МЗС Літвы: Беларусь усё больш аддаляецца ад стандартаў дэмакратыі

Затрыманьні ў Менску, 15 ліпеня, ілюстрацыйнае фота
Затрыманьні ў Менску, 15 ліпеня, ілюстрацыйнае фота

Апошнія падзеі падчас перадвыбарнай кампаніі ў Беларусі выклікаюць «велізарную занепакоенасьць», заявіла 15 ліпеня Міністэрства замежных справаў Літвы.

Гэтыя падзеі — «сэлектыўная рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты, новая хваля рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці, апазыцыі, палітычных апанэнтаў і кандыдатаў, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і блогераў, затрыманьне соцень людзей».

«Цяперашнія здарэньні паказваюць, што Беларусь усё больш аддаляецца ад стандартаў дэмакратыі», — лічаць у замежнапалітычным ведамстве.

«Мы заклікаем кіраўніцтва Беларусі забясьпечыць канкурэнтаздольнае перадвыбарчае асяродзьдзе, бясьпечныя, свабодныя і добрасумленныя выбары, адпусьціць усіх затрыманых і забясьпечыць асноўныя свабоды і правы чалавека, — гаворыцца ў заяве. — Працяг палітычна абгрунтаваных рэпрэсій, магчымы рост колькасьці новых палітычных зьняволеных будуць мець наступствы для далейшых стасункаў Эўрапейскага зьвязу і Беларусі».

У той жа час «мірныя, свабодныя і добрасумленныя прэзыдэнцкія выбары заахвоцілі б дэмакратычнае разьвіцьцё Беларусі, умацавалі яе сувэрэнітэт і незалежнасьць».

Літоўскі МЗС закрануў таксама тэму Астравецкай АЭС:

«Кіраўніцтва Беларусі шмат разоў публічна выказвала гатоўнасьць рэалізоўваць усе рэкамэндацыі міжнародных органаў, а таксама пацьвярджала сваю згоду з нагоды міжнароднага перагляду Нацыянальнага пляну дзеяньняў у рэалізацыі рэкамэндацый стрэс-тэстаў ЭЗ, аднак да гэтага часу рэальнага прагрэсу ў гэтай сфэры няма.

Мы заклікаем Беларусь да супрацоўніцтва з Эўрапейскім зьвязам у сфэры ядзернай бясьпекі і аховы навакольнага асяродзьдзя адносна праекту атамнай электрастанцыі на астравецкай пляцоўцы і не пачынаць пасьпешлівую эксплюатацыю атамнай электрастанцыі, а накіраваць намаганьні ўсіх беларускіх органаў на рэалізацыю патрабаваньняў ядзернай бясьпекі і аховы навакольнага асяродзьдзя».

Акрамя таго, Літва «як найбліжэйшая суседка Беларусі» «зь непакоем» назірае за сытуацыяй з пандэміяй COVID-19 у краіне і дала ёй «адпаведную гуманітарную дапамогу» (7 ліпеня на 50 тыс. даляраў ЗША — 16 800 л дэзынфэкцыйнай вадкасьці і 8 400 аднаразовых халатаў).

«Мы зацікаўленыя ў разьвіцьці добрасуседзкіх стасункаў зь Беларусьсю, заснаваных на ўзаемнай павазе і даверы. Аднак гэта залежыць таксама ад волі і дзеяньняў суседняй краіны», — падкрэсьліваецца ў заяве.

​
XS
SM
MD
LG