Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пальчыс: Улада робіць усё, каб людзі радыкалізаваліся і ішлі на вуліцу


Пратэст 14 ліпеня 2010 году. Менск
Пратэст 14 ліпеня 2010 году. Менск

Блогер Эдуард Пальчыс разважае пра новае пакаленьне, якое прыходзіць у палітыку, лічыць, што пратэсты ператвараюцца з карга-культу ў канкрэтны інструмэнт, і заяўляе, што цяпер з уладай «няма пра што гаварыць».

Сьцісла:

  • Грамадзтва ўсё больш разьлічвае на сябе, што ня можа не задавальняць.
  • Спадзяюся, што зараз мы зможам адчуць прыток шматлікіх новых людзей у грамадзка-палітычную сфэру.
  • Раней ідэя Плошчы ці «вялікага пратэсту» была нейкім рэлігійным карга-культам.
  • Разьлічваю, што беларускі сцэнар будзе трохі падобны да гісторыі развалу СССР.

— Ці лічыце вы, што апошнія месяцы мы назіраем у тых ці іншых праявах працэс самаарганізацыі грамадзтва? Пра што гэта сьведчыць? Пра недавер да ўлады ці недавер да «старых» апазыцыйных палітыкаў?

— Гэтыя працэсы самаарганізацыі пачаліся некалькі год таму. Вырасла новае пакаленьне, якое спрабуе хоць неяк удзельнічаць у палітычным і грамадзкім жыцьці. І калі дзяржава (як у сытуацыі з COVID-19) ці старыя палітыкі (частка якіх сядзіць, а рэшта займаецца абы-чым) ня робяць сваёй справы, то ў людзей узьнікае жаданьне самім праяўляць ініцыятыву. Гэта сьведчыць, што грамадзтва ўсё больш разьлічвае на сябе, што ня можа не задавальняць.

Эдуард Пальчыс 7 чэрвеня 2020
Эдуард Пальчыс 7 чэрвеня 2020

— Як вы ставіцеся да дыскусіяў апошніх тыдняў паміж «новымі» і «старымі» апазыцыянэрамі? Вы напісалі ў сацыяльных сетках — «Ну што, мілыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія месяц таму пісалі: „Нарэшце ў нас нармальны кандыдат, а не радыкал нейкі“. Ваш кандыдат (на думку ўлады) — кіраўнік арганізаванай злачыннай групоўкі і больш небяспечны за Саньнікава зь Някляевым, якіх рэгістравалі. Вітаем сярод змагароў». Ці сапраўды гэтыя людзі, якія на гэтых выбарах на сабе адчулі падман і маніпуляцыі, цяпер пачнуць браць больш актыўны ўдзел у палітычным жыцьці?

— Бяз гэтых дыскусіяў было нельга, бо ўсяго месяц таму шмат хто мяне запэўніваў, што Бабарыка «палітычны геній», а яго словы пра адсутнасьць масавых рэпрэсій і немагчымасьць сфальсыфікаваць выбары больш чым на 20%, што ён не ўяўляе, як немагчыма яго не зарэгістраваць, — чыстая праўда. А калі ты яго крытыкуеш, то ты проста зайздросьціш або ня верыш у перамены, ты нацыяналіст-змагар, якому толькі БЧБ памахаць недзе трэба.

Але зараз менавіта ўлада робіць усё, каб тыя, хто месяц назад спадзяваўся перамагчы сыстэму па яе ж правілах, пераходзілі на больш радыкальныя пазыцыі і ішлі на вуліцу. Бо калі твае мары і надзеі растоптваюць, то заўжды зьяўляецца і злосьць.

Таму — так, спадзяюся, што зараз мы можам адчуць прыток шматлікіх новых людзей у грамадзка-палітычную сфэру, і гэта вельмі добра.

— Наколькі радыкальна ахапіла насельніцтва гэтая актывізацыя і палітызацыя, якую мы назіраем у гэтай кампаніі? У якія формы яна можа выліцца?

— Калі Ціханоўскі абвясьціў пра ўдзел у прэзыдэнцкай гонцы, а затым Цапкала з Бабарыкам — для многіх было ўжо сьмела заявіць аб іх падтрымцы. Потым, калі пасадзілі Ціханоўскага — шмат хто ўпершыню пайшоў стаяць у чэргах, каб падпісацца за яго. Я там быў і адчуваю, што людзі былі на ўзводзе, дый увогуле з прычыны пасадак каго-небудзь такіх акцыяў раней не было. Потым пасадзілі Бабарыку, і людзі зноў пайшлі на вуліцу, проста стыхійна і дэцэнтралізавана.

Учора, пасьля шоў Ярмошынай, яны ўжо выходзілі з адпорам. Таму пакуль бачная адна заканамернасьць — чым больш улада паводзіць сябе неадэкватна, тым больш радыкалізацыя будзе павялічвацца.

— Стыхійныя праявы пратэсту, напрыклад, акцыя 14 ліпеня — пра што яны сьведчаць? Бязь нейкага закліку з боку кандыдатаў і палітыкаў тысячы людзей, абгаварыўшы гэта ў Telegram-каналах, выйшлі на вуліцы. Ці ёсьць пэрспэктывы ў такога руху?

— Гэта сьведчыць пра тое, што паступова мяняецца сьвядомасьць людзей. Раней ідэя Плошчы ці «вялікага пратэсту» была нейкім рэлігійным карга-культам. Дзе палітыкі, як жрацы, казалі пра асаблівае дзейства, якое зьменіць усё. Трэба толькі прыйсьці ў вызначаную дату і ў вызначанае месца.

Цяпер пратэсты ператвараюцца, як і ў астатніх краінах, у канкрэтны інструмэнт. Людзей абураюць і абражаюць паводзіны ўлады — яны выходзяць на вуліцы, паказваючы сваю пазыцыю. Ім не патрэбныя для гэтага лідэры, ім патрэбныя сябры побач і інтэрнэт, каб адчуваць еднасьць з астатнімі.

Пэрспэктыва ў такога ёсьць, дастаткова паглядзець на той жа Ганконг, дзе ёсьць вялізная дэцэнтралізацыя і шмат групаў, якія дзейнічаюць. Але для такога ўзроўню трэба яшчэ працягваць сасьпяваць і расьці.

— У 2018 годзе вам разам зь іншымі ўдалося арганізаваць маштабнае і легальнае сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР на плошчы каля опэрнага тэатру ў цэнтры Менску. Але гэта быў час «лібэралізацыі», які відавочна скончыўся, нават не на гэтых выбарах, а раней. Як могуць цяпер скласьціся адносіны паміж дзяржаўнымі структурамі і незалежным грамадзтвам?

— Так, гэта быў проста момант і акно магчымасьцяў, якім мы змаглі скарыстацца. Цяпер сытуацыя такая, што ўлады самі за 2019–2020 год закрылі ўсе магчымасьці таго, каб зь імі хоць пра нешта можна было дамаўляцца. На працягу гэтага часу яны рабілі дзікія і непатрэбныя рэчы, якія ня мелі ніякага сэнсу. Які сэнс быў выдзіраць трактарамі крыжы ў Курапатах у красавіку мінулага году? Навошта БНР-101 было адпраўляць на Бангалор, а БНР-102 нават проста глушыць у інтэрнэце?

Навошта было выпісваць на 60 000 даляраў штрафаў тым, хто выходзіў супраць інтэграцыі з РФ? Навошта было зьнявольваць майго сябра Ігара Лосіка па справе неадказу на пытаньні прастытуткі да Сяргея Ціханоўскага ў Горадні? Навошта катаваць людзей у ЦІП на Акрэсьціна? І такія пытаньні можна задаваць бясконца.

Я ня ведаю, пра што можна пасьля гэтага размаўляць зь імі.

— З усіх варыянтаў зьмены ўлады які вам уяўляецца рэалістычным? Павінны ж супасьці эканамічны і палітычны крызіс, раскол унутры намэнклятуры і Плошча. Ці будзе гэты сцэнар і ў Беларусі, ці тут заўсёды нейкі свой адмысловы шлях?

— Пасьля таго як Лукашэнка сам 100500 разоў сказаў, што ніякіх эканамічных рэформаў ня будзе, я разьлічваю, што сцэнар будзе трохі падобны да гісторыі развалу СССР. Эканоміка будзе гніць, і ўсё цяжэй будзе ўбухваць грошы ў стратныя прадпрыемствы. Пачнуцца звальненьні, а затым праблемы з налічэньнем заробку, пэнсій, стыпэндыяў і г.д. Гэта і ёсьць добрая нагода для страйкаў, актывізацыя шырокага сацыяльнага пратэсту, які потым трансфармуецца ў палітычны.

Я меркаваў, што гэта будзе праз 2–3 гады ад выбараў-2020. Але тая каталізацыя, якую выклікаў спачатку Ціханоўскі, а затым Бабарыка, Цапкала, акцыі салідарнасьці — не дае ўжо права стопрацэнтна казаць пра нейкі канкрэтны сцэнар. Ніхто цяпер ня ведае дакладна, па якім сюжэце пройдуць перамены. Магчыма, ён будзе ўнікальны і яго назавуць потым «беларускім сцэнарам», па аналёгіі з Майданам, «армянскай рэвалюцыяй» і г.д.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG