Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Грамадзянін не падпарадкаваўся». Менская міліцыя пра затрыманьне карэспандэнта Свабоды


Журналіст Свабоды Антон Трафімовіч пасьля затрыманьня

У ГУУС Менгарвыканкаму пракамэнтавалі затрыманьне і зьбіцьцё карэспандэнта Свабоды Антона Трафімовіча, які 15 ліпеня вёў жывы рэпартаж ад будынка Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Пры затрыманьні Антону Трафімовічу зламалі нос; пасьля вызваленьня ён зьвярнуўся па мэдычную дапамогу, яму наклалі чатыры швы.

Афіцыйная прадстаўніца ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч сказала Свабодзе, што Антон Трафімовіч «аказаў непадпарадкаваньне».

«Грамадзянін аказаў непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі. У рамках адміністрацыйнага працэсу ён быў затрыманы і дастаўлены для разбору ў Заводзкі РУУС гораду Менску. Цялесныя пашкоджаньні, пра якія паведамляе малады чалавек, былі атрыманыя ім падчас непадпарадкаваньня. Па факце атрыманьня цялесных пашкоджаньняў матэрыял накіраваны ў падразьдзяленьне Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь для правядзеньня праверкі і дачы прававой ацэнкі», — сказала афіцыйная прадстаўніца ГУУС Менгарвыканкаму.

Антон Трафімовіч сказаў, што ніякага непадпарадкаваньня супрацоўнікам міліцыі ён не чыніў.

«Ніхто не прадстаўляўся, проста падбеглі людзі ў цывільным, схапілі за рукі, выцялі па галаве, не сказаўшы, за што мяне цягнуць. Я не супраціўляўся. Я нават ня меў магчымасьці супраціўляцца, бо іх было чацьвёра, хто мяне цягнуў. Гэта было праз 10-15 хвілін пасьля стрыму. Тое, што гэта былі супрацоўнікі міліцыі, я даведаўся толькі тады, калі мяне прывезьлі ў РУУС», — сказаў журналіст.

Антон Трафімовіч сьцьвярджае, што ніякага разбору ў Заводзкім РУУС не было.

«Нас там ніхто не апытваў, праз гадзіну нас выпусьцілі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG