Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Парушана прэзумпцыя невінаватасьці», — юрыст Сапелка пра адмову рэгістраваць Бабарыку


Павал Сапелка

З аднаго боку, Цэнтральная выбарчая камісія можа карыстацца любымі зьвесткамі ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў для таго, каб вызначыць, што ёсьць істотныя адхіленьні ад дадзеных, пазначаных у дэклярацыі прэтэндэнта ў кандыдаты. Але абвінавачваць без суду ЦВК ня можа, заявіў Свабодзе юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» і былы адвакат Павал Сапелка.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«У пастанове ЦВК, якая вызначае мэханізмы, што выкарыстоўвае гэтая камісія для праверкі зьвестак, выкладзеных у дэклярацыі аб даходах і маёмасці, ёсьць шмат палажэньняў, якія супярэчаць прэзумпцыі невінаватасьці.

Абвінавачваць без суду ЦВК ня можа. Ёсьць такое паняцьце, як прэзумпцыя невінаватасьці. Да суду ніхто ня можа абвінаваціць чалавека ў крымінальных злачынствах, назваць чалавека вінаватым і злодзеем.

Да таго ж, як пацьвярджае і сама Лідзія Ярмошына, ЦВК ня мае дакумэнтаў з замежных кампаній, пра якія яна гаворыць.

Для такой сытуацыі павінен быць зразумелы, просты, празрысты і эфэктыўны мэханізм абскарджваньня рашэньняў ЦВК у судзе.

У прынцыпе, такое права абскарджваньня ў тых, каму ЦВК адмаўляе ў рэгістрацыі, тэарэтычна ёсьць. Але бяда ў тым, што прадстаўнікі прэтэндэнта ў кандыдаты сутыкнуцца з суровай рэальнасьцю і з тым, што справядлівага і незалежнага суду ў Беларусі таксама няма», — кажа юрыст Павал Сапелка.

Як Ярмошына агучыла абвінавачваньне Бабарыку

Падчас паседжаньня ЦВК старшыня Лідзія Ярмошына прызнала, што ініцыятыўная група Віктара Бабарыкі сабрала звыш 100 тысяч подпісаў. У дэклярацыі заўважылі дробныя недахопы: не пазначыў кэшбэку на 283,43 рубля і даход з укладаў у 1263,99 даляра і 0,05 эўра. Таксама была памылка з даходам па аблігацыях Мінфіну — пазначылі на 65 даляраў менш, але на 95 эўра больш. Гэта менш за 20% гадавога даходу, памылка нязначная.

Але ў дэклярацыі не былі пазначаныя матэрыяльныя сродкі з замежных рахункаў, дадала Ярмошына. Камітэт дзяржаўнага кантролю сьцьвярджае, што «злачынная група» здабывала злачынныя даходы і незаконная дзейнасьць Бабарыкі як «кіраўніка злачыннай групоўкі» «пацьвярджаецца» канфіскаванымі матэрыяламі і допытамі падазраваных. Выявілі, што Бабарыка нібыта атрымаў незадэкляраваныя 350 тысяч даляраў ЗША. Пры тым суду ў справе Бабарыкі яшчэ не было і, адпаведна, ён не прызнаны вінаватым.

Ярмошына пажартавала, што «хабар у падатковай дэклярацыі не пазначаецца». Паводле яе, выявілі і іншыя неадпаведнасьці ў дэклярацыі.

Дзяржкантроль таксама сьцьвярджае, што Бабарыка незаконна выкарыстоўваў замежную фінансавую дапамогу падчас кампаніі — рэсурсы «Белгазпрамбанку», які на 99% належыць расейскім кампаніям. Некаторыя чальцы ініцыятыўнай групы працавалі ў гэтым банку і займаліся справамі выбарчай кампаніі ў працоўны час і з выкарыстаньнем працоўных сродкаў, сьцьвярджае Ярмошына са спасылкай на Дзяржкантроль, а гэта парушэньне Выбарчага кодэксу.

Ярмошына прапанавала адмовіць Бабарыку ў рэгістрацыі ў сувязі зь неадпаведнасьцю дэклярацыі фактычным даходам і ўдзелу замежнай арганізацыі ў ягонай кампаніі.

Прадстаўнік ініцыятыўнай групы, юрыст Максім Знак расказаў, што пра ліст КДК ня ведаў нават сёньня, а яшчэ ўчора ініцыятыўная група бачыла, што ўсе зьвесткі з дэклярацыі былі прызнаныя адпаведнымі. Ён адзначыў, што зьвесткі зь ліста — прадмет абвінавачаньня, якое ня толькі не было разгледжана ў судзе, але нават не прадстаўлена абароне для азнаямленьня. У лістах не пазначаны канкрэтныя факты незаконнай дзейнасьці, адзначыў ён, а паказаньні супраць Бабарыкі супярэчлівыя, у тым ліку ў сумах незаконна атрыманых грошай. На падставе неадпаведнасьці дэклярацыяў няма прычыны адмаўляць у рэгістрацыі, заявіў ён.

Што да ўдзелу супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку» ў выбарчай кампаніі, Знак адзначыў: большасьць чальцоў ініцыятыўных групаў недзе працавалі, і выкарыстаньне, напрыклад, службовага тэлефона ў мэтах кампаніі — дысцыплінарнае парушэньне, але не «фінансаваньне кампаніі замежнай арганізацыі». Прамога ці ўскоснага замежнага фінансаваньня кампаніі не даказалі, упэўнены ён.

За тое, каб адмовіць Бабарыку ў рэгістрацыі, прагаласавалі аднагалосна.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG