Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ня маем ніякай ілюзіі». Цапкала расказаў, што ягоная каманда будзе рабіць далей


Валер Цапкала
Валер Цапкала

Валер Цапкала, якому Цэнтравыбаркам адмовіў у рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты, запісаў відэазварот. Ён заявіў, што факты парушэньняў улады і сьпіс датычных да фальсыфікацыі выбараў перададуць у міжнародныя структуры і апублікуюць.

«Мы безумоўна будзем падаваць апэляцыю ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Але мы ня маем ніякай ілюзіі што да таго, якое рашэньне ён вынесе. У нас у Рэспубліцы Беларусь няма прынцыпу падзелу ўладаў, які існуе ў большасьці разьвітых краінаў сьвету.

У нас, на жаль, ёсьць толькі адна ўлада, яна ж ёсьць і выканаўчай, і заканадаўчай, і судовай.

Але мы ў гэты раз змаглі зафіксаваць усе юрыдычныя парушэньні, да якіх зьвяртаецца ўлада для таго, каб фальсыфікаваць выбары. І мы перадамо гэтыя высновы разам зь сьпісам тых людзей, якія бралі ўдзел у фальсыфікацыі выбараў. Мы перадамо і ў міжнародныя суды, і ў міжнародныя арганізацыі. Іх імёны будуць абавязкова апублікаваныя на розных парталах для таго, каб і яны самі, і іхныя дзеці, і іх унукі змаглі бачыць і «ганарыцца» тымі людзьмі, якія ўдзельнічалі ў фальсыфікацыі волевыяўленьня беларускіх грамадзянаў.

Я ведаю пра тое, як пасьля вайны бегалі дзеці і сваякі некаторых калябарантаў, якія супрацоўнічалі з фашысцкай Нямеччынай у гады Другой усясьветнай вайны падчас акупацыі Беларусі. Як яны бегалі па розных архівах і прасілі выдаліць фатаграфіі й інфармацыю пра сваякоў, якія супрацоўнічалі з нацысцкай Нямеччынай.

І я ўяўляю, як будуць бегаць дзеці і ўнукі тых, хто сёньня ідзе парушэньне беларускага закону. Хто ідзе на самае галоўнае, самае вялікае злачынства — гэта злачынства супраць беларускага народу. Хто гатовы дзеля таго, каб прыслужыцца ў гэтай улады, ісьці на фальсыфікацыю выбараў і ўрэшце на здраду народу Беларусі. На дзяржаўную здраду, таму што найвышэйшай крыніцай дзяржаўнай улады паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ёсьць беларускі народ», — сказаў Цапкала.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі правяла 14 ліпеня паседжаньне, на якім разглядала рэгістрацыю кандыдатаў у прэзыдэнты. Чальцы камісіі адзінагалосна прагаласавалі за рэгістрацыю кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня і гэтак жа адзінагалосна выказаліся за нерэгістрацыю Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.

Ярмошына прапанавала адмовіць Бабарыку ў рэгістрацыі ў сувязі зь неадпаведнасьцю дэклярацыі фактычным даходам і ўдзелу замежнай арганізацыі ў ягонай кампаніі. Цапкалу старшыня ЦВК прапанавала не рэгістраваць праз подпісы і недакладныя зьвесткі з дэклярацыі жонкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG