Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына абвінаваціла штабы Бабарыкі і Цапкалы ў арганізацыі масавых пратэстаў


Лідзія Ярмошына

Несанкцыянаваныя акцыі «арганізаваныя і сплянаваныя» штабамі двух палітыкаў, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатамі на пост прэзыдэнта, — Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы, заявіла кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына агенцыі РИА Новости.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Я адразу ж магу сказаць, што гэтыя акцыі ўсе арганізаваныя і сплянаваныя, перш за ўсё, тымі самымі перадвыбарчымі штабамі прэтэндэнтаў на гэты пост», — заявіла кіраўніца ЦВК.

Паводле яе, пра гэта сьведчаць звароты грамадзян, якія ў сераду масава падаюцца ў Цэнтральную выбарчую камісію і ў якіх агучана патрабаваньне зарэгістраваць кандыдатамі Бабарыку і Цапкалу.

«Гэта абсалютна аднолькавыя і ідэнтычныя заявы, распаўсюджаныя праз інтэрнэт, яны падаюцца менавіта з нагоды адмовы ў рэгістрацыі двух кандыдатаў. Таму я думаю, што тут скаардынаваныя дзеяньні», — сказала Ярмошына.

Яна лічыць, што паколькі цяпер у Беларусі адпускны і вакацыйны пэрыяд, і, апроч таго, значная частка насельніцтва ня можа выехаць за мяжу праз пандэмію каранавірусу COVID-19, «гэтае расслабленае асяродзьдзе спрыяе таму, што вельмі шмат людзей выплюхваюць сваю агрэсію гэткім чынам».

14 ліпеня ў Менску і мностве іншых гарадоў Беларусі (у тым ліку ў Гомлі, Берасьці, Горадні, Бабруйску, Салігорску, Стоўпцах, Пружане) людзі выйшлі на вуліцы пасьля адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Праваабаронцы налічылі звыш 250 затрыманых (у тым ліку 14 журналістаў) падчас пратэстаў 14 ліпеня ў розных гарадах Беларусі.

Ніхто з патэнцыйных кандыдатаў (або іншых палітыкаў) не заклікаў пратэставаць публічна. Людзі выходзілі без плякатаў і транспарантаў, зьбіраліся ў розных месцах гарадоў, выгукалі лёзунгі і пляскалі ў далоні.

Адбыліся масавыя затрыманьні, некаторых затрыманых зьбівалі супрацоўнікі АМАП і «людзі ў цывільным». Асобныя людзі спрабавалі адбіць затрыманых. Сьведкі паведамлялі пра сутычкі дэманстрантаў з АМАПам у раёне плошчы Перамогі ў Менску, дзе затрыманьнямі кіраваў камандзір сталічнага АМАПу Дзьмітры Балаба. Паведамлялі пра надзвычай жорсткае затрыманьне і абыходжаньне з затрыманымі ў аўтазаках.

Паводле МУС, вечарам 14 ліпеня шэсьць супрацоўнікаў АМАП атрымалі траўмы, зь іх чатырох шпіталізавалі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG