«Праз два тыдні ў яе абарона дыплёма». Сябры і прадстаўнік ЭГУ пра затрыманьне дзяўчыны Пратасевіча Соф'і Сапегі

Соф'я Сапега
Соф'я Сапега

Пагутарылі з прадстаўніком унівэрсытэту, дзе вучыцца Соф'я Сапега, якую затрымалі 23 траўня разам з Раманам Пратасевічам. Даведаліся, як на гэта адрэагавалі сябры дзяўчыны.

Учора, 23 траўня, разам з Раманам Пратасевічам затрымалі ягоную дзяўчыну Соф'ю Сапегу: яны разам ляцелі з Атэнаў у Вільню. Цяпер дзяўчына знаходзіцца на Акрэсьціна, у чым яе абвінавачваюць — пакуль не вядома, паведаміла на прэс-канфэрэнцыі Сьвятлана Ціханоўская.

Соф'я — студэнтка пятага курсу ЭГУ, вучыцца на праграме «Міжнароднае права і права ЭЗ». Максімас Мілта, кіраўнік аддзелу камунікацыі і разьвіцьця Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, расказаў, што вядома на гэты момант.

«Мы ведаем, што затрыманьне ажыцьцяўлялася ўпраўленьнем Сьледчага камітэту Беларусі па горадзе Менску, аднак нам невядома, каб адвакат меў доступ да Соф'і. Соф'я зьяўляецца выдатнай студэнткай. Аднагрупнікі і выкладчыкі характарызуюць яе выключна са станоўчага боку. Для ЭГУ зьяўляецца абсалютна непрымальным той факт, што затрыманьне Соф'і адбылося безь якіх-небудзь падстаў ці прычынаў», — кажа Максімас Мілта.

Соф'я — грамадзянка Расеі, але большасьць свайго жыцьця пражыла ў Беларусі, скончыла школу ў Лідзе, адкуль і паступала ў ЭГУ.

«Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня Соф'і, а таксама наданьня ёй консульскай дапамогі як грамадзянцы Расеі. Мы зьвяртаемся да нашых міжнародных партнэраў, а таксама праваабарончай супольнасьці, каб зрабіць усе высілкі для яе найхутчэйшага вызваленьня».

Максімас кажа, што ўчора беларускія ўлады ажыцьцявілі абсалютна непрымальны акт.

«Тое расьсьледаваньне, якое ініцыяваў літоўскі бок, хутчэй за ўсё, зможа яшчэ раз пацьвердзіць, што спроба беларускіх уладаў паказаць учорашнюю падзею як нібыта спробу выратаваць Эўропу і пазбавіць яе ад балясту, як напісалі ў тэлеграм-канале „Пул Первого“, зьяўляецца яшчэ адным прыкладам беспакаранасьці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. І ў гэтым сэнсе мы салідарныя з усімі, хто бяспраўна затрыманы ці зьяўляецца сёньня ахвярамі палітычных рэпрэсій у Беларусі».

Соф'я Сапега.
Соф'я Сапега.

Зараз палітвязьнямі ў Беларусі прызнаныя студэнты ЭГУ Марыя (Марфа) Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада, а таксама выпускнікі Мікола Дзядок і Ўладзімер Малахоўскі.

«Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня чальцоў нашай супольнасьці, як і ўсіх іншых палітвязьняў Беларусі».

«Яна абсалютна спакойны і добры чалавек»

Вось, што кажа пра Соф'ю яе аднакурсьніца з ЭГУ:

«Я ў шоку. Учора ўвесь дзень зь сяброўкай, таксама маёй аднакурсьніцай, абмяркоўвалі беззаконьне, якое пануе ў краіне, пасадку самалёта і пагрозу жыцьцю затрыманаму, але не ўяўлялі, што сытуацыя на самай справе можа настолькі нас тычыцца. Здавалася б, куды больш? І вось яшчэ да афіцыйнай заявы, каля 22:00, я даведаюся, што дзяўчына затрыманага — наша Софа! Каб апісаць маё зьдзіўленьне, наўрад ці хопіць слоў. Я ж ведала, што яна ў Грэцыі, што пасьпяхова прайшла перадабарону дыплёму і паехала адпачываць».

Ужо праз два тыдні ў Соф'і абарона дыплёму. Аднакурсьніца кажа, што яе вельмі пужае думка, што Соф'і можа ня быць зь ёй і групай у дзень здачы.

«Соф'я вельмі прыемная дзяўчына, мы не былі блізкімі сяброўкамі, але заўсёды мелі вельмі цёплыя зносіны. Акрамя прывабнай зьнешнасьці, у яе востры розум і добрае сэрца. Ня ведаю ніводнага чалавека, які б неяк нэгатыўна аб ёй адгукаўся, праўда. Я вельмі спадзяюся, што ўсё вырашыцца хутка і мы зможам убачыць Соф'ю цэлай, а галоўнае — свабоднай».

Соф'я Сапега.
Соф'я Сапега.

Вось што кажуць знаёмыя Соф'і:

«Я, несумненна, шакаваны гэтай навіной. У апошні час мы не размаўлялі і пра яе стасункі ведаць я ня мог. Ня думаю, што Соф'я зьяўляецца палітычнай актывісткай, гэта не пра яе. Яна абсалютна спакойны і добры чалавек. Вельмі спадзяюся, што гэтае непаразуменьне ў хуткім часе вырашыцца», — кажа хлапец.

«Я мела зносіны з Соф'яй, хоць і ня блізка, але мяне вельмі ўзрушыла інфармацыя аб яе затрыманьні. Я шчыра падзяляю абурэньне сытуацыяй, якая склалася ў прыватнасьці, і тым, што адбываецца ў краіне», — дадае дзяўчына.

​
XS
SM
MD
LG