Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадарка ЗША ў Беларусі: Захад мусіць адказаць мовай, якую Лукашэнка здольны зразумець


Сьвятлана Ціханоўская і Джулі Фішэр (справа) у Вільні, люты 2021 году
Сьвятлана Ціханоўская і Джулі Фішэр (справа) у Вільні, люты 2021 году

Чаму прымусовая пасадка самалёта выклікала такую хуткую і скаардынаваную рэакцыю заходніх краін, чым яшчэ можа адказаць Захад, чаму ЗША і Расея абмяркоўваюць беларускае пытаньне без Беларусі?

На гэтыя пытаньні амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр адказала «Белсату».

— Ці зьмянілася што-небудзь у падыходзе ЗША да адносінаў зь Беларусьсю пасьля арышту Рамана Пратасевіча, які прэзыдэнт Байдэн назваў «абуральным інцыдэнтам і абразай міжнародных нормаў»?

— З нашага пункту гледжаньня не зьмянілася наступнае: падтрымка ЗША ў дачыненьні да народу Беларусі. Яна застаецца нязьменнай. Зьмянілася тое, наколькі адчайным стаў Лукашэнкам і як далёка ён гатовы зайсьці, каб задушыць галасы нязгодных. Мы будзем працягваць падтрымліваць народ Беларусі і будзем працягваць рэагаваць на гэтыя карэктаваньні, зьмены і тактыку, якую ўжывае Лукашэнка.

— Якія далейшыя крокі можа прыняць урад ЗША ў адказ на такія нападкі на палітычнае іншадумства і свабоду прэсы?

— Прэзыдэнт Байдэн ясна выказаўся з гэтай нагоды ў сваёй заяве, апублікаванай у пачатку гэтага тыдня. Ён даручыў нам, свайму ўраду, сваёй адміністрацыі, дзейнічаць сумесна з нашымі эўрапейскімі партнэрамі для выпрацоўкі адэкватнага адказу на гэтыя падзеі. Відавочна, што Захад мусіць адказаць мовай, які Лукашэнка здольны зразумець: мы ня будзем трываць такога роду дзеяньняў, трываць, каб яго інструмэнты рэпрэсій былі разгорнутыя ў Эўропе і за межамі Беларусі. Мы таксама не прымаем выкарыстаньня гэтых інструмэнтаў унутры Беларусі. Таму мы цяпер пераглядаем усе інструмэнты, якімі маем. І мы зьбіраемся рабіць гэта разам з нашымі эўрапейскімі партнэрамі.

— Чаму гвалтоўная пасадка самалёта выклікала такую хуткую і скаардынаваную рэакцыю заходніх краін, у той час як на папярэднія санкцыі пайшлі месяцы?

— Важна памятаць, што падзея, якая адбылася ў нядзелю, вядома ж, не зьяўляецца адзінкавым выпадкам. Вашы гледачы добра разумеюць, якія крокі рабіліся Лукашэнкам на працягу тыдняў, месяцаў і гадоў. Захад змог так хутка адрэагаваць, і, калі можна так сказаць, нашы эўрапейскія партнэры дзейнічалі ў гэтым выпадку зь неймавернай хуткасьцю. Гэта падзея адбылася на тэрыторыі дзьвюх краін – чальцоў ЭЗ. На гэтым рэйсе знаходзіліся грамадзяне многіх краін, ня толькі з ЭЗ, але і з Захаду. Спроба высачыць журналіста і яго спадарожніцу, захапіць Пратасевіча і Сапегу стала абсалютнай абразай ідэалаў Захаду. Я думаю, менавіта таму вы сталі сьведкамі такой неадкладнай рэакцыі з боку ЭЗ і ўсяго сьвету. Гэта рэакцыя ня толькі Эўропы, гэта сапраўды глябальная рэакцыя.

— Вельмі хутка прэзыдэнты Пуцін і Байдэн будуць абмяркоўваць Беларусь. Некаторыя экспэрты скептычна ставяцца да таго, што гэтыя перамовы будуць праходзіць без прадстаўнікоў Беларусі. Што вы можаце сказаць з гэтай нагоды?

— Калі гаворка зайшла аб сустрэчы прэзыдэнтаў Байдэна і Пуціна, якая адбудзецца ў наступным месяцы ў Жэнэве, прэзыдэнт Байдэн і Белы дом былі гранічна ясныя: гэтая дыскусія — важная магчымасьць зразумець, ці зможам мы знайсьці нейкую долю стабільнасьці ў адносінах паміж ЗША і Расеяй. Парадак дня гэтай сустрэчы шырокі. І гэта нездарма. Пакінем Беламу дому магчымасьць самому выказацца ў гэтых пытаньнях, а пакуль мы засяродзімся, вельмі шчыльна засяродзімся на праблеме палітычных зьняволеных у Беларусі, неабходнасьці спыненьня гвалту, які робіцца супраць народу Беларусі, і важнасьці дыялёгу, зьмястоўнага дыялёгу, які можа прывесьці да новых выбараў у Беларусі. Менавіта гэтыя крокі неабходныя для вырашэньня палітычнага крызісу, і мы будзем працягваць працаваць у гэтым кірунку.

— Ці падтрымліваюць ЗША прапанову прэзыдэнта Францыі запрасіць Сьвятлану Ціханоўскую на саміт «Вялікай сямёркі»?

— Саміт «Вялікай сямёркі» — гэта важны форум, таму што на ім сапраўды прадстаўлены голас вядучых дэмакратый сьвету, парынамсі, некаторых зь іх. Вельмі важна, што на гэтым тыдні «Вялікая сямёрка» ясна выказалася ў падтрымку народу Беларусі, адпрэчыла тое, што Лукашэнка зрабіў у нядзелю, і заклікала да вызваленьня Пратасевіча і Сапегі, а таксама палітычных зьняволеных. Хацелася б пачаць менавіта з гэтага.

— У мінулым інтэрвію вы сказалі, што для беларускіх уладаў яшчэ не занадта позна нешта зрабіць. Ці не занадта позна для дыялёгу цяпер?

— Гэта выдатнае пытаньне. Ня позна, ніколі ня позна лідэру пачаць клапаціцца пра дабрабыт свайго народу. Ня позна вырашыць, што абавязаньні, якія былі ўзятыя ў дачыненьні да правоў чалавека ў краіне, могуць быць выкананыя. Яшчэ ня позна вызваліць Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу. Яшчэ ня позна вызваліць 400 палітычных зьняволеных. Шмат што можна зрабіць з нагоды занепакоенасьці Захаду і народу Беларусі. Пытаньне аб тым, як можна супрацоўнічаць з Лукашэнкам на гэтым этапе, вельмі складанае, і мы над ім думаем.

Інцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла

  • 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
  • Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
  • Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
  • Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
  • Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
  • На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
  • У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
  • Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
  • Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
  • У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
  • Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
  • Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
  • Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
  • 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
  • Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
  • Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
  • 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
  • Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
  • Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
  • 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
  • Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
  • Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
  • 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
  • У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
  • 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
  • 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
  • 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
  • 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
  • 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.
  • 17 студзеня 2022 году ІCАО накіравала ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі справаздачу пра інцыдэнт пасьля некалькіх пераносаў тэрміну.
  • Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.
  • «Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — гаворыцца ў справаздачы расьсьледаваньня ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску.
  • 20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
  • Мін'юст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
  • Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.
  • 20 ліпеня ICAO апублікавала афіцыйную справаздачу пра здарэньне, у якім заявіла, што беларуская вэрсія падзей не атрымала ніякага пацьверджаньня, відэа- і аўдыязапісы карэктаваліся і выдаляліся, а расшыфроўка размоў паказала, што дыспэтчару каманды да экіпажу самалёта дыктавалі спэцслужбы. Мінаваньне самалёта было ілжывым.
  • У канцы кастрычніка 2022 з расшыфроўкі новых паказаньняў менскага авіядыспэтчара Алега Галегава стала вядома, што пры перамовах з экіпажам самалёта ў памяшканьні знаходзіўся ня толькі супрацоўнік КДБ, але і гендырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро, супраць якога ў ЗША яшчэ раней выставілі абвінавачаньне. Яны падышлі да дзяжурнага, які потым паведаміў дыспэтчару і яшчэ аднаму калегу аб пасажырскім самалёце Ryanair, які зьбіраўся ўвайсьці ў паветраную прастору Беларусі з боку Ўкраіны. Дзяжурны згадаў пра нібыта пагрозу выбуху супраць рэйсу і пра тое, што самалёт трэба накіраваць, але адгаварыў дыспэтчара інфармаваць Львоўскі дыспэтчарскі цэнтар у суседняй Украіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG