Белавія» на 1 і 2 чэрвеня. Разам з тым, дадае агенцтва, сама беларуская авіякампанія паведаміла аб прыпыненьні палётаў у Ларнаку.
Востраў Кіпр ад 1974 году падзелены на дзьве часткі: Рэспубліку Кіпр на поўдні, сувэрэнітэт якой у сьвятле міжнароднага права расьцягваецца на ўвесь востраў, і Турэцкую Рэспубліку Паўночнага Кіпру, якую прызнае толькі Турэччына. Ларнака знаходзіцца ў паўднёвай частцы вострава.