Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нерэгістрацыя Бабарыкі. Лукашэнка паказаў усім, што спужаўся


Віктар Бабарыка і Аляксандар Лукашэнка

Сэнсацыі не адбылося. Віктара Бабарыку не зарэгістравалі. Тут хіба можна зьвярнуць увагу на вельмі сумнеўныя падставы для адмовы, піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Маўляў, ён не ўказаў даходы, нажытыя злачынным шляхам. Гэтыя высновы ЦВК грунтаваліся на папярэдняй інфармацыі сьледчых органаў. Праігнаравалі прынцып прэзумпцыі невінаватасьці: тое, што злачынства любога грамадзяніна можа прызнаць толькі суд.

А тое, што ўдзел супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку» ў ініцыятыўнай групе Бабарыкі расцанілі як дапамогу замежнай дзяржавы, увогуле ўвойдзе ў падручнікі юрыспрудэнцыі як прававы кур’ёз.

Уласна, сёньняшняе рашэньне ЦВК цалкам выцякала з той стратэгіі, якую выбрала кіроўная каманда. З моманту арышту Бабарыкі іншага рашэньня проста быць не магло.

Пасадзіць галоўнага канкурэнта за краты і пры гэтым пакінуць яго ў выбарчым бюлетэні было б дзіўным і нелягічным рашэньнем. Бо дзеля чаго? Каб умацаваць легітымнасьць перамогі Лукашэнкі? Дык гэтая легітымнасьць парушана арыштам Бабарыкі. Пасадзіць у турму галоўнага канкурэнта — гэта большы ўдар па легітымнасьці, чым ягоная нерэгістрацыя.

Тады што азначала заява Лукашэнкі 12 чэрвеня пра будучы лёс Віктара Бабарыкі: «Я хачу, каб ён трапіў на выбары... Вязьнем сумленьня мы яго ня зробім»? Гэта сьведчыць пра тое, што рашэньні кіроўнай каманды прымаліся па ходу кампаніі, як толькі станавіўся больш зразумелым маштаб пагрозы.

І ўжо зусім не лягічна было б рэгістраваць Віктара Бабарыку пасьля таго, як забракавалі подпісы Валера Цапкалы. Бо тады ўсе галасы прыхільнікаў апошняга перайшлі б да фаварыта кампаніі, то бок да Бабарыкі.

Да таго ж можна меркаваць, што пасьля арышту Бабарыкі і інтэнсіўнай дыскрэдытацыі яго дзяржаўнымі мэдыя ягоная папулярнасьць, наадварот, узрасла. Бо запрацаваў чыньнік сымпатыі да ахвяры ўладнага самавольства. То бок эфэкт атрымаўся адваротны. У выніку — іншых варыянтаў, акрамя як выкінуць Бабарыку з выбарчага працэсу, у Лукашэнкі не засталося.

Быў, праўда, такі рызыкоўны варыянт: пакінуць Бабарыку ў бюлетэнях, а стаўку зрабіць на выбарчую машыну, якая за чвэрць стагодзьдзя навучылася даваць патрэбны вынік.

Але тут ёсьць адна праблема. На пачатку кампаніі журналісты пыталі Віктара Бабарыку: маўляў, на што вы спадзеяцеся? Хіба ня ведаеце, што ў Беларусі выбараў няма? Той адказаў, што калі мяне падтрымае 80%, то ўся выбарчая машына паламаецца і ЦВК будзе вымушана даваць рэальныя вынікі галасаваньня.

Лукашэнка спужаўся, што Бабарыка мае рацыю, і ня стаў праводзіць такі экспэрымэнт, — ён вялікі перастрахоўшчык.

Якія высновы? Лукашэнка ахвяраваў вобразам моцнага палітыка, які не баіцца канкурэнцыі. Такі вобраз ён дэманстраваў раней. Цяпер ён паказвае ўсім — грамадзтву, намэнклятуры, замежным суб’ектам — што ён слабак, што ягоная легітымнасьць сумнеўная. І што ўся гэтая інфармацыя пра рэйтынг у 76% — хлусьня. Бо з такім рэйтынгам можна было б рэгістраваць усіх.

Цяпер мяняюцца і спосабы легітымацыі, і прырода палітычнага рэжыму, і шмат што іншае.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG