Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: У ЦВК падалі больш за 5 тысяч скаргаў на нерэгістрацыю Бабарыкі і Цапкалы


Чарга да ЦВК 15 ліпеня

З больш як 2 тысяч чалавек, што стаялі 15 ліпеня ў чарзе ў Цэнтравыбаркам, толькі 148 пасьпелі падаць скаргі на адмову ў рэгістрацыі Віктару Бабарыку і Валеру Цапкалу. Усяго ЦВК атрымала больш за 5 тысяч зваротаў, паведаміла Tut.by старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

«Прыйшлі ў Цэнтральную камісію праз прыёмную па звароце 148 чалавек, якія падалі 275 пісьмовых зваротаў. Акрамя таго, за пэрыяд 15–16 ліпеня паступіла 1060 аналягічных зваротаў па пошце і 4067 электронных зваротаў», — сказала Ярмошына.

Апублікаванае на сайце ЦВК папярэджаньне, што надалей звароты ад грамадзян (за выключэньнем кандыдатаў і іх давераных асобаў) будуць прымацца толькі па пошце, паводле Ярмошынай, абумоўлена «неабходнасьцю захаваць звыклы рытм працы ЦВК і эпідэмічнай бясьпекай яе работнікаў і насельніцтва».

Учорашнюю чаргу каля ЦВК Ярмошына назвала «ня больш і ня менш як палітычнай акцыяй, зрэжысэраванай паплечнікамі спадара Бабарыкі».

«Цэнтральная камісія ў зрэжысэраваных акцыях палітычных праціўнікаў, якія гуляюць у палітычныя гульні, удзельнічаць ня будзе. Мы проста ня маем ні фізычных, ні арганізацыйных, ні тэхнічных магчымасьцяў гэта рабіць», — сказала Ярмошына.

Тое, што адказ на звароты грамадзян апублікавалі 16 ліпеня на сайце Цэнтравыбаркаму, не дасылаючы адказы на звароты кожнаму асабіста, як прадугледжана законам, у ЦВК патлумачылі тым, што «пададзеныя звароты — гэта «ня шмат заяваў, а адна заява, якую падала вялікая колькасьць людзей», а каб адправіць больш за тысячу адказаў у трохдзённы тэрмін, у ЦВК «няма пэрсаналу».

«Не ў кампэтэнцыі Цэнтравыбаркаму знаходзіцца на дадзены момант пытаньне абскарджаньня рашэньняў аб адмове ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Дадзеныя асобы могуць зьвярнуцца ў Вярхоўны суд і падаць заяву аб адмене рашэньня ЦВК. Што тычыцца астатніх пытаньняў, напрыклад, па запрашэньні фірмаў для сацыялягічных апытаньняў, то ЦВК гэтым не займаецца — у нас гэтага няма ў кампэтэнцыі», — дадала Ярмошына.

16 ліпеня ЦВК апублікавала адказ на масавыя скаргі адносна адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктару Бабарыку і Валеру Цапкалу, а таксама іншых пытаньняў. У адказе гаворыцца, што:

  • паводле артыкула 68¹ Выбарчага кодэксу толькі самі асобы, якім адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатамі, могуць скардзіцца на гэтую адмову;
  • зьмена меры стрыманьня Бабарыку — справа Сьледчага камітэту, адносна гэтага ЦВК ня мае паўнамоцтваў пісаць звароты ў СК;
  • ЦВК ня мае права рэгуляваць сваёй пастановай пытаньні аб паўнамоцтвах назіральнікаў на выбарах, яны вызначаныя артыкулам 13 Выбарчага кодэксу (пры тым ЦВК абмяжоўвае правы назіральнікаў праз «рэкамэндацыі» ў «мэтадычных дапаможніках»);
  • ЦВК ня мае патрэбы запрашаць міжнародныя арганізацыі для правядзеньня экзыт-полаў — сацыялягічныя апытаньні маюць права праводзіць арганізацыі, акрэдытаваныя Камісіяй па апытаньнях грамадзкай думкі пры Акадэміі навук.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG