Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША заклікаў Беларусь паважаць асноўныя правы і свабоды грамадзянаў

©Shutterstock
©Shutterstock

Дзярждэпартамэнт заявіў, што павага афіцыйным Менскам асноўных свабодаў, у тым ліку свабоды мірных сходаў, слова і асацыяцыяў, мае вырашальнае значэньне для ўмацаваньня двухбаковых адносінаў ЗША і Беларусі.

У адказ на запыт CNN Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША выказаў занепакоенасьць з нагоды разгону дэманстрацыяў і затрыманьні журналістаў у Беларусі пасьля адмовы ў рэгістрацыі двух апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты — Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.

Больш за тры сотні людзей былі гвалтоўна разагнаныя і арыштаваныя ў Беларусі ў ходзе пратэстаў супраць нядопуску Бабарыкі і Цапкалы, грамадзяне падалі тысячы індывідуальных скаргаў у Цэнтральную выбарчую камісію, на якія ЦВК адказала адной адмовай на сваім сайце.

Прэс-сакратарка Дзяржаўнага дэпартамэнту Злучаных Штатаў Морган Артагус 16 ліпеня пракамэнтавала падзеі ў Беларусі апошніх дзён: выказала глыбокую занепакоенасьць паведамленьнямі пра затрыманьні мірных актывістаў і журналістаў, а таксама сказала, што ЗША лічаць «надзвычай важнымі для ўраду забясьпечыць роўныя ўмовы для ўсіх, хто хоча прыняць удзел у выбарах».

Таксама 16 ліпеня Эўразьвяз выказаў занепакоенасьць затрыманьнямі ў Беларусі і запатрабаваў свабоды асацыяцый і сходаў. Асобна выказала «велізарную занепакоенасьць» Міністэрства замежных справаў Літвы. У ААН паведамілі, што сочаць за сытуацыяй у Беларусі і заклікаюць улады краіны да стрыманасьці.

«Мы глыбока занепакоеныя нядаўнімі паведамленьнямі пра масавыя затрыманьні мірных актывістаў і журналістаў пасьля дыскваліфікацыі двух бачных апазыцыйных кандыдатаў напярэдадні жнівеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў, — пазьней заявіў CNN прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, які пажадаў захаваць ананімнасьць. — Мы працягваем заклікаць урад Беларусі прыняць захады для паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека і дэмакратыі, і выконваць абавязаньні перад АБСЭ.

Павага асноўных свабодаў, у тым ліку свабоды мірных сходаў, слова і асацыяцыяў, мае вырашальнае значэньне для ўмацаваньня двухбаковых стасункаў ЗША і Беларусі».

У заяве ад 16 ліпеня міжнародны Камітэт абароны журналістаў (CPJ) заклікаў улады Беларусі спыніць «перасьлед, затрыманьне і абвінавачваньне» супрацоўнікаў СМІ — за час пратэстаў 14–15 ліпеня затрымалі паўтара дзясятка журналістаў, а карэспандэнта Радыё Свабода зьбілі пры затрыманьні.

«Беларускія ўлады павінны перастаць затрымліваць і судова перасьледаваць журналістаў, калі яны хочуць, каб будучыя выбары ў краіне мелі хоць нейкую легітымнасьць», — заявіў 16 ліпеня Гульноза Саід, каардынатар праграмы абароны правоў СМІ ў Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

Раней Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо ў сваёй заяве з нагоды афіцыйнага Дня Незалежнасьці Беларусі (Дня Рэспублікі) заклікаў «ўрад Беларусі зрабіць усё магчымае, каб будучыя выбары былі свабоднымі і сумленнымі».

«Гэта ўключае ў сябе права шырокага кола кандыдатаў удзельнічаць у выбарчай кампаніі, права грамадзянаў зьбірацца мірна і вольна выказваць свае думкі, а таксама адкрыты і сумленны падлік галасоў. Усе гэтыя асноўныя свабоды неабходны для забесьпячэньня далейшай незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі», — падкрэсьліў ён.

Пампэо таксама казаў, што Злучаныя Штаты «натхнёныя» разьвіцьцём адносінаў паміж дзьвюма краінамі і «гатовыя дапамагчы Беларусі ў разьвіцьці і дывэрсыфікацыі эканомікі».

Вашынгтон і Менск у апошні час распачалі шэраг крокаў па нармалізацыі дыпляматычных стасункаў. У лютым Пампэо стаў самым высокапастаўленым амэрыканскім чыноўнікам, які наведаў краіну за апошнія дзесяцігодзьдзі, і сустрэўся з беларускім прэзыдэнтам, які кіруе краінай з 1994 году.

​
XS
SM
MD
LG