Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці скончыліся выбары 14 ліпеня?


Затрыманьне падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Ці будуць прыхільнікі незарэгістраванага Віктара Бабарыкі абараняць свой выбар? Ці падтрымаюць яны Сьвятлану Ціханоўскую? Які плён можа даць кампанія «100 тысячаў назіральнікаў»? Якія шанцы на байкот выбараў?

На гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце разважаюць палітычны аналітык Валер Булгакаў і рэжысэр Андрэй Курэйчык.

Ці меў рацыю Дзьмітрыеў, калі сказаў, што выбары скончыліся сёньня?

Курэйчык: Выбары ў дэмакратычным сэнсе і не пачыналіся. Але кожныя 5 гадоў мы ўспрымаем выбары, як магчымасьць нешта зьмяніць у грамадзтве. І ў гэтым сэнсе, як грамадзкая пратэстная зьява, выбары ня скончыліся.

Андрэй Курэйчык
Андрэй Курэйчык

Булгакаў: Выбарчы спэктакль будзе працягвацца. Пэўныя непрадказальныя віражы цалкам магчымыя, але галоўная інтрыга зьнятая. Толькі адна акалічнасьць можа сур’ёзна паўплываць на перакульваньне выбарчага сцэнару — гэта нечаканыя крокі кандыдатаў, якія не былі зарэгістраваныя.

Ці будзе ў Беларусі, як цяпер у Хабараўску, дзе ідуць масавыя пратэсты?

Булгакаў: Беларусы больш запалоханыя, чым цяпер жыхары Хабараўску. Выбарчы штаб адкрыта не выяўляе ніякіх памкненьняў для пратэсту ў публічнай прасторы. Іх задача зараз — не перамога, а вызваленьне свайго лідэра. Цана пратэсту ў Беларусі вышэйшая, чым у азіяцкім рэгіёне Расеі. У найбліжэйшыя дні мы ўбачым у публічнай прасторы, хто падтрымлівае Бабарыку.

Валер Булгакаў
Валер Булгакаў

Курэйчык: Я рабіў два праекты ў Хабараўску. Гэта міф, што там проста самаарганізаваліся людзі і выйшлі на вуліцу. Там ЛДПР мае вельмі моцныя структуры, там уся гарадзкая Дума — гэта толькі ЛДПР. Як там, гэтак і тут я веру толькі ў арганізаваны пратэст. Я ня веру ні ў якую чыстую самаарганізацыю. Каманда Бабарыкі ня робіць рэзкіх дзеяньняў, каб не пашкодзіць яму. Падобная сытуацыя і ў Сьвятланы Ціханоўскай. Улада можа дзейнічаць кропкава, але яна бясьсільная супраць шырокай сеткі. Такія сеткі ёсьць у Бабарыкі, і ў Цапкалы. Калі скласьці рэсурсы Бабарыкі, Цапкалы, Ціханоўскай, традыцыйных партыяў — гэта даволі вялікі кулак. Усіх не пасадзіш.

Ці праўда, што настрой людзей — «хто заўгодна, абы не Лукашэнка»?

Курэйчык: Навальны ў Расеі прыдумаў «разумнае галасаваньне» — за каго заўгодна, абы не за «Единую Россию». Гэтае галасаваньне шмат дзе спрацавала, у прыватнасьці, у Хабараўску, так перамог Фургал. Тое самае цяпер у Беларусі. Задача — хаця б пачаць шлях да зьмены рэжыму. І павінная быць поўная ўзаемазамяняльнасьць лідэраў.

Булгакаў: Чаму ў Беларусі не працуе «разумнае галасаваньне» у стылі Навальнага. Таму што ў Расеі сям-там галасы лічацца. У Беларусі гэта рытуальная, чыста бюракратычная працэдура. Ну і што з таго, што нейкія прыхільнікі Бабарыкі прагаласуюць за Ціханоўскую? Павінная быць праграма выбарчых штабоў. Ідзе размова пра сцэнар Плошчы ці нейкія новыя лічбавыя спосабы праяўленьня салідарнасьці.

Курэйчык: У штабоў Бабарыкі і Ціханоўскай няма іншага выбару. Калі яны не перамогуць, то Сьвятлана доўга не ўбачыць свайго мужа, і ўвесь штаб Бабарыкі робіцца бессэнсоўным наборам людзей у прыгожым будынку. Магчыма, і для Цапкалы. Хутчэй за ўсё, яго таксама не пакінуць у спакоі.

Якія цяпер шанцы на байкот? Ці здымуцца ўсе кандыдаты, акрамя Лукашэнкі?

Курэйчык: Праблема з байкотам адна — гэта плян, які рэалізуе сама ўлада. Яна адхіліла ад выбараў і Бабарыку, і Цапкалу, і Ціханоўскага для таго, каб прыхільнікі гэтых кандыдатаў сядзелі дома. У маладых сілаў іншая канцэпцыя — канцэпцыя мабілізацыі. Для гэтага ім вялікія ініцыятыўныя групы, 100 тысячаў назіральнікаў, рэфэрэндум па Канстытуцыі. А задача ўлады — каб усе сядзелі дома каля «тэліка» і пісалі адзін аднаму пасты ў ФБ.

Булгакаў: Сёлетняя выбарчая кампанія пераканаўча сьведчыць пра тое, што тактыка байкоту была бессэнсоўная і контрапрадуктыўная. Беларуская грамадзтва было скаланутае зьяўленьнем новых людзей з палітычнымі амбіцыямі. Але нават у цяперашняй сытуацыі любыя заклікі да байкоту значна менш эфэктыўныя, каб разварушыць грамадзтва, чым працяг барацьбы ў тых надзвычай цяжкіх умовах, калі казаць пра Віктара Бабарыку, Сяргея Ціханоўскага ці пра таго ж Міколу Статкевіча.

Байкот — гэта выбар кабінэтных мысьляроў, гэта выбар, які будзе незразумелы тым сэгмэнтам грамадзтва, калі былі ўзьнятыя гэтымі выбарчымі падзеямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG