Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэты дакумэнт сапраўдны», — палітычны аглядальнік БТ Крывашэеў пра 76%-ы рэйтынг Лукашэнкі


Андрэй Крывашэеў на кніжным кірмашы ў Менску, архіўнае фота
Андрэй Крывашэеў на кніжным кірмашы ў Менску, архіўнае фота

«Вам прасьцей патэлефанаваць у ААЦ. Я ня ведаю, як яны гэта робяць», — адказалі Свабодзе ў Інстытуце сацыялёгіі Акадэміі навук.

Андрэй Крывашэеў выклаў у фэйсбуку дакумэнт пра тое, што рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі складае 76%. Сацыёлягі ставяць гэтую лічбу пад сумнеў. Прычым іх засмучае і сам адсотак — 76%, і пазначаная колькасьць апытаных — 21 тысяча. Невядома, якая сацыялягічная структура праводзіла гэтае дасьледаваньне.

Аднак палітычны аглядальнік Андрэй Крывашэеў, які абнародаваў дакумэнт, запэўніў Свабоду, што ён сапраўдны.

«Усё менавіта так, як я напісаў у фэйсбуку. Гэты дакумэнт сапраўдны. Яго мне ўчора з рук у рукі перадаў кіраўнік дзяржавы. Астатнія пытаньні — не да мяне».

У дакумэнце ААЦ, які абнародаваў Крывашэеў, гаворыцца, што, «паводле апэратыўнай інфармацыі, якая паступае ў ААЦ з розных крыніц, да канца чэрвеня 2020 году ўзровень даверу кіраўніку дзяржавы дасягнуў 76%».

У дакумэнце фігуруе яшчэ адна дзіўная лічба — «агульная выбарка 21 тысяча чалавек». Сацыёлягі кажуць, што гэта нерэальна.

БІСД не камэнтуе неафіцыйную інфармацыю

Апэратыўна спраўдзіць інфармацыю, апублікаваную Крывашэевым, у нібыта першакрыніцы — у Апэратыўна-аналітычным цэнтры (ААЦ) пра прэзыдэнце — Свабодзе не ўдалося. Пасьля доўгіх кансультацый дзяжурны па ААЦ перадаў, што трэба напісаць афіцыйны запыт.

У Беларускім інстытуце стратэгічных дасьледаваньняў (БІСД), на які ёсьць спасылка ў дакумэнце, камэнтаваць адмовіліся. Таксама доўга раіліся, узгаднялі і ў канцы дня адказалі:

«БІСД не камэнтуе інфармацыю, якая не была апублікаваная афіцыйна».

Да таго ж БІСД сацыялягічных дасьледаваньняў сам рабіць ня можа, а можа толькі замаўляць іх у службаў, акрэдытаваных Нацыянальнай Акадэміяй навук.

Інстытут сацыялёгіі НАН дасьледаваньня не рабіў

Самая сур’ёзная і аўтарытэтная ўстанова — Інстытут сацыялёгіі НАН — апошняе дасьледаваньне рабіла ў сакавіку-красавіку. Узровень даверу Лукашэнку ў Менску тады складаў 24%.

Генадзь Коршунаў
Генадзь Коршунаў

Дырэктар Інстытуту сацыялёгіі Генадзь Коршунаў у адпачынку ўжо 4 тыдні. Але ён пацьвердзіў Свабодзе, што пасьля красавіка ніякіх дасьледаваньняў Інстытут не рабіў — з прычыны каранавірусу. Ён таксама не дапускае, што апытаньне магло рабіцца літаральна ў апошнія тыдні, у пэрыяд ягонай адсутнасьці.

«Так хутка дасьледаваньні ня робяцца. Дый цяпер наагул цяжка зь людзьмі працаваць», — кажа Генадзь Коршунаў.

Намесьнік дырэктара Інстытуту сацыялёгіі Юры Чарняк таксама ня ведае, хто праводзіў гэтыя дасьледаваньні. Пракамэнтаваць, наколькі рэальныя лічбы і рэйтынгу, і колькасьці апытаных, ён адмовіўся.

«Пытаньне не да нас. Вам прасьцей патэлефанаваць у ААЦ. Я ня ведаю, як яны гэта робяць», — адказаў Юры Чарняк.

«ААЦ, па вялікім рахунку, ня мае ніякай рэпутацыі», — палітоляг Андрэй Казакевіч

Дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра», доктар паліталягічных навук Андрэй Казакевіч наагул лічыць, што дакумэнт несапраўдны.

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

«Па сваёй структуры гэты дакумэнт не выглядае як арыгінальны. Там ёсьць шмат момантаў, якія выклікаюць сумнеў, што гэтая папера сапраўдная. У ім няма ніякіх прыкметаў, што гэта адпавядае праўдзе.

Як я разумею, уладзе трэба было зрабіць адказ на „3%“ і ўсю кампанію, зьвязаную з гэтым, і прадэманстраваць адваротнае, паказаць высокія лічбы. Але не выглядае, што гэта сапраўды сур’ёзнае дасьледаваньне», — кажа Андрэй Казакевіч.

Палітоляг дадае, што калі б у Лукашэнкі сапраўды быў такі высокі рэйтынг, ён бы друкаваўся Інстытутам сацыялёгіі ці іншай аўтарытэтнай сацыялягічнай службай.

«А ён публікуецца са спасылкай на ААЦ, які, па вялікім рахунку, ня мае ніякай рэпутацыі. У гэтым нібыта дакумэнце прыводзіцца нейкая жахлівая лічба — выбарка 21 тысяча! Гэта нерэальная лічба. Але рэпутацыі ва ўстановы няма.

Тое, што адбываецца „зьліў“ без пазначэньня нейкай уплывовай крыніцы, сьведчыць, што гэта чыста інфармацыйны захад», — кажа Казакевіч.

«Гэта абсалютна бессэнсоўныя лічбы», — сацыёляг Сяргей Нікалюк

Сацыёляг Сяргей Нікалюк з жалем канстатуе, што Інстытут сацыялёгіі, які створаны для вывучэньня беларускага грамадзтва і працу якога аплачвае бюджэт, цяпер рэйтынгаў не замярае.

Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк

«Любы нармальны сацыёляг з задавальненьнем рабіў бы дасьледаваньні, аналізаваў, дзяліўся вынікамі. Але яны рабіць гэта ня могуць — ім забараняюць. Над імі стаяць начальнікі», — кажа спадар Нікалюк.

На думку спадара Нікалюка, цяпер уладзе нявыгадна праводзіць апытаньні і лічыць рэйтынгі.

«Вось здарыўся каранавірус. Гэта адбілася неяк на настроях грамадзтва? Мы ведаем, як гэта адлюстравалася з дадзеных ААЦ? Ня ведаем. А мы ведаем, як эпідэмія адбілася на стаўленьні да ўладаў? Ня ведаем. Насельніцтва ўхваліла дзеяньні ўладаў ці не? Мы ня ведаем. Тады пра які рэйтынг казаць?

У Жванецкага ёсьць цудоўная фраза пра рэйтынг. „Калі ў мяне ў пакоі адно вакно, то які ў яго рэйтынг?“

Гэта абсалютна бессэнсоўныя лічбы. Але яны ўкідваюцца, ужо „сьцелюць саломку“ і нас рыхтуюць да таго, што ня „Саша 3%“ (хоць лічба 3% да сацыялёгіі ня мае адносінаў, але гэта іншае пытаньне). Зразумела, што рэйтынг Лукашэнкі зараз падае», — падсумоўвае сацыёляг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG