Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выбары» без Бабарыкі: чаго чакаць ад «энтузіястаў новай хвалі»


Пікет па зборы подпісаў за Віктара Бабарыку ў Бабруйску, 15 чэрвеня 2020 году
Пікет па зборы подпісаў за Віктара Бабарыку ў Бабруйску, 15 чэрвеня 2020 году

Сьцісла:

  • У краіне, дзе ўлада трымаецца на гвалце, шляхам выбараў не перамагаюць.
  • Перадвыбарчыя дзеяньні можна і варта выкарыстоўваць дзеля агітацыі і прапаганды сваіх поглядаў і прамоцыі сваіх прэтэндэнтаў.
  • Хутчэй за ўсё, грамадзкія «энтузіясты новай хвалі» пачнуць вывучаць усясьветны досьвед мірных супраціваў.
  • Інтэрнэт застанецца галоўным мэханізмам самаарганізацыі грамадзян.
  • Пасьля 9 жніўня пачнецца новая эра станаўленьня грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Тое, што Віктара Бабарыку не зарэгіструюць кандыдатам у прэзыдэнты — гэта хорам прагназавалі як палітычныя аглядальнікі, так і тыя, хто проста ўважліва сочыць за беларускай уладай ад 1994 году. Надта моцны трапіўся Лукашэнку канкурэнт упершыню за шмат гадоў. А ўсё таму, што выбарцы зьмяніліся.

2020 год стаўся ўнікальным для Беларусі. Апроч каранавірусу, які перад «выбарамі» замкнуў у Беларусі амаль усё насельніцтва, паўстаў такі фактар, як татальная інтэрнэтызацыя беларусаў. Улада канчаткова страціла манаполію на распаўсюд інфармацыі, а значыць, уласнай вэрсіі падзей у краіне.

Але самае галоўнае — у грамадзкае жыцьцё прыйшла новая генэрацыя. Пад генэрацыяй звычайна лічаць крок у дваццаць пяць гадоў. Гэта амаль супала з часам знаходжаньня Лукашэнкі пры ўладзе. Вялізарная колькасьць людзей, якія ўключыліся ў працу на палітыка Віктара Бабарыку, з розных прычын упершыню ў жыцьці прымералі на сябе вобраз грамадзка-палітычных актывістаў. Хтосьці праз адносна малады ўзрост, хтосьці таму, што раней ня бачыў для сябе годных кандыдатаў.

З кандыдатамі атрымалася ілюзія магчымасьці выбару. Палітычныя аглядальнікі і проста абазнаныя людзі далікатна намякалі, што дыктатуры на выбарах не ператвараюцца ў дэмакратыі. Але, відаць, так было трэба, каб новадалучаныя пераканаліся ў гэтым самі. Высьветлілася, што Лукашэнка можа тэрарызаваць апанэнтаў ня толькі пасьля выбараў, як гэта было ў 2006 і 2010 гадах. Усё бывае ўпершыню. Хтосьці ўпершыню ўпрогся за палітыка, а хтосьці ўпершыню пасадзіў сваіх галоўных апанэнтаў за краты.

Што, на мой погляд, дазналіся «энтузіясты новай хвалі» (азначэньне палітычнага аналітыка Андрэя Ягорава):

— У краіне, дзе ўлада трымаецца сілай, на выбарах не перамагаюць;

— Перадвыбарчыя дзеяньні можна і варта выкарыстоўваць дзеля агітацыі і прапаганды сваіх поглядаў і прамоцыі сваіх прэтэндэнтаў.

Чаго далей можна чакаць ад усіх (і «новых», і «старых») грамадзкіх актывістаў?

Думаю, цяпер, разам з пазбаўленьнем ад пэўных ілюзій, ідзе асэнсаваньне новых рэалій. З самых розных публічных выступаў — ад відэазваротаў да камэнтаў у сацсетках — вынікае, што апанэнты Лукашэнкі настроеныя на мірны супраціў. Магчыма, цяпер ідзе вывучэньне ўсясьветнага досьведу.

У навуковых і папулярных артыкулах па найноўшай гісторыі можна шмат прачытаць пра самаарганізацыю грамадзтва. Пра акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня, кшталту ўсеагульнай забастоўкі ці мірнага выхаду на вуліцы, нават бязь лёзунгаў.

Як складзецца ў Беларусі, пакажа час. Відавочна, што пратэставая энэргія нікуды ня зьнікне сама сабою. Тым больш, што ў 2020 годзе ў Беларусі сышліся ў адно інтарэсы розных грамадзкіх групаў: ад рабочых да «крэатыўнага клясу».

У кожным разе, інтэрнэт будзе і надалей выконваць вельмі важную ролю для каардынацыі самых розных групаў беларускіх грамадзян. Інтэрнэт не адключаць цалкам і надоўга (бо гэта жывыя грошы, якіх так мала ў дзяржаўным скарбе), таму інтэрнэт застанецца асноўным сродкам самаарганізацыі.

Што да перасьледу блогераў, гэта вельмі непрадуктыўны шлях уладаў, бо зьмест таго ці іншага пабліку можна рыхтаваць у Беларусі, а выстаўляць матэрыялы можа і чалавек з-за мяжы.

І самае галоўнае. У інтэрнэце лідэрам пратэсту можа быць нават не рэальны чалавек, а аватар з псэўданімам.

Пасьля 9-га жніўня варта чакаць рознага кшталту рэпрэсій супраць актыўных грамадзянаў. Але варта чакаць і пачатку новай эры ў станаўленьні грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG