Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беспрэцэдэнтны гвалт». Выбарчая кампанія – 2020 вачыма праваабаронцаў 


Антураж прэзыдэнцкіх выбараў-2020

Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» правялі онлайн-канфэрэнцыю, прысьвечаную кампаніі па выбарах прэзыдэнта Беларусі.

Юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч акрэсьліў асноўныя рысы сёлетняй кампаніі.

Прадстаўнікоў апазыцыі ў тэрытарыяльных камісіях паменшала ў 15 разоў

Паводле яго, усе ранейшыя кампаніі суправаджаліся рэпрэсіямі, але гэтым разам адбываецца беспрэцэдэнтны гвалт, пачынаючы зь першых этапаў, ад абвяшчэньня Палатай прадстаўнікоў даты выбараў.

У Беларусі цяпер 25 палітычных вязьняў, большасьць якіх непасрэдна зьвязаныя з выбарчай кампаніяй. Найперш гаворка пра Віктара Бабарыку, ягонага сына Эдуарда і чальцоў штабу, а таксама блогера Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў.

Паводле праваабаронцаў, Аляксандар Лукашэнка ў гэты час займаўся дыскрэдытацыяй апанэнтаў, застрашваў паўтарэньнем крывавых разгонаў у краінах экс-СССР і публічна даваў указаньні на сілавую рэакцыю супраць канкрэтных асобаў — Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, часткова Валера Цапкалы.

Беспрэцэдэнтая актыўнасьць грамадзян, якія жадалі паставіць подпісы за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў, суправаджалася беспадстаўнай жорсткасьцю сілавікоў, заявілі назіральнікі. Раней падчас збору подпісаў такіх перашкод не чынілася.

Рашэньне ЦВК 14 ліпеня адмовіць у рэгістрацыі Віктару Бабарыку і Валеру Цапкалу, на думку праваабаронцаў, выклікала лягічную рэакцыю іхных прыхільнікаў, аднак праваахоўныя органы працягнулі практыку татальных затрыманьняў удзельнікаў мірных акцый і наступных судоў.

У такіх умовах правядзеньне празрыстых і свабодных выбараў не ўяўляецца магчымым, перакананы Уладзімер Лабковіч. Асабліва з улікам фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісій, укамплектаваных праўладнымі партыямі і арганізацыямі. Колькасьць прадстаўнікоў апазыцыі ў іх зьменшылася ў 15 разоў, калі параўноўваць зь папярэднімі кампаніямі, падлічыў Лабковіч.

Гэта ж тычыцца і ўчастковых камісій, куды практычна паводле разнарадкі прызначалі прадстаўнікоў аднаго прадпрыемства ці ўстановы. Усё гэта прыкрывалася пандэміяй каранавірусу і немагчымасьцю праводзіць адкрытыя паседжаньні з удзелам усіх ахвочых. Пры гэтым якасьць онлайн-трансьляцый не вытрымлівае крытыкі. Дзейнасьць камісій сфальсыфікаваная ад пачатку, канстатаваў праваабаронца.

Гульня зь лічбамі падрывае давер да мэтадаў працы ЦВК

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак закрануў тэму вылучэньня і рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты.

Сёлета найменшы тэрмін на падрыхтоўку да пачатку кампаніі, бо выбары прызначылі амаль на месяц раней, чым чакалася. Толькі 7 дзён на фармаваньне ініцыятыўных групаў замест 17, як у 2015 годзе. Тым ня менш падалі заявы рэкордная колькасьць прэтэндэнтаў — 55. Праўда, 40 зь іх — гэта кандыдаты пратэсту зь ліку паплечнікаў Міколы Статкевіча.

Гулак заявіў, што сьвядома пазбавілі магчымасьці ўдзелу ў выбарах аднаго з «народных фаварытаў», блогера Сяргея Ціханоўскага. Гэта сьведчыць пра загадзя дыскрымінацыйны падыход да «непажаданых апанэнтаў», заявіў Гулак.

Адрозна ад мінулых выбараў, ад самага пачатку адсутнічае лібэральнае стаўленьне да альтэрнатыўных кандыдатаў — аніякай аглядкі на тое, як можа адрэагаваць міжнародная супольнасьць, працягнуў Гулак.

Паводле яго, у адрозьненьне ад збору подпісаў за Бабарыку, Цапкалу, Ціханоўскую ды іншых, за Лукашэнку зьбіралі праз адміністрацыйны рэсурс, пікетаў за яго практычна не было.

«Адпаведна, няма даверу да падліку галасоў — працэдура засталася непразрыстай і тайнай. Таму беспрэцэдэнтная колькасьць забракаваных галасоў за Бабарыку і Цапкалу не вытрымлівае крытыкі. Як і тое, якім чынам істотна павялічылася колькасьць падпісантаў за Ганну Канапацкую і Сяргея Чэрачня. «Гульня зь лічбамі» яшчэ больш падрывае давер да мэтадаў падліку Цэнтарвыбаркаму», — заявіў Алег Гулак.

Беларускія праваабаронцы застаюцца ў кантакце са структурамі АБСЭ і Эўразьвязу, каб даць аб’ектыўную карціну таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі.

З улікам таго, што Сьледчы камітэт паведаміў аб завядзеньні крымінальнай справы за падзеі 14 ліпеня паводле арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) — разьлічваць на зьмякчэньне градусу супрацьстаяньня ўлады з уласным народам не даводзіцца, падсумаваў Алег Гулак.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG