Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Украіны даручыў спыніць авіязносіны зь Беларусьсю


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі даручыў прэм’ер-міністру Ўкраіны Дзянісу Шмыгалю распрацаваць рашэньне аб спыненьні прамых авіяцыйных зносін зь Беларусьсю.

Як паведамілі ў прэсавай службе прэзыдэнта Ўкраіны, такое даручэньне Ўладзімір Зяленскі зрабіў па выніках нарады аб інцыдэнце 23 траўня з пасадкай у Менску пасажырскага самалёта Ryanair.

У нарадзе бралі ўдзел кіраўнік украінскага ўраду, сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксей Данілаў, міністар замежных справаў Дзьмітро Кулеба, міністар унутраных спраў Арсэн Авакаў, міністар энэргетыкі Герман Галушчанка, міністар інфраструктуры Аляксандар Кубракоў, а таксама намесьнікі кіраўніка Офіса прэзыдэнта.

У выніку аналізу сытуацыі з пасадкай ірляндзкага самалёта Ўладзімір Зяленскі даручыў распрацаваць рашэньне аб спыненьні прамых авіяцыйных зносін зь Беларусьсю, а таксама аб закрыцьці паветранай прасторы Беларусі для авіяпералётаў з Украіны і ва Ўкраіну.

Пазьней кіраўнік украінскага ўраду Дзяніс Шмыгаль склікаў на 25 траўня пазачарговае пасяджэньне Кабінэту міністраў для ўхваленьня рашэньня аб спыненьні авіязлучэньня зь Беларусьсю.

«Міністэрства замежных справаў і Міністэрства інфраструктуры ўжо рыхтуюць пакет адпаведных рашэньняў. Украіна належным чынам адрэагуе на сытуацыю з прымусовай пасадкай пасажырскага самалёта кампаніі Ryanair ў аэрапорце Менску», — паведаміў Дзяніс Шмыгаль у сваім тэлеграм-канале.

Інцыдэнт з самалётам Ryanair і затрыманьне блогера Пратасевіча. Сьцісла

  • 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
  • Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
  • Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
  • Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
  • Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
  • На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
  • У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
  • Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
  • Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
  • У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
  • Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
  • Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
  • Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
  • 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
  • Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
  • Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
  • 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
  • Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
  • Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
  • 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
  • Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
  • Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
  • 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
  • У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
  • 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG