Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ў відэазвароце, апублікаваным 16 ліпеня на сайце ЦВК, патлумачыла, чаму ЦВК не зарэгістравала кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі Валера Цапкалу і Віктара Бабарыку.
Прычынай нерэгістрацыі Цапкалы, сказала Ярмошына, зьяўляецца «недастатковая колькасьць сапраўдных подпісаў у падтрымку яго вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты, а таксама недакладнасьці ў дэклярацыі аб даходах і маёмасьці яго жонкі».
Абвінавачаньні на адрас ЦВК з нагоды нерэгістрацыі Валера Цапкалы, дадала Ярмошына, выкліканыя «звычайнай прыкрасьцю ад уласнай памылкі».
Ярмошына таксама назвала неабгрунтаванымі довады, што Віктару Бабарыку, які знаходзіцца пад сьледзтвам з прычыны абвінавачаньня ў эканамічных злачынствах, нельга было адмовіць у рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты на падставе прэзумпцыі невінаватасьці.
«<…> прынцып прэзумпцыі невінаватасьці ўжываецца толькі ў крымінальным праве. Што ж тычыцца выбарчага заканадаўства, то довадамі і падставамі для адмовы ў рэгістрацыі зьяўляюцца зьвесткі, атрыманыя зь іншых крыніц, незалежна ад узбуджэньня крымінальнай справы, якая сьведчыць аб тым, што дэклярацыя непраўдзівая», — адзначыла Лідзія Ярмошына.