Адзін з чытачоў даслаў у рэдакцыю Tut.by паведамленьне аб закладзенай міне, якое паступіла на электронны адрас школы.
Мяркуючы па скрыншоце ліста, яго аўтар назваў сябе «паплечнікам Пратасевіча» і прасіў у выпадку выбуху вінаваціць блогера і не вінаваціць міліцыю.
Раніцай 31 траўня паведамленьні пра закладзеныя бомбы атрымалі школы ў Менску, Бабруйску, Каленкавічах, Смаргонях.
Як высьветліла «Эўрарадыё», Павал Бачэеў, ад імя якога «замінавалі» беларускія школы ў апошні дзень вясны, — рэальная асоба. Гэта артапэд, які жыве ў расейскім Омску. Падобна, ягоную пошту проста ўзламалі для рассылкі лжывых паведамленьняў.
Паводле заявы прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай, агулам «замінавалі» 118 школаў у Менску, а ў Беларусі ўсяго 270 месцаў. Нідзе інфармацыя пра закладзеныя выбуховыя прыстасаваньні не пацьвердзілася.
Напярэдадні кампанія ProtonMail, сэрвэры якой месьцяцца ў Швайцарыі, выступіла з афіцыйнай заявай пра тое, што з дапамогай іхнай пошты адправілі толькі адзін ліст, а ня некалькі, як раней сьцьвярджалі ўлады ў Беларусі. Аэрапорты іншых краін, на якія спасылаліся ў Менску, не атрымлівалі ніякіх апавяшчэньняў пра пагрозу «выбуху над Вільняй», аб якой казалі на беларускай тэлевізіі.
Акрамя таго, высьветлілася, што ліст паслалі толькі праз 24 хвіліны пасьля таго, як беларускі дыспэтчар настойліва рэкамэндаваў пілётам пасажырскага самалёту Ryanaiar Атэны — Вільня сядаць у Менску.
Пасьля скандалу з самалётам ірляндзкай авіякампаніі шэраг краін закрыў сваю паветраную прастору для Беларусі, у выніку чаго авіязносіны краіны з Эўропай амаль цалкам спынілася.