«Можа аказацца, што гэтыя санкцыі контрапрадуктыўныя. Важна не закрываць усе дзьверы для журналістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці», — заявіў кіраўнік нямецкага філіялу RSF Крыстыян Мір (Christian Mihr) у інтэрвію Redaktionsnetzwerk Deutschland, апублікаваным 26 траўня.
Крыстыян Мір пазытыўна ацаніў той факт, што Эўразьвяз хутка і згуртавана ўзгадніў санкцыі супраць Беларусі. У той жа час ён адзначыў, што авіярэйсы — адна зь нешматлікіх магчымасьцяў выехаць зь Беларусі, паколькі, да прыкладу, наземная мяжа з Польшчай закрытая праз каранавірус.
Экспэрт партыі «Зьвяз 90 / Зялёныя» ў замежнай палітыцы Юрген Трытын (Jürgen Trittin) таксама назваў абмежаваньні на грамадзянскія авіярэйсы зь Беларусі «ня вельмі разумнай мерай», паколькі яна, паводле яго, пазбаўляе людзей магчымасьці выехаць з краіны.
«Санкцыі павінны быць сканцэнтраваныя на эканоміцы. Нафта і калій — галоўныя экспартныя тавары Беларусі. 30 працэнтаў даходу ад замежнага гандлю прыпадае на дзяржаўны нафтавы і хімічны канцэрн. Нацэльвацца трэба на іх, калі хочаш нанесьці ўдар па рэжыму Аляксандра Лукашэнкі», — цытуе Трытына DW.
Беларуская лідэрка Сьвятлана Ціханоўская таксама лічыць, што прыпыненьне палётаў зь Беларусі не вырашае галоўнай праблемы, якая выклікала крызіс.
Эўразьвяз увёў санкцыі супраць беларускай дзяржаўнай авіякампаніі «Белавія» на тле канфлікту вакол экстранай пасадкі ў Менску самалёта Ryanair дзеля затрыманьня беларускага блогера Рамана Пратасевіча.