Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам трэба мільён скаргаў». Штаб Бабарыкі заклікаў беларусаў падаваць скаргі ў ЦВК


Прадстаўнікі Віктара Бабарыкі Максім Знак (зьлева), Марыя Калесьнікава і Ільля Салей пасьля паседжаньня ЦВК, 14 ліпеня 2020 году
Прадстаўнікі Віктара Бабарыкі Максім Знак (зьлева), Марыя Калесьнікава і Ільля Салей пасьля паседжаньня ЦВК, 14 ліпеня 2020 году

У штабе экс-старшыні «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі заявілі, што падрыхтавалі скаргу на парушэньне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах і ўжо падалі яе ў ЦВК.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

У скарзе патрабуюць

  • адмяніць рашэньне ЦВК і зарэгістраваць Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі,
  • зьмяніць меру стрыманьня Віктару і Эдуарду Бабарыкам, Сяргею Ціханоўскаму і іншым палітвязьням.

У штабе зьвярнуліся да ўсіх неабыякавых грамадзян Беларусі з заклікам спампаваць гэтую скаргу на сайце штабу Віктара Бабарыкі, раздрукаваць і таксама падаць яе ў ЦВК. Скаргу можна падаць асабіста або даслаць па пошце на адрас ЦВК: Менск, вул. Савецкая, 11, 220010.

«Нам патрэбныя сумленныя выбары і нам патрэбен мільён скаргаў», — заявілі ў штабе.

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі правяла 14 ліпеня паседжаньне, на якім разглядала рэгістрацыю кандыдатаў у прэзыдэнты. Чальцы камісіі адзінагалосна прагаласавалі за рэгістрацыю кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня і гэтак жа адзінагалосна выказаліся за нерэгістрацыю Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.

Ярмошына прапанавала адмовіць Бабарыку ў рэгістрацыі ў сувязі зь неадпаведнасьцю дэклярацыі фактычным даходам і ўдзелу замежнай арганізацыі ў ягонай кампаніі. Цапкалу старшыня ЦВК прапанавала не рэгістраваць праз подпісы і недакладныя зьвесткі з дэклярацыі жонкі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG