Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цапкала: Мы павінны прадэманстраваць нязгоду з ігнараваньнем волі беларускага народу


Валер Цапкала, архіўнае фота
Валер Цапкала, архіўнае фота

«Мы ўсё ж такі павінны выйсьці і прадэманстраваць сваю нязгоду з поўным ігнараваньнем волі беларускага народу», — заявіў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Валер Цапкала ў відэазвароце, які ён запісаў пасьля рашэньня ЦВК не рэгістраваць яго і Віктара Бабарыку кандыдатамі ў прэзыдэнты.

«Мы павінны прадэманстраваць сваю нязгоду з тым, як крадуцца нашы галасы, як праходзіць маніпуляцыя нашымі галасамі», — заклікаў Цапкала. Ён прапанаваў «проста выйсьці на вуліцы, праспэкт Незалежнасьці і стаць у чаргу на аўтобусных прыпынках».

«Гэтая чарга можа быць досыць доўгая. Садзіцца, калі трэба, у аўтобус і праехаць адзін прыпынак. Але мы павінны выйсьці і паказаць, што мы людзі, што мы ня хочам стаяць на каленях — тое, чаго чакае ад нас улада», — заявіў прэтэндэнт.

«Мы многія адмовіліся ад нейкіх матэрыяльных дабротаў, мы прыйшлі ў гэтую кампанію, адмовіўшыся ад спакойнага жыцьця для таго, каб памяняць беларускае грамадзтва, — адзначыў Цапкала. — Давайце мы таксама ня будзем ляжаць проста на канапах, ня будзем проста глядзець тэлевізар, а знойдзем гадзіну-дзьве часу для таго, каб устаць і паглядзець на твары тых беларускіх хлопцаў і дзяўчат, якія сёньня хочуць бачыць Рэспубліку Беларусь іншай краінай, якія сёлета 9 жніўня хацелі б прачнуцца ў іншай Беларусі».

Цапкала «хацеў бы, каб ня толькі маладыя — юнакі і дзяўчаты, а каб іхныя бацькі, бабулі таксама прыйшлі і сталі ў гэтыя «ланцугі салідарнасьці». «Падумайце, калі моладзь зьедзе, хто вас будзе тут хаваць? Калі яна ня будзе мець нармальнай высокааплатнай працы, яна абавязкова паедзе і вы застаняцеся адны», — лічыць палітык.

На яго думку, улада паказала, «як яна ўжо сёньня падробіць вынікі выбараў 9 жніўня».

«І калі мы ня выйдзем на плошчу, калі мы ня выйдзем на вуліцы, калі мы ня будзем выходзіць пастаянна, рэгулярна, гэтая маніпуляцыя будзе працягвацца. Тое ж самае ўлада зробіць і празь пяць гадоў, тое ж самае яна зробіць і праз 10 гадоў, тое ж самае яна зробіць і праз 15 гадоў, тое ж самае яна зробіць і праз 20 гадоў. І яна будзе гэта рабіць да таго часу, пакуль мы ня выкажам салідарнасьць, пакуль мы не пакажам, на што мы здольныя», — перакананы Цапкала.

Ён падкрэсьліў, што «гэта павінна быць усё ў межах закону».

«Я не заклікаю нікога нічога штурмаваць. Я вельмі добра памятаю, як Махатма Гандзі зьбіраў мірныя акцыі пратэсту. Менавіта гэтыя мірныя акцыі пратэсту перамаглі Брытанскую імпэрыю. Менавіта гэтыя людзі, простыя, няўзброеныя людзі, проста выходзілі, ішлі і дэманстравалі тое, што яны зьяўляюцца народам. Тым народам, які мае права на сувэрэннае, асэнсаванае існаваньне. Бязь нянек, бяз „бацькаў“, без панукваньняў, без пагарды, без нахабства, бяз хамства, бяз пыхі, без усіх гэтых якасьцяў, якія сёньня ўлада дэманструе ў дачыненьні да народу Беларусі », — адзначыў прэтэндэнт на прэзыдэнцкі пост.

Улада «даўно не цікавіцца тым, як жывуць людзі», лічыць Цапкала.

«Гэта дыстанцыяваньне ад інтарэсаў нашых людзей знаходзіць праяву ў такіх брыдкіх формах. І гэтыя гідкія спосабы, да якіх зьвяртаецца ўлада для таго, каб зьняславіць сваіх канкурэнтаў, а потым іх і зьняць з перадвыбарчай кампаніі, гэтыя ўсе брудныя метады, якія мы бачылі ў гэтай кампаніі, гэтая ўлада прадэманстравала беларускаму народу», — заявіў палітык.

«Думаю, што беларускі народ яшчэ мае магчымасьць і шанец паказаць, што ён не „народзец“, што мы не недачалавекі», — перакананы Цапкала.

Паводле яго, пасьля рашэньня ЦВК у прэзыдэнцкай кампаніі застаюцца «нейкія спойлеры».

«Я вельмі спадзяюся, што ў іх хопіць мужнасьці прыняць рашэньне ў адпаведнасьці з воляй беларускага народу, а калі ёсьць пры гэтым неабходнасьць, то і зьняць свае кандыдатуры. Я вельмі ў гэта веру. Але я таксама хацеў бы бачыць, што беларусы па-ранейшаму будуць праяўляць актыўнасьць, па-ранейшаму будуць выстройваць „ланцугі салідарнасьці“, па-ранейшаму будуць дэманстраваць і беларускаму грамадзтву, і ўсяму сьвету, што беларускі народ мае яшчэ жыцьцёвыя сілы, каб супрацьстаяць таму рэжыму, які лічыць, што мае права трымаць беларускі народ на каленях і цалкам ігнараваць яго волю, жыць за яго кошт і будаваць свой дабрабыт, лічачы беларусаў толькі абстрактнымі адзінкамі, якія павінны проста плаціць падаткі для таго, каб можна было пабудаваць сабе больш палацаў, рэзыдэнцый, каб можна было сабе зрабіць яшчэ што-небудзь такое, чаго ён яшчэ не прыдумаў: можа быць, купіць сабе які-небудзь самалёт круцейшы амэрыканскага прэзыдэнта, а можа быць, яшчэ і купіць сабе якую-небудзь калекцыю аўтамабіляў, на якіх ён будзе „расьсякаць“ па гарадах, адгароджваючы нас ад сябе», — заявіў Цапкала.

Свой выступ ён завяршыў словамі: «Давайце возьмемся за рукі, сябры, каб не прапасьці па адным».

Раней Цапкала паведаміў, што будзе абскарджваць рашэньне ЦВК аб яго нерэгістрацыі ў Вярхоўным судзе, аднак не спадзяецца на станоўчы зыход.

Увечары 14 ліпеня ў Менску і іншых гарадах прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту супраць нерэгістрацыі Цапкала і Бабарыкі кандыдатамі ў прэзыдэнты. Паводле зьвестак праваабаронцаў, сілавікі затрымалі ня менш за 250 чалавек.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG